З прыходам сапраўднага цяпла пачынаецца не толькі сезон палявых работ і агародных спраў, але і перыяд актыўнасці кляшчоў. Пагадзіцеся, тэма актуальная:

Каб нашы чытачы былі падрыхтаваны да сезона, карэспандэнт “ПН” звярнулася  да спецыяліста раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі і да ветэрынарнага ўрача.

Прафілактыка – эфектыўны спосаб абароны.

Па словах інструктара-валеолоага Петрыкаўскага ЦГЭ Таццяны Шчучэнкі, асноўная небяспека кляшчоў звязана з іх здольнасцю выступаць пераносчыкамі ўзбуджальнікаў інфекцыйных захворванняў. Сярод найбольш значных – клешчавы энцэфаліт і хвароба Лайма (барэліёз).

– Інкубацыйны перыяд вар’іруе ў залежнасці ад тыпу інфекцыі і можа складаць ад некалькіх дзён да некалькіх тыдняў. Аднак затым з’яўляюцца прыкметы інтаксікацыі: павышэнне тэмпературы, слабасць, галаўны боль, ламота ў мышцах. Пры хваробе Лайма характэрным сімптомам з’яўляецца пачырваненне скуры вакол укусу, якое паступова павялічваецца ў памерах, – адзначыла Таццяна Аляксандраўна.

Выдаленне кляшча павінна праводзіцца з захаваннем асептычных умоў, пераважна ў медыцынскай установе, з наступным лабараторным даследаваннем паразіта пры неабходнасці.

Прафілактыка застаецца самым эфектыўным спосабам абароны. Пры наведванні травяністай мясцовасці рэкамендуецца насіць закрытае адзенне, выкарыстоўваць рэпеленты і рэгулярна аглядаць цела. Галаўны ўбор – абавязкова.

Інструктар-валеолаг нагадвае: дасведчанасць, асцярожнасць і прафілактыка дазваляюць істотна знізіць рызыкі і захаваць бяспеку нават у перыяд іх максімальнай актыўнасці.

Парада ад ветэрынарнага ўрача

Не менш важная праблема – абарона хатніх жывёл. Уладальнікі сабак, якія актыўна гуляюць у парках, лясных масівах і нават на гарадскіх газонах, павінны быць асабліва пільнымі. Клешчы пераносяць такія захворванні, як піраплазмоз (бабезіёз), які без своечасовага лячэння можа прывесці да гібелі жывёлы.

– Ужо ў студзені-лютым 2026 года ў Беларусі зарэгістраваны першыя выпадкі ўкусаў,  а асноўны пік актыўнасці чакаецца ў маі-чэрвені. Што такое піраплазмоз? Давайце разбярэмся разам.

Піраплазмоз – крывяпара-зітарная хвароба. Узбуджальнікі – малюсенькія паразіты, якія жывуць у слінных залозах кляшча. Пры ўкусе яны трапляюць у кроў сабакі, пранікаюць у чырвоныя крывяныя клеткі (эрытрацыты) і руйнуюць іх. Арганізм атручваецца прадуктамі жыццядзейнасці паразітаў, развіваецца моцная анемія і інтаксікацыя. Першыя прыкметы звычайна з’яўляюцца на 2-7 суткі пасля ўкусу, але часам пазней – да двух тыдняў. Вось галоўныя сімптомы: сабака стала млявай, апатычнай, адмаўляецца ад ежы; тэмпература цела паднімаецца да 40-42 ° C; дзясны, вочы, язык бляднеюць або жоўкнуць, – звяртае ўвагу Вераніка Міцкевіч, ветэрынарны ўрач Петрыкаўскай раённай ветстанцыі.

– Калі вы заўважылі адну-дзве з гэтых прыкмет – не прамаруджвайце ні дня! Тэрмінова вязіце гадаванца да ветэрынарнага ўрача. Без своечасовага лячэння хвароба часта заканчваецца гібеллю жывёлы.

Па словах Веранікі Мікалаеўны вакцына, якая поўнасцю абараняла б ад піраплазмозу, пакуль няма. Таму лепшая абарона – рэгулярныя прафілактычныя апрацоўка ад кляшчоў.

Рэкамендацыі жыхарам Петрыкаўшчыны: кроплі на карку (Адвантыкс, Франтлайн, Інспектар, Барс і іншыя) – наносяцца раз у 3-4 тыдні. Таблеткі (Ветланер, Бравекта, Сімпарыка, Нексгард) – дзейнічаюць ад 1 да 3 месяцаў.

Акарыцыдныя нашыйнікі (Кілтыкс, Форэста) – зручныя для працяглага нашэння.  Спрэі – добрыя як дадатковая абарона перад прагулкай у лес або на полі.

Марыя ТАМКО.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о