Здаровае харчаванне выгадна і для прадаўцоў, і для пакупнікоў

0
137

Ці часта мы задумваемся, колькі цукру ў дзень спажываем? Пра сябе скажу наступнае: дома ў чыстым выглядзе цукру няма, яго я не дадаю ні ў гарбату, ні ў каву, ні ў выпечку, ні ў якія-небудзь іншыя прадукты. Аднак не-не, ды і вып’еш кубачак гарачага напою з цукеркай-другой у час абе-дзеннага перапынку. Выключыць цукар або цукрозу ў сваім жыцці не ўдаецца нікому, ды і няма ў гэтым неабходнасці. Больш за тое, гэта нават шкодна, але ёсць пэўныя аналагічнасці.

Многія вучоныя свету б’юць трывогу: чалавецтва за апошнія дзесяцігоддзі ў разы павялічыла ўжыванне цукру. Ды і што далёка хадзіць. Давайце проста паглядзім на састаў прадуктаў, якія мы купляем у краме. Днямі я накіравалася ў мясцовы супермаркет. Так, цукар ёсць амаль ва ўсіх прыправах: у кансервах, хлебабулачных вырабах, сырах, малочнай прадукцыі, сасісках, салатах. Вось так неўзаметку мы ўжываем цукар і часам нават пра гэта не задумваемся.

Звярнулася я з пытаннем, у якія стравы не дадаюць цукар, у мясцовыя ўстановы. Так, у кафэ “Рэлакс” мне адказалі, што кожнаму жадаючаму паабедаць паведамяць, ці ёсць у талерцы цукар. І нават лёгка яго прыбяруць, як і маянэз ці іншы інгрэдыент, калі раптам у чалавека алергія. У рэстаране адзначылі, што ў іх ёсць салат і боршч са свежай капусты з дабаўленнем цукру. Аднак пералік страў без цукру таксама дастаткова шырокі і разнастайны. Прапануе і варыянт мясцовая кулінарыя. Адзінае, што не заўсёды салат без цукру маецца ў наяўнасці.

Сітуацыю з правільным харчаваннем пракаментавала дзяўчына з цукровым дыябетам: “Дыябетыку важна ведаць хлебныя адзінкі, у 1 хлебнай адзінцы 10-12 грамаў вугляводаў. Гэта значыць, важна ведаць “грамоўку”» стравы і састаў. Дыябетык, які ведае, у якім прадукце колькі вугляводаў на 100 грам, можа абраць сабе прыдатную страву. У ідэале ў меню павінны быць пазначаны калорыі, бялкі, тлушчы і вугляводы. Многія сталічныя ўстановы паказваюць, што спрашчае задачу”.

Пацвярджае той факт, што салодкае шкодзіць здароўю, мой урач стаматолаг, які ў прафесіі мае вялікі досвед. І вось яго выказванне: “Калі параўнаць якасць зубоў у дзяцей дзесяць гадоў таму і сёння, дык апошнія значна праігрываюць. Не лепшая сітуацыя з падлеткамі і дарослымі. Празмернае спажыванне цукру пры недастатковым спажыванні кальцыя, вітамінаў і мінералаў пачынае разбураць зубы знутры. І калі на гародніну, жытні хлеб ці, напрыклад, мяса, бактэрыі не рэагуюць, то менавіта цукар запускае працэс утварэння арганічнай кіслаты”.

І вось падыходжу паволі да высновы свайго артыкула. Я, ды і шматлікія мае знаёмыя дзяўчыны, жадаюць доўгі час заставацца стройнымі, прыгожымі і, галоўнае, здаровымі. А гэта значыць, трэба прытрымліваецца пэўнага харчавання, а яшчэ весці актыўны лад жыцця. Альтэрнатыва больш-менш у нашым горадзе ёсць. Аднак мне не хапае разнастайнасці.

У той жа кулінарыі, дзе часта купляю салаты, ажно на двух паліцах размяшчаецца ежа, прыгатаваная на алеі. Тоўстыя піражкі з капустай і павідлам, катлеты, філе курыцы з маянэзам, сасіскі ў цесце. А вось проста адваранага мяса або прыгатаванага на пары той жа курыцы няма. У Еўраопце цэлыя вітрыны з салодкімі батончыкамі, а стэлажу з прадуктамі з серыі карыснага харчавання не існуе, але ў вялікіх гарадах ёсць. Асабіста бачыла, купляла. І якой папулярнасцю карыстаецца гэтая прадукцыя: мука без глютена, псіліум, урбеч, алей гхі, насенне чыа і многае іншае.

Петрыкаў – горад сучасны, ужо з’явіліся і боксы з кавай без прадаўцоў. Значыць, і да здаровага харчавання недалёка. Засталося спадзявацца, што прадаўцы паклапоцяцца пра пакупнікоў, тым больш, што гэта выгадна для абодвух бакоў.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о