Здзейсненая мара пра неба, азмрочаная вайной

0
446

Гэты аповед пра нашага земляка, якому воляю лёсу было наканавана нялёгкае жыццё, але на старонкі газеты Георгій Бухтарэвіч так і не трапіў. Успамінаў, па-сапраўднаму цікавых і драматычных, мужчыне хапіла б на кнігу. Дык якая ж яна, жыццёвая сцяжына звычайнага вясковага хлопчыка з Петрыкаўшчыны, што стаў ваенным лётчыкам і зведаў неба афганскай вайны?

Нарадзіўся Георгій у 1957 годзе ў вёсцы Хвойня. Але ў хуткім часе сям’я пераехала ў Лучыцы. Маці хлопчыка прайшла працоўны шлях ад памочніка бухгалтара да галоўнага эканаміста ў розных гаспадарках Петрыкаўскага раёна. Бацька шчыраваў спачатку ў лясной галіне, а потым – у сельгасхіміі і за высокія паказчыкі быў узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”. Вядома, прыклад бацькоў унушыў хлопчыку каштоўнасць працы і адказнасці.

Пасля заканчэння Лучыцкай школы юнак паступіў у Светлагорскі індустрыяльны тэхнікум для атрымання будаўнічай спецыяльнасці. Правучыўся два гады, быў прызваны на тэрміновую службу ў Савецкую армію. Вучэбка праходзіла ў ваенным гарадку Печы, служба – у Чэхаславакіі. Пасля дэмабілізацыі Георгій Бухтарэвіч вярнуўся ў навучальную ўстанову. Нягледзячы на паспяховую вучобу, малады чалавек усвядоміў, што прызванне яго – неба, а не будаўніцтва. Ні слова не сказаўшы бацькам, ён даслаў дакументы ў Стаўрапольскае вышэйшае ваеннае вучылішча лётчыкаў і штурманаў.

Здзейсненая мара пра неба, азмрочаная вайной

Праз пэўны час прыйшоў выклік на ўступныя экзамены. Георгій прайшоў грунтоўную медкамісію і паехаў за дзве тысячы кіламетраў ад роднай вёскі. Усе думкі былі толькі пра паступленне, бо гэта быў адзіны шанец – з-за ўзроставага цэнзу ў 23 гады, больш магчымасці стаць лётчыкам не выпадала.

На іспыце па матэматыцы з 6 пытанняў Георгій ведаў адказы на 5. Калі надышоў час шостага задання, юнак вырашыў, што лепей падзяліцца сваімі думкамі адносна рашэння задачы, чым адзначыць, што ён не ведае дакладнага адказу. Палкоўнік, які прымаў іспыт, падышоў да акна і паглядаючы на вуліцу сказаў: “Лётчык будзе”, – і гэтыя словы адкрылі перад маладым чалавекам новы этап жыцця. Неўзабаве ў родныя Лучыцы прыйшла тэлеграма са словамі: “Дадому не чакайце, я курсант!”.

У час навучання Георгій годна спраўляўся з усімі цяжкасцямі курсанцкага жыцця, годна бараніў гонар вучылішча на спартыўных спаборніцтвах, заслужыў аўтарытэт сярод аднакашнікаў. Яшчэ да заканчэння навучальнай установы мужчына ажаніўся, а ў 1982-м – годзе заканчэння вучылішча, у сям’і Бухтарэвічаў нарадзіўся першынец Сяргей, а маладога лётчыка-знішчальніка накіравалі на службу ў Адэскую ваенную акругу – горад Арцыз.

У той час працягвалася вайна ў Афганістане. Лётчыкаў палка, у якім служыў наш зямляк, пачалі перавучваць са знішчальніка на штурмавік Су-25. Навучанне праводзілася адразу на баявых самалётах, бо вучэбных версій машыны на той момант яшчэ не распрацавалі.

Двойчы Георгій накіроўваўся на вайну, служба ў Афганістане працягвалася з 1985-га па 1987-мы гады. Менавіта на гэты час прыпадалі самыя небяспечныя часы для авіяцыі, бо з 1986-га года праціўнік атрымаў перасоўны зенітна-ракетны комплекс “Стынгер”, ад якога савецкія самалёты наўпрост не былі абароненыя. У той час душманы распачалі сапраўднае паляванне: за знішчэнне савецкага лётчыка было прадугледжана шчырае грашовае ўзнагароджанне, прыкладна такое ж, як за галаву генерала.

