Ад фашыстаў вёску Кашэвічы вызвалілі воіны 130-й стралковай дывізіі 24 ліпеня 1944 года. Ва ўрочышчы Застарынне прызямліўся падбіты нямецкі самалёт, у палон трапілі два лётчыкі.

Пачалося для сяльчан мірнае жыццё з голадам, хваробамі, галечай, нястачай. Населены пункт, які быў спалены гітлераўцамі 2 жніўня 1941 года, напаўняўся людзьмі, ажываў: хто вяртаўся з лясных куранёў, а хто і з другіх вёсак, дзе знайшоў часовы прытулак у дні ліхалецця. Будаваліся зямлянкі, сякія-такія хаціны. Пачаў працаваць сельскі Савет, пошта. У калгас “Пралетарый”, які аднавіў работу, неўзабаве прывезлі чатыры парасяці. На водшыбе чыйсці невялічкі хлевушок застаўся, не згарэў – туды іх і змясцілі.

А з 1 верасня 1944 года пасля трохгадовага прыпынку дзеці пайшлі ў школу. І мой старэйшы брат стаў вучнем. Спачатку вучыліся ў хатах вёскі Яўсеевічы (зараз Кашэвічы). Не было падручнікаў, алоўкаў, сшыткаў, ручак, чарнілы рабілі з альховых шышак. Са станцыі “Рабкор” Акцябрскага раёна старшыня калгаса Ігнат Вырвіч прынёс нямецкія папяровыя мяшкі. Некалькі аддаў і ў школу. Чытанкай у пачатковых класах была …раённая газета. Хоць і выпісвалі яе грамадскія арганізацыі, але чыталі многія сяльчане. Газета пераходзіла з рук у рукі. Тады і вучні рыхтавалі ўрокі па яе артыкулах. Да Пятра Зізюка, сын якога хадзіў у другі клас, неяк пад вечар завітаў сусед Міхаіл Сахоўскі. Гэта быў заядлы курэц. Убачыўшы на стале газету, ён неўзабаве адарваў ладны ад яе кавалак і зрабіў самакрутку. А вечарам толькі Лёня заўважыў гэта. Доўга заліваўся слязьмі хлапчук. Дзядзька Міша скурыў яго ўрок. Гэта быў “адзіны падручнік” у другім класе па чытанні.
Ішоў час і мы, нарэшце, выпісалі раёнку. Старэйшы брат Вася здаў металалом. Маці была і супраць, але ўжо нічога не зробіш. На той час навучыўся чытаць і я. З вялікім задавальненнем чакаў чарговы нумар. Як-ніяк, а часам з’яўляліся артыкулы і пра людзей маёй роднай вёскі. Гэта так было цікава для падлетка. А калі ўжо пра школу што было напісана – абмяркоўвалі ўсе вучні. Радыё ж тады ў нас не было яшчэ, а пра “электрычнасць” ніхто і не думаў.
Прыемна адзначыць, што мая першая нататка была надрукавана ў раёнцы 65 гадоў таму назад. Пісаў я пра дзяўчыну, якая пасля заканчэння Кашэвіцкай сямігодкі пайшла працаваць на жывёлагадоўчую ферму даяркай. Гэта мяне натхніла і я з таго часу і па сённяшні дзень займаюся гэтай справай. Ніколі сувязі з раёнкай не парываў. Больш за ўсё пішу лірычныя абразкі, навелы, эцюды, замалёўкі аб прыродзе. Тым самым раблю ўсё магчымае, каб прывіць любоў у людзей да ўсяго добрага, што акружае нас. Мае замалёўкі друкаваліся ў калектыўных зборніках “Жыві, мая крыніца”, “Рачныя напевы”, “Галасы Палесся”, а ўжо на старонках газеты – і не злічыць.

У 1998 годзе ў выдавецтве “Ураджай” выйшла кніга “Флейтавыя гукі”, дзе я стараўся адкрыць чытачам некаторыя таямніцы гэтых гукаў, пазнаёміць з незвычайнымі з’явамі ў жыцці жывёл і раслін. Доўгі час вёў у раёнцы рубрыку “Зямное рэха”.

З нагоды юбілею хочацца пажадаць газеце не губляць твар, мець больш чытачоў, актыўных аўтараў. У гэтым складаным і супярэчлівым жыцці змагацца за праўду і справядлівасць, абараняць на старонках газеты несправядліва зняважаных. Сучаснаму калектыву супрацоўнікаў, я думаю, гэта ўсё пад сілу.
Са з’яўленнем новых рубрык газета свяжэе, становіцца маладой, вабіць да сябе чытача.

Я заўсёды з нецярплівасцю чакаю новы нумар газеты. Ці ж не цікава даведацца пра навіны раёна, прачытаць знаёмыя прозвішчы! Газета заўсёды ў пошуку новых падыходаў да сучаснасці, рэчаіснасці. Трэба сказаць, што на старонках рэгулярна друкуюцца артыкулы пра людзей працы, узнімаюцца праблемы сельскай гаспадаркі, гандлю, спорту, школьнага жыцця і гэтак далей.
Ёсць часам у газеце пэўныя агрэхі і пралікі, але гэта не перашкаджае з павагай адносіцца да яе.

Шчыра ўдзячны газеце, што на сваіх старонках знаходзіць месца маім нататкам аб прыродзе, якая надта ўжо ранімая.
А ўвогуле, люблю я раёнку такую, якая яна ёсць, таму і пішу ў яе з ахвотай.
Віншую калектыў супрацоўнікаў раённай газеты “Петрыкаўскія навіны” з надыходзячым юбілеем. Жадаю баявітасці, журналісцкай вытрымкі, шчаслівага лёсу і моцнага здароўя.

Заўсёды ваш чытач,
Уладзімір Пугач.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о