“Царыца палёў” апаноўвае палеткі

0
765

Большасць гаспадарак раёна ўжо скончылі сяўбу кукурузы, да завяршэння, па стане на 25 мая, яна падыходзіць у СУП “Палессе-Аграінвест”, КСУП “Чалюшчавічы” і ААТ “Навасёлкі”. У апошнюю гаспадарку мы і завіталі з рэпартажам.

“Царыца палёў” апаноўвае палеткі
Аграном ААТ «Навасёлкі» Андрэй Сокал

Аграном сельгаспрадпрыемства Андрэй Сокал адзначыў, што тэрмін сяўбы складаецца з улікам стану глебы. “Вядома, “адсеяцца” можна было б і раней, але на пэўных участках палеткаў захоўвалася высокая вільгаць. Кажучы мовай механізатараў, туды, з-за вады, наўпрост было не ўлезці”.

“Царыца палёў” апаноўвае палеткі

Увогуле ў гаспадарцы пад кукурузу адведзена 1,5 тысячы гектараў. Дзве траціны гэтай плошчы – для кукурузы на зялёную масу і яшчэ 500 гектараў – на зерне. На гэтым участку работ задзейнічана 6 чалавек: двое на ўзворванні глебы, двое на дыскаванні і яшчэ двое на сяўбе. Акрамя гэтага на палетках шчыруюць яшчэ і спецыялісты, што падвозяць насенне да агрэгатаў.

“Царыца палёў” апаноўвае палеткі

За дзень у зямлю ўносіцца зерня на плошчу каля 50-ці гектараў. Гэта прыкладна 1,5 тоны насення ў дзень, ці чатыры-пяць загрузак.

На падрыхтоўцы глебы бліз вёскі Рэкорд шчыруе Іван Ляшук. Яго “Беларус-3522”, каб цягнуць “Дыскапак-6”, “абуты” двайнымі коламі: “А інакш ніяк, у нізінных месцах наўпрост можна загрузнуць”, – з усмешкай адказвае суразмоўца, вопыту якому не займаць: у аграрнай галіне механізатар працуе два дзясяткі гадоў.

“Царыца палёў” апаноўвае палеткі
Іван Ляшук пазіруе на фоне свайго “Беларуса-3522”

Іван Іванавіч дыскуе каля 35-ці – 40-ка гектараў глебы на дзень. Дзень пачынаецца а 6-й гадзіне раніцы, з паловы сёмай пачынаецца падрыхтоўка тэхнікі, потым – у поле. Пакуль светлавы дзень дазваляе вяртацца дадому адносна рана, у палову восьмай вечара. Далей, працоўны дзень стане больш доўгім, але трактарыст, наадварот, адчувае пэўную ўзнёсласць: “Будзем старацца! Лепей працаваць у полі, чым прамаруджваць каштоўны час палявых работ на мехдвары ў чаканні, пакуль пройдзе непагадзь. Таму асноўныя нашыя спадзяванні зараз на добрае надвор’е, бо работы хапае – наперадзе трамбоўка сіласных ям і нарыхтоўка кармоў”.

У сям’і Івана Ляшука двое дзетак. Разам з жонкай Марынай яны гадуюць дачку Вікторыю, што звязала сваё жыццё з швейна-парыкмахерскай справай і дзевяцікласніка Максіма, што мае намер паступаць у гэтым годзе ў Акцябрскі дзяржаўны каледж і пайсці па прафесійнай сцяжыне ў след за бацькам.

“Царыца палёў” апаноўвае палеткі
Іван Іванавіч адзначае: «Лепей працаваць у полі, чым прамаруджваць каштоўны час палявых работ на мехдвары ў чаканні, пакуль пройдзе непагадзь».

Мы ў сваю чаргу жадаем нашым аграрыям надзейнасці ў працы тэхнікі, добрых метэаралагічных умоў і кажам дзякуй нашым хлебаробам.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о