У час другой камандзіроўкі Георгій Анатольевіч прыбыў у Афганістан, каб узначаліць начное штурмавое звяно, замест загінуўшага камандзіра. Трэба заўважыць, што лётчыкаў, здольных выконваць баявыя задачы ў цёмны час сутак у горнай мясцовасці, было вельмі мала, бо для гэтага патрабаваліся асаблівыя глыбокія веды, выдатныя навыкі і багаты досвед.

Гэта быў май 1987-га года. У ходзе аперацыі ў раёне населенага пункта Аліхейм, завязаўся бой 345-га дэсантнага палка за вяршыню 2629 з арабскім батальёнам наймітаў Абу-Абейда, з якога потым была сфарміравана Аль-Кайда. Камандзір варожага падраздзялення быў забіты, яго намеснікам, па дадзеных радыётэхнічнай разведкі, быў Усама бэн Ладэн. Дэсантная рота трапіла ў акружэнне, на дапамогу была выклікана авіяцыя.

На выкананне гэтай задачы былі адпраўлены лепшыя лётчыкі – вядучы капітан Бухтарэвіч і кіраваны Вячаслаў Федчанка. Складанасць задачы была ў тым, што паміж нашымі рабятамі і ворагам была адлегласць кідка гранаты, з-за чаго існавала істотная верагоднасць ударыць не толькі па праціўніку, але і па сваіх. Але іншага выйсця, каб выратаваць таварышаў, не было.

Як і належала, лётчыкі трапілі ў цэль з ювелірнай дакладнасцю, знішчыўшы асноўныя сілы ворага і не зачапіўшы нікога са сваіх. Па дакладах разведкі, было ліквідавана больш за 130 наймітаў, што абумовіла выхад з акружэння разведвальнай роты 345 дэсантнага палка.

Нягледзячы на пагрозу жыццю ў час вайны, былі і чалавечыя радасці ў жыцці героя: 3 верасня таго ж года нарадзіўся другі сын, якога бацькі назвалі Яўгенам.
Ужо 9 верасня капітан Бухтарэвіч бліскуча выканаў чарговую баявую задачу: пры правядзенні аперацыі “Сцежка” знішчыў дзве банды праціўніка колькасцю больш за дзве сотні чалавек, якія рыхтаваліся да нападзення на калоны нашых войскаў.

Увогуле, Георгій Анатольевіч здзейсніў у небе Афганістана каля чатырохсот баявых вылетаў, больш за сотню з іх – у цёмны час сутак і ўсё гэта ў гарах на малых вышынях. Дзякуючы прафесіяналізму лётчыка было выратавана шмат жыццяў нашых воінаў. Нямала прабоін пакінуў душманскі свінец на яго машыне, прыходзілася і гарэць, і садзіць самалёт пасля патраплення ракет ПЗРК.

За мужнасць і гераізм, праяўленыя пры выкананні воінскага абавязку, наш зямляк быў узнагароджаны двума ордэнамі Баявога Чырвонага Сцягу, ордэнам “За Службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР” 3-й ступені, іншымі ўзнагародамі, прадстаўляўся да звання Героя Савецкага Саюза. Варта адзначыць, што з больш за паўмільёна савецкіх воінаў, якія прайшлі Афганскую вайну, другім ордэнам Баявога Чырвонага Сцягу было ўзнагароджана толькі 12 чалавек і з іх – толькі адзін лётчык.

Пасля Афганістана Георгій Бухтарэвіч служыў у ГДР практычна да самага вываду Савецкіх войскаў. Здавалася б, перад афіцэрам, які гераічна ваяваў, быў адкрыты прамы шлях для бліскучай ваеннай кар’еры. Але неўзабаве пачаўся развал краіны. Пасля распаду Савецкага Саюза Георгій Анатольевіч застаўся на Радзіме і служыў у 206-й штурмавой авіяцыйнай базе, што ў горадзе Ліда. Гэта былі складаныя часы як для краіны, так і для ваеннай авіяцыі, што знаходзілася тады ў глыбокім заняпадзе. У 1997 годзе мужчына выйшаў на пенсію па выслузе гадоў.

Але наш герой, як ніхто іншы, зведаў шчасце чалавечага лёсу. Спазнаўшы вайну, дзе смерць хадзіла па слядах лётчыка, застаўшыся цэлым, выхаваўшы двух сыноў і стаўшы дзядулем трох унукаў, Георгій Анатольевіч ведае, якім дарагім коштам захоўваецца мірнае неба над галавою.

Галіна ЗАНКЕВІЧ,
навуковы супрацоўнік Петрыкаўскага гісторыка-краязнаўчага музея.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о