Днямі старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Макарэвіч сустрэўся з насельніцтвам Камаровіцкага сельскага Савета. Тэма сустрэчы – “Жыллёва-камунальная гаспадарка: перспектывы развіцця”.

У час выступлення Сяргей Аляксандравіч акцэнтаваў увагу на тым, што жыллёва-камунальная гаспадарка найбольш блізкая людзям сфера, паколькі ўключае большасць бакоў нашага паўсядзённага жыцця: якасная пітная вада, цяпло ў доме, рамонт пад’ездаў, своечасовы вываз смецця, азеляненне населеных пунктаў.
– У Беларусі развіццё ЖКГ накіравана на забеспячэнне павышэння камфортнасці пражывання і бяспекі грамадзян, эканамічнай эфектыўнасці, аказання насель-ніцтву жыллёва-камунальных паслуг, – канстатаваў прадстаўнік улады. – Сфера ЖКГ традыцыйна знаходзіцца на асаблівым кантролі Кіраўніка дзяржавы.
Сяргей Аляксандравіч прывёў у прыклад выказванне Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі на нара-дзе па пытаннях функцыяніравання ЖКГ 5 красавіка 2022 года: “Асноўным крытэрыем эфектыўнасці працы нашай камунальнай гаспадаркі з’яўляецца ацэнка з боку радавога спажыўца. Мы ўсе разумеем, што паслугі ЖКГ – аснова якасці жыцця людзей. Калі ў кватэры ў чалавека цеплыня, у кране добрая вада, у пад’ездзе і ў двары парадак, то і словы на ваш адрас будуць толькі станоўчыя”.
Па словах выступаючага, кожны чалавек аддае перавагу ўтульным і камфортным умовам пражывання. Прадастаўленне такіх умоў ляжыць на жыллёва-эксплуатацыйных службах, у чые непасрэдныя абавязкі ўваходзіць утрыманне жылфонду. У Беларусі праводзіцца адзіная палітыка адносна эксплуатацыі жыллёвага фонду незалежна ад форм уласнасці арганізацый ЖКГ.
– Вынікам правядзення паслядоўнай палітыкі ў галіне эксплуатацыі жыллёвага фонду з’яўляецца вельмі нізкая плошча старых і аварыйных жылых дамоў (не перавышае 0,1% ад агульнай плошчы жылля). Больш за тое, штогод павялічваюцца аб’ёмы ўводу жылля пасля капітальнага рамонту ў мэтах паляпшэння эксплуатацыйных паказчыкаў жылфонду.
З 2010 па 2021 год аб’ёмы ўводу жылля пасля капітальнага рамонту павялічыліся больш як у 2 разы (з 1,4 да 3,4 мільёнаў квадратных метраў), што дало магчымасць давесці ўдзельны ўзровень капрамонту ў 2021 годзе да 2,8 % ад абслугоўваемай плошчы.
Падрабязна спыніўся прадстаўнік улады на дзяржаўных праграмах, якія рэалізуюцца ў нашай краіне:
– Напрыклад, падпраграма “Чыстая вада” ў рамках Дзяржаўнай праграмы “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе” на 2021-2025 гады. За 2021 год пабудавана 201 станцыя абезжалезвання вады, у планах да 2025 года – 800, перападключана 12 населеных пунктаў да цэнтралізаванай сістэмы водазабеспячэння з вадой пітной якасці, у планах да 2025 года – 100.
Што да цеплазабеспячэння, то спікер агучыў наступныя даныя: гараджане кампенсуюць толькі каля 20% выдаткаў на спажываемую цеплавую энергію, астатнія 80% пакрываюцца бюджэтам. Так, за 1 гігакалорыю насельніцтва плаціць па тарыфе 21,75 рубля (агульны тарыф на сённяшні дзень), у той час як сабекошт 1 гігакалорыі складае 118,95 рубля. Астатняе даплачвае дзяржава.
– Характэрна, што ў Беларусі курс на энергазберажэнне ажыццяўляецца не за кошт забарон і памяншэння падачы цяпла (як зараз адбываецца ў Еўропе), а пры дапамозе значна больш разумных і эфектыўных мер.
На гэтым сустрэча з насельніцтвам не скончылася. Старшыня раённага Савета дэпутатаў падрабязна абмеркаваў з грамадзянамі гэтага населенага пункта пытанні эксплуатацыі жыллёвага фонду, абслугоўванне дарог, якасць пітной вады, забеспячэнне насельніцтва палівам, вываз буйнагабарытнага будаўнічага смецця насельніцтвам, рамонт некаторых жылых дамоў. Частку агучаных пытанняў Сяргей Макарэвіч паставіў на кантроль.
Таксама старшыня раённага Савета дэпутатаў правёў дадатковую сустрэчу з насельніцтвам Навасёлкаўскага сельсавета. У час гутаркі былі агучаны пытанні, якія датычацца грэйдзіравання дарог, навядзення парадку на сельскагаспадарчых палетках, прылеглых да населеных пунктаў, вывазу буйнагабарытнага будаўнічага смецця, аказання паслуг электрыка насельніцтву, рамонту асвятлення ў пад’ездах жылых дамоў, эксплуатацыі жыллёвага фонда на тэрыторыі сельсавета.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о