Напярэдадні 90-гадовага юбілею нашай газеты, які прыпадае на 1 мая, мы распачынаем серыю публікацый пра людзей, лёс якіх цесна звязаны з “Петрыкаўскімі навінамі”. І першы герой юбілейнай рубрыкі “Маё жыццё – мая раёнка” – Іван Дзмітрыевіч Самахвалаў, былы рэдактар газеты, чалавек добра вядомы і паважаны далёка за межамі нашага раёна.

Пра час і пра сябеЖыццё пражыць – не поле перайсці. Народная мудрасць у поўнай меры перадае ўсю сутнасць жыцця чалавека. Нават у самых выключных, таленавітых і запатрабаваных ёсць кола жыццёвых выпрабаванняў, праз якія давялося годна прайсці, каб здзейснілася запаветная мара ці прыйшло ў жыццё нешта такое, пра што і марыць не марыў…

Лёс Івана Дзмітрыевіча – яркі таму доказ. Свой аповед мой герой пачаў з разваг-успамінаў, з сапраўднай навелістычнай гісторыі пра апаленае вайной дзяцінства.
– Калі пачалася вайна, мне было крыху больш за паўтара гады, – пачаў няспешна свой аповед мой субяседнік. – Бацька мой быў ваенным, таму з першых дзён вайны ён быў у войску, а мы з матуляй жылі ў Макарычах, у сям’і яе бацькоў: дзеда Пятра і бабулі Веры. Аднойчы ўскочыла да нас у хату суседка і ў роспачы закрычала: “Ганно, уцякай, ратуйся – немцы ў вёсцы! Бяры хлопца і бяжы!” Маці схапіла нейкую просцілку, закруціла мяне і рынула з хаты, але спазнілася – немцы былі ўжо на нашым падворку. Аднак яна ўсё роўна адчайна кінулася да ракі, немцы ж адкрылі агонь. Адна з выпушчаных куль патрапіла ў мяне, параніўшы нагу. Між іншым, застаўся шрам, які і сёння нагадвае мне пра дзіцячыя гады, што прыпалі на час ваеннага ліхалецця. Аднак у той дзень нам пашчасціла ўратавацца. Пераначавалі мы ў родзічаў, а раніцай, калі прыйшлі дадому, маці пачула ад бацькі яшчэ больш жахлівую вестку:
– Ганно, у мяне тут яшчэ тры дзеўкі, дык ты бяры свайго хлопчыка і ідзі.
– Куды, тато?
– Куды хочаш…
Горкія слёзы лінулі з вачэй матулі. Аднак, на наша шчасце, заступілася бабуля Вера. Нас пакінулі. Нараніцу дзядуля Пятро загадаў усім збірацца. Забралі карову, селі ў лодку і паехалі за раку, на востраў, дзе і знайшлі паратунак на некалькі месяцаў. Дзядуля зрабіў будан, у якім, зашыўшыся, мы палілі вогнішча і хаваліся ад немцаў. Збіралі ў лесе косці жывёл, трушчылі іх малатком і варылі юшку – так і жылі. Мой малодшы брат Валера, які жыве ў Даўгаўпілсе, пра тую нашу зімоўку напісаў аповесць “Волахаўскія кладкі”.

Вось так пачыналася маё жыццё. Як я выжыў, для чаго лёсам было наканавана ўсё гэта – не ведаю…

