Напярэдадні 90-гадовага юбілею нашай газеты, які прыпадае на 1 мая, мы распачалі серыю публікацый пра людзей, лёс якіх цесна звязаны з “Петрыкаўскімі навінамі”.
Першым героем юбілейнай рубрыкі “Маё жыццё – мая раёнка” стаў былы рэдактар газеты Іван Самахвалаў, другім – Петр Шадура, ну а наступнымі героямі нашых публікацый сталі карэспандэнты, у тым ліку пазаштатныя. Сёння наш артыкул прысвечаны Надзеі Траяноўскай, бухгалтару са стрыжнем, якую мы часцяком далікатна называем “наша Мікалаеўна”.

А Мікалаеўна, без жартаў, – сапраўдны бос, бо, калі скласці агульны працоўны стаж працы ў рэдакцыі нашых карэспандэнтаў, то гэтага стажу не хопіць, каб перакрыць стаж нашай гераіні.

Мікалаеўна пайшла працаваць бухгалтарам амаль што адразу пасля заканчэння сярэдняй школы.

“Наша Мікалаеўна”– Мая стрыечная сястра, Галіна Мазанько, працавала галоўным бухгалтарам у Петрыкаўскай друкарні, я да яе прыходзіла ў госці. І часам даводзілася дапамагаць. Так я паглыбілася ў асаблівасці прафесіі. Ды і ў школе ў мяне ўсё добра было з матэматыкай. Пасля школы вырашыла паступіць у Пінскі тэхнікум – не выйшла. Засталася жыць у сваякоў у Пінску і працаваць у гаркапторгу бухгалтарам. Потым паступі-ла ўжо ў Гомельскі тэхнікум на завочнае навучанне. І вырашыла вярнуцца ў родны Петрыкаў. Уладкавалася працаваць у рэдакцыю па той жа спецыяльнасці. Мяне сустрэў выдатны калектыў.

Па словах Надзеі Мікалаеўны, сваё жыццё без “раёнкі” яна не ўяўляе, бо працуе тут без малога 46 гадоў.
– Заўсёды жартую, што рэдакцыя мне і работу дала, і замуж мяне выдала, і дапамагла дзяцей выгадаваць.
Цяпер Надзея Мікалаеўна з настальгіяй узгадвае тыя часы, калі работа ў рэдакцыі была куды складаней, але значна цікавей.

– Па-першае, у нас не было інтэрнэту. Гэта ў значнай ступені ўскладняла працу бухгалтара. Па-другое, мы ўсе дакументы рыхтавалі на друкарцы, а гэта патрабавала асаблівай акуратнасці.
За час працы Мікалаеўна паспела папрацаваць з чатырма рэдактарамі – Мікалем Тарасенка, Іванам Самахвалым, Пётром Шадурай і Галінай Казак. Дзякуй тым, хто даў мне пуцёўку ў жыццё – Эцця Шыфман, Валянціна Кебец, Людміла Белафост, Валянціна Каленік, Мікалай Кіб, Галіна Берднік.

– Вядома, у кожнага начальніка свой падыход, свае патрабаванні, свая канцэпцыя працы. Ці былі складаныя часы? У бухгалтара галоўнае, каб дэбіт з крэдытам сышліся! Розныя гісторыі былі, але мы з калектывам заўсёды працавалі шчыра, сумленна, падтрымлівалі адзін аднаго, бо ведалі, што робім агульную справу.

Памятаю, якое ўражанне на мяне пакінуў першы мой рэдактар. У рэдакцыі пераапранаў зімовы абутак на туфлі, вучыў пакідаць усе свае беды дома, а на працы трымаць твар. “Вы пераступілі парог установы, будзьце добрыя выконваць свае абавязкі, а праблемы пакіньце дома!” – казаў ён.

Мы ведалі, калі ў яго непрыемнасці, але выгляду ён ніколі не падаваў. Заўсёды з усмешкай. Такі вось быў чалавек. Многаму ў яго навучылася.
…Бывае, захварэе журналіст, на зверку матэрыялаў мяне саджалі. І нічога не зробіш – адкладваеш сваю работу, садзішся і дапамагаеш.

Яшчэ вельмі любілі суботнікі (тады яны яшчэ былі па суботах). А пасля – ля вогнішча з песнямі. То спявалі, то вершы чыталі, то анекдоты расказвалі. У нас больш часу вольнага было, мусіць. Гэта зараз усе спяшаюцца дадому, да тэлевізара ці камп’ютара, ды і каранавірус – не збярэшся таксама. А тады ўсе імкнуліся больш часу правесці на паветры.
З асаблівым трапятаннем Мікалаеўна расказвае пра маладосць:
– Вядома, маладосць прайшла ярка, з танцамі, вечарынамі. У кожнага ж была вялікая гаспадарка, за дзень зробіш усе справы і ўвечары бягом на танцы.
А танчыць Мікалаеўна любіла…

– Вальс, полька, танга. У гарадскім парку кожны дзень, апроч панядзелка, збіралася ўся моладзь. Добры вясёлы час. На танцы ездзіла і да бабулі ў Ляскавічы, там таксама была, кажучы сучаснай мовай, “свая тусоўка”. З мужам Пятром Сцяпанавічам таксама пазнаёмілася на танцах. Доўга сябравалі, а пасля пяці гадоў знаёмства ажаніліся.
Мікалаеўна дадае, што вырасла ў звычайнай працавітай сям’і.

– Бацька – вадзіцель, маці – санітарка. У мяне яшчэ было трое братоў, іх ужо не стала. Маці ўсяму навучыла мяне: гатаваць ежу, прыбірацца, весці гаспадарку.
Надзея Мікалаеўна сёлета адзначае юбілей (па этыкету мы не будзем агучваць цыфру). Калі судзіць па колькасці энергіі, то ў жанчыны гэту лічбу можна смела дзяліць на два. Надзея Мікалаеўна – шчаслівая жонка, маці, цешча і бабуля, дапамагае даглядаць чатырох унукаў. Падагульняючы сваё жыццё, гераіня адказвае, што яно было насычаным і цікавым.

– Упэўнена, што я на сваім месцы. Прыемна, што з’яўляюся часткай калектыву, бо рэдакцыя – гэта арыгінальны жывы арганізм, з узлётамі і падзеннямі, з крэатыўнымі ідэямі і, бывае, творчым крызісам, але мы заўсёды вырашалі праблемы разам. Спадзяюся, такі фармат работы будзе працягвацца яшчэ доўгія гады.
– З юбілеем, Мікалаеўна, моцнага здароўя вам і вашай сям’і, будзьце шчаслівыя!

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ,
фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о