“Вынаходлівыя” гараджане ператварылі ўваход у падвальнае памяшканне аднаго з інтэрнатаў райцэнтра ў свайго роду кантэйнер для смецця.
Так, лесвіца, а разам з ёй і ўваход у падвал інтэрната па вуліцы Каралёва загрувашчаны мяшкамі з побытавым смеццем, якія псуюць не толькі знешні выгляд, а і паветра. Да таго ж не варта забываць і пра захаванне бяспекі: уваход у службовыя і падсобныя памяшканні на выпадак надзвычайных сітуацый, кантрольных і надзорных мерапрыемстваў павінен быць заўсёды забяспечаны.

Факт знаходжання смецця ў гэтым месцы не адзінкавы – неаднаразова імправізаваная сметніца трапляла ў поле зроку нашых карэспандэнтаў. Работнікі жыллёва-камунальнай службы наводзілі парадак, аднак праз пэўны час сітуацыя паўтаралася. Вядома, утрыманне ў належным санітарным стане грамадскіх месцаў і месцаў агульнага карыстання, дваровых і прыдамавых тэрыторый шматпавярховак знаходзіцца ў зоне прафесійнай адказнасці работнікаў райжылкамгасу. Аднак, пагадзіцеся, у нашых дварах не будзе належнага парадку пры такім стаўленні да працы іншых і да асабістага выканання элементарных нормаў паводзін у пытанні збору смецця.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о