Страхавы агент: “Я іду да людзей з дабром”

0
777

У любога чалавека ёсць патрэба ў бяспецы, а ў крызісныя перыяды яна становіцца асабліва значнай. Сцвярджаць, што беларускі народ адказна падыходзіць да страхавання свайго жыцця і маёмасці, пакуль рана, але паляпшэнні ёсць. Пра поспехі страхавання мы пагаварылі са спецыялістам гэтай вобласці, жанчынай, якая пераканала жыхароў свайго ўчастка, што мець падушку бяспекі – гэта не капрыз, а вострая неабходнасць.

Страхавы агент: “Я іду да людзей з дабром”

Лілія Крэс пачала з таго, што ў сферу страхавання прыйшла па шчаслівай выпадковасці. Аднойчы пазнаёмілася з жанчынай, якая працавала ў “Стравіце”, і тая расказала падрабязна пра сваю дзейнасць.
– Яшчэ ў юнацтве я глядзела на страхавальнікаў і пра сябе адзначала: гэта не мая прафесія. Вечна ў пошуку, нешта здабываюць. Але як толькі па рэкамендацыі сяброўкі я паспрабавала, мяне ўжо было не спыніць! – канстатавала Лілія Іванаўна. – Цяпер адчуваю сябе ў прафесіі, як рыба ў вадзе. Падабаецца мець зносіны з людзьмі, усе кліенты ўжо сталі роднымі. Бывае, тэлефануюць, пытаюцца ці збіраюся я ў іх бок, просяць купіць лекі, напрыклад.
Наша гераіня родам з Муляраўкі, школу скончыла ў Смятанічах, а затым выйшла замуж. Першы час працавала касірам.
– Якім чынам Вы папулярызуеце паслугі Белдзяржстраху?
– Удакладню, што наша кампанія нікога не пераконвае, і тым больш не прымушае страхавацца. Як правіла, такі прынцып працы толькі адштурхне людзей ад страхавання. Задача – растлумачыць усе моманты і дэталі працэсу страхавання. Я ў прафесіі толькі тры гады, з іх 2 – у “Белдзяржстраху”. За гэты перыяд, сутыкнуўшыся з рознымі сітуацыямі, магу сказаць адназначна: калі ідзеш да людзей з дабром, шчырасцю, то ўсё атрымаецца. У нашыя абавязкі ўваходзіць дапамагчы чалавеку, а не нашкодзіць.
– Як людзі прымаюць рашэнне застрахавацца? Што імі рухае? Гэта страх невядомасці ці жаданне падрыхтавацца да ўсяго?
– У мяне ёсць кліентка, якая застрахавала ўсё! Аднойчы ўлетку прыйшла да мяне яшчэ з адной просьбай: застрахаваць ад укусу кляшча. Я адказала: “Ну, Іванаўна, якая верагоднасць, што вас укусіць клешч?” Яна: “Як толькі я застрахавала сваіх дзяцей, яны перасталі траўміраваць рукі і ногі, таму пасля страхоўкі дакладна ведаю: нічога дрэннага не здарыцца!”
– У чым выгода чалавеку?
– Давайце я прывяду прыклад, так будзе лягчэй растлумачыць. Гэтым летам на тэрыторыі краіны, у тым ліку і нашага раёна, прайшоўся ўраган, які нанёс вялікія страты многім грамадзянам. І вось на адной з вуліц, дзе я адказная, пацярпелі ўсе дамы, і толькі адзін з іх не быў застрахаваны. Уявіце, што адчуваў гаспадар, калі сусе-дзям выплацілі сродкі на рамонт, а яму не. Чалавек паглядзеў, што сістэма працуе, пераканаўся: ніякага падману няма, прыйшоў і застрахаваўся.
– Ці правільнае сцвярджэнне, што ў нашым раёне на рынку страхавання кліенты пакуль больш зацікаўлены ў абароне маёмасці, чым здароўя або жыцця?
– Калісьці сапраўды было так, што ў працэнтных суадносінах людзі больш страхавалі маёмасць. Сёння сітуацыя змянілася, але зноў жа, відаў страхавання мноства, трэба заўсёды звяртаць увагу на нюансы.
– Якія населеныя пункты абслугоўваеце?
– Цяпер Колкаўскі і Чалюшчавіцкі сельскія Саветы і частку Петрыкава. Магу ганарыцца, што на некаторых участках 70% насельніцтва застрахавана.
– Як мяняюцца страхавыя паслугі сёння і распрацоўваюцца новыя, цікавыя для спажыўцоў прадукты?
– Наша кампанія заўсёды ўлічвае патрабаванні часу, у тым ліку змяненне клімату, эканомікі і іншага. Напрыклад, з гэтага года пачала дзейнічаць паслуга “Назапашвальнае страхаванне дадатковай пенсіі” (пра гэта мы падрабязна пісалі ў № 76 ад 21 верасня).
Сваім калегам з нагоды прафесійнага свята наша гераіня пажадала поспехаў, здароўя, паразумення! І, вядома ж, адсутнасці страхавых выпадкаў!

Наталля ПЕТРУШЭНКА. Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о