Вярнуліся дадому ўцекачы, калі немцаў ужо прагналі. Закончылася вайна, у званні капітана прыйшоў з вайны бацька Івана Дзмітрыевіча і пачалася яго служба начальнікам міліцыі спачатку ў Камарыне, затым у Шарашэва, Лельчыцах. Калі пачалася вайна з японцамі, бацьку адкамандзіравалі ў Іркуцк. Пасля зноў сям’я вярнулася ў Лельчыцы, дзе наш герой пайшоў у школу. Вучыцца стараўся, нават калі не ўсё атрымлівалася. Ішоў час, і вось ужо за плячыма школьныя гады. Але не захацеў хлопец нікуды паступаць, бо марыў стаць мараком – вабіла яго водная стыхія. І няхай сабе мора не было, аднак была рака. У 1959 годзе ідзе Іван працаваць на рачны экскаватар ВД-109 матросам 3-га класа.
– Я быў такі шчаслівы! Калі капітан спытаў у мяне:
– Што ўмееш рабіць?
– Усё! – адказаў я.
Тады ён прапанаваў мне з берага прынесці на судна стакілаграмовы якар. Здолеў, бо на час заканчэння школы быў ужо чэмпіёнам Гомельскай вобласці па кіданні кап’я з рэкордам 51 метр. Папрацаваўшы да глыбокай восені, зразумеў, што трэба рухацца некуды далей. Некаторы час давялося быць зваршчыкам, потым слесарам. Але тут паступіла нечаканая, але зманлівая прапанова пайсці настаўнічаць у Конкавічы. Пайшоў. Працуючы ў школе, усвядоміў, што вучыцца трэба. Шмат займаўся самаадукацыяй, многа чытаў. І ўсё ж на першы год не паступіў, але на другі ўсё сышлося. Мне далі чацвёрты клас і я быў такі шчаслівы! З дзецьмі праводзіў шмат часу і пасля ўрокаў: хадзілі ў лес, любіў расказваць ім розныя дзіўныя і неверагодныя гісторыі. Сёння вельмі прыемна ўсведамляць, што любілі і паважалі мяне і вучні, і іх бацькі.
Чым больш працаваў у школе Іван, тым больш яму падабалася, тым больш разумеў, што самаадукацыяй займацца трэба сур’ёзна – стаў вывучаць беларускую мову. Зусім па-іншаму ўжо глядзеў на свет, на сваё ўласнае жыццё. І першыя спробы пяра здарыліся менавіта тут, у Конкавічах, і было яму на той час 26 гадоў. У вёсцы жыло шмат былых партызан, пра іх і пачаў пісаць. Адразу пабегла чутка па сяле: у нас пісьменнік свой з’явіўся.
– Неяк маці мяне спытала: “А ці не хочаш ты, Іване, ужо ажаніцца?” “Хачу” – адказаў я. Так лельчыцкая сяброўка Ніна Сцяпанаўна Гарбанёва стала маёй жонкай. Вельмі добры і душэўны чалавек яна, і мне надзвычай прыемна ўсведамляць, што Ніна Сцяпанаўна мая жонка. Сёння яна жыве ў Барысаве і працуе ўрачом-хірургам. Менавіта калі мы пераехалі ў Барысаў і пачалася сур’ёзная журналістыка: я стаў пісаць пра калгасы, пра розныя тагачасныя падзеі.

Праз некаторы час да мяне завітаў Аляксандр Данілавіч Раманаў з прапановай папрацаваць у “Вожыку”. На той час ужо некалькі маіх допісаў былі апублікаваны ў гэтым часопісе. Між іншым, за 10 гадоў працы ў “Вожыку” я напісаў каля 600 фельетонаў.

І зноў дазволю сабе невялічкую навелу. Аднойчы мне пазванілі і сказалі, што ў адну з дальніх вёсак прыйшлі зубры, і тут жа прагучала прапанова: “А ці не хочаш ты, Самахвалаў, пра іх напісаць?” Адказ мой зноў быў: ”Канешне хачу!” З фатографам мы паехалі ў тую вёску. Дзе шукаць тых зуброў? Прыйшлі на ферму, спыталі пра гэта ў жанчыны, якая карміла кароў, а тая і гаворыць: “Глядзіце”. Прынесла жанчына вядро ежы для іх, пастукала і пачала клікаць: “Бычок, бычок, бычок!” Мы сталі ўглядацца. І тут сапраўды з лесу выходзяць зубраняты, зубрыца і сам гаспадар. Мой фатограф, адчайны чалавек, чамусьці вырашыў, што можа вось так проста іх сфатаграфаваць. Я збоку назіраю: зубр напінаецца, вочы блішчаць і ён на хуткасці рынуў на фатографа – той ледзь паспеў ускочыць на плот. Зубр жа, ні на каго не зважаючы, адштурхнуў у бок зубрыцу і прыпаў да вядра з ежай. Рэпартаж мы, зразумела, зрабілі, але і страху нацярпеліся, і навуку атрымалі. Пасля даведаліся, што зуброў тых вайскоўцы пастралялі…
Здарылася за некаторыя фельетоны (“Вінаваты ёрш”, “Рагулі пад градусам”) атрымліваць і вымову ЦК. Малады быў, адчайны, у маіх фельетонах, не зважаючы на рангі і пасады, выкрываліся злабадзённыя факты. У хуткім часе пасля гэтых падзей мне давялося змяніць месца працы – я стаў супрацоўнікам “Гомельскай праўды”. Аднак “вожыкаўскія звычкі” не дазволілі мне затрымацца тут надоўга. Вярнуўся я на малую радзіму.
У 1989 годзе Мікалай Іванавіч Тарасенка, тагачасны рэдактар петрыкаўскай раёнкі, прапанаваў: “Бярыся за рэдактарскую справу”. Успамінаючы той час, адчуваю душэўную цеплыню: з такімі добрымі людзьмі мне пашчