Нам – 90! Многа гэта ці мала – цяжка сказаць адназначна. Калі вымяраць жыццём чалавека – зайздросны лёс, шчодра адмерана. А як для газеты, то пры пачэсным узросце яшчэ і шмат перспектыў наперадзе.

Дзень за днём! Заўсёды!

За 90-гадовую гісторыю раёнкі выйшла 10117 нумароў! Колькі ж людзей прачыталі нашу газету за гэтыя гады! Не тое што злічыць, а і ўявіць цяжка!
Дзевяноста гадоў у няспынным канструктыўным дыялогу з вамі, нашы паважаныя чытачы – што можа быць лепей для газеты і яе супрацоўнікаў?
За гэты час на старонках раёнкі адлюстравана ўся гісторыя Петрыкаўшчыны.
За дзевяць дзесяцігоддзяў мянялася многае: назва, рэдактары, супрацоўнікі…, але нязменным заставалася адно – газета была і ёсць летапіс раёна, які распавядае пра яе людзей, пра дасягненні і праблемы, святы і працоўныя будні.
І сёння наш працоўны калектыў і былыя супрацоўнікі маюць права з гонарам азірнуцца на прой-дзены шлях, які не быў прамым і лёгкім.

Старонкі гісторыі

Гісторыя нашай “раёнкі” пачалася 1 мая 1931 года.
Яна нарадзілася ў год першай пяцігодкі, аднаўлення і абнаўлення прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Менавіта тады пабачыў свет першы нумар раённай газеты “Калгаснік Петрыкаўшчыны”. На сваіх старонках газета бічавала гультаёў, дармаедаў, разумна ўскрывала ўсе недахопы, якія перашкаджалі будаўніцтву новага жыцця.
27 ліпеня 1941 года фашысцкія захопнікі акупіравалі наш раён. Раённая газета, на той час яна атрымала назву “Сталінская праўда”, са сваімі супрацоўнікамі пераехала ў рэдакцыю абласной газеты “Бальшавік Палесся” ў горад Мазыр, дзе і працягвала працаваць. Экземпляры газеты пры дапамозе партызан атрада Варгаўчыка нелегальна перапраўляліся непасрэдна ў акупіраваны Петрыкаў. У ліпені 1943 на тэрыторыі Капаткевіцкага раёна ў трох кіламетрах ад вёскі Клясаў “Сталінская праўда” ўзнавіла сваю работу ў падполлі. Рэдактарам стаў супрацоўнік абласной падпольнай газеты “Бальшавік Палесся” Аляксей Кузьміч Курапаценка, былы настаўнік Капцэвіцкай сярэдняй школы. Рэдакцыі “Сталінскай праўды” ў сувязі з канспірацыяй даводзілася часта мяняць месца работы. Яна друкавалася ў вёсках Праходы, Буда, Старына. Апошняе месца яе работы было каля не існуючай цяпер чыгункі Старушкі-Рабкор.
У пасляваенны час раёнка выходзіла пад назвай “Сцяг Кастрычніка”, а рэдакцыю ўзначальваў Уладзімір Басак. Пасля вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў газета асноўную ўвагу надавала аднаўленню разбуранай вайной народнай гаспадаркі. Амаль у кожным яе нумары распавядалася аб працоўных по-дзвігах землякоў. З сакавіка 1963 года газета стала называцца “За новыя рубяжы”, а з 1996 года, у час рэдактарства Івана Самахвалава, мы сталі “Петрыкаўскімі навінамі”.
Мінуў час перабудовы, і вось ужо “раёнка” піша пра нараджэнне і станаўленне суверэннай Беларусі. Усё гэта захоўваюць падшыўкі газеты “За новыя рубяжы”. Гартаючы пажоўклыя ад часу старонкі, становішся часткай 90-гадовай гісторыі, нябачна сутыкаешся з тымі, хто рабіў гісторыю краіны і роднай Петрыкаўшчыны, пранікаешся гонарам за землякоў, іх справы і здзяйсненні. Архіў газеты – наша неацэнная спадчына.

“Петрыкаўскія навіны” – гэта старонкі нашага часу!

І праз 90 гадоў газета па-ранейшаму імкнецца жыць справамі і клопатамі жыхароў раёна.
У юбілей хочацца сказаць добрыя словы на адрас усіх тых, чыё жыццё было цесна звязана з гісторыяй і дзейнасцю нашай газеты. Гэта, перш за ўсё, супрацоўнікі рэдакцыі і пазаштатныя аўтары. Кожны з вас, безумоўна, пакінуў добры след у гісторыі газеты.
Раённая газета сёння – гэта гісторыя ў газетных радках лю-дзей, чыё друкаванае слова мае ўплыў на погляды і меркаванні землякоў, чые артыкулы зразумелыя, надзённыя і блізкія па духу, якіх аб’ядноўвае ўзаемапавага і давер чытачоў.
Сучаснае пакаленне карэспандэнтаў раёнкі робіць усё, каб сённяшні дзень таксама годна увайшоў у гісторыю раёна. Я ўдзячна свайму калектыву – прафесійнаму, творчаму, працаздольнаму, адказнаму. Перажываю, калі здымкі ў друкаванай версіі згубілі выразнасць, атрымаліся няякаснымі, ці калі здараюцца недакладнасці і памылкі. Але, як вядома, не памыляецца толькі той, хто нічога не робіць.
Дзякуй і вам, нашы паважаныя чытачы, за тое, што дасылаеце свае гісторыі, апавяданні і віншаванні. За тое, што многія з вас не адно дзесяцігоддзе застаюцца вернымі сябрамі нашай газеты.
Увогуле, юбілей газеты – гэта, канешне ж, не толькі свята работнікаў рэдакцыі, гэта і ваша свята таксама.
Прыемна, што ў час аператыўнай даступнасці інфармацыі вы трымаецеся звычкі чакаць і чытаць раёнку. Шчыры дзякуй вам за гэта, наш спагадлівы чытач. А яшчэ мы дзякуем вам за давер і падтрымку, за неабыякавасць і адваротную сувязь, за канструктыўную крытыку і дзейсныя парады.
Ведайце: мы працуем і стараемся для вас, каб падаць вам, нашы чытачы, якасны і цікавы кантэнт, разнастаіць рэчаіснасць.
І сёння, у дзевяносты дзень нараджэння нашай газеты, мы гаворым шчыры дзякуй усім – разам мы робім агульную справу.
Дзень за днём! Заўсёды!

Галіна КАЗАК.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о