Аб’яднаныя памылкай

0
368

Напрыканцы мінулага тыдня ў гарадскім пасёлку Капаткевічы прайшло пася-джэнне назіральнай камісіі пры Петрыкаўскім выканаўчым камітэце.

Пасяджэнне было арганізавана сельвыканкамам і зацікаўленымі структурамі раённай улады: адміністрацыяй райвыканкама, сацыяльнымі службамі і органамі ўнутраных спраў. На мерапрыемстве былі разгледжаны 13 асабовых спраў людзей, што знаходзяцца на розных відах уліку. У кожнага з іх свая жыццёвая гісторыя, але аб’ядноўвае іх, па сутнасці, адна ці некалькі памылак.

Што тычыцца збіральнага партрэта наведвальніка назіральнай камісіі, то скласці яго не так ужо і проста. Адзінае, што можна адзначыць: узрост пераважнай большасці запрошаных людзей даволі малады, так бы мовіць, самы росквіт – да 40 гадоў.
У першым выпадку неабдуманы крок прымусіў задумацца над сваімі неабачлівымі паводзінамі і стаць на шлях выпраўлення. Так сталася з маладым чалавекам, які трапіў у поле зроку дзяржаўта-інспекцыі, калі знаходзіўся за рулём у нецвярозым стане. Сітуацыя, на вялікі жаль, нярэдкая, ды і наступствы вядомыя. Пасля пазбаўлення права кіравання і пастаноўкі пад нагляд высветлілася, што афіцыйнага працоўнага стажу, як і працоўнай кніжкі, мужчына не мае. Вадзіцелем ужо не ўладкуешся, але нічога не зробіш, варта шукаць месца і выпраўляць жыццёвую памылку. Падобныя гісторыі мы пачулі і ад іншых асоб: нехта трапіў пад нагляд камісіі па нявыплачаных аліментах, іншы здзейсніў крадзёж на працы, трэці быў вядомы суседзям як скандаліст, што прыехаў з заробкаў з грашыма, пачаў выпіваць і сварыцца з блізкімі. Гэта, вядома, не поўны спіс такіх гісторый, але сэнс кожнай, здаецца зразумелым.

У шэрагу іншых сітуацый камісія бачыць паляпшэнні, але не выключае, так бы мовіць, рэцыдыў. Вось, напрыклад, грамадзянка, якая здзейсніла злачынства, атрымала судзімасць, але не была накіравана ў месцы пазбаўлення волі. Злоўжывала спіртным, а дома – непаўналетнія дзеці. Здаецца і мае жаданне ўладкавацца ў мясцовую гаспадарку, але не вельмі спяшаецца – заўсёды знаходзяцца нейкія “перашкоды”. Пры гэтым, адзначацца на ўліку таксама час не заўсёды знаходзіць.

Вось і атрымліваецца, што жанчына амаль у грудзі сябе б’е, кажа, што дзеці – самае каштоўнае ў яе жыцці, што разумее: яшчэ адзін неабачлівы крок і забяруць малых. Але на пытанне: “што канкрэтна зроблена?” – нічога адказаць не здольная. У адрас такіх жыхароў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Мікалай Семяніцкі даў зразумець: ліміт даверу з боку дзяржавы амаль вычарпаны. Трапіць у ЛПП у такіх сітуацыях куды лягчэй, чым даказаць свой намер стаць на шлях выпраўлення.

Але самым здзіўляючым быў іншы сюжэт: мужчына, што пражыў, мяркуючы па выглядзе, большую частку свайго жыцця (няхай Бог адмерыць яму доўгі век) дэманстраваў выключную абыякавасць. Як высветлілася, з працай грамадзянін не сябруе, нешматлікія працоўныя адносіны мелі заканчэнне, як кажуць, не паспеўшы пачацца. Маўляў, не сыходжуся характарам з кіраўнікамі і калегамі. Спадар адбыў арышт, злоўжывае спіртным, але ў накіраванні на лячэнне адмаўляе, бо ўпэўнены, што алкаголь яго жыццю не перашкаджае. Адказаць на пытанне “з чаго жывеце?”, мужчына не можа, ці не лічыць неабходным прысвячаць “чужых” яму людзей у сваё фінансавае жыццё. Перспектыва накіравання ў месцы абмежавання волі па прычыне тунеядства яго не пужае: “Там таксама людзі жывуць – і накормяць, і апрануць”. У гэты ж час сельвыканкам падбірае варыянты, куды пасяліць земляка, бо хата, дзе ён зараз жыве, мае праблемы з дахам. Пачуўшы гутарку камісіі пра пошук жылля, мужчына пакінуў сваю абыякавасць і зазначыў: “Мне яшчэ трэба пагля-дзець на ўмовы! Што вы там зможаце прапанаваць?..”. У адказ на гэтую рэпліку выконваючая абавязкі старшыні Капаткевіцкага сельвыканкама Святлана Сіняковіч зазначыла: “Паважаны, вам трэба засцерагчыся, каб страха на галаву не абвалілася, а вы яшчэ “глядзець варыянты збіраецеся”, нібы на рынку нерухомасці…”.

Вось так і пражыў “паважаны” жыццё: ні сям’і, ні дома, ні працы, ні ўдзячнасці ад навакольных. Застаўся толькі гонар, вось толькі чым ганарыцца?..

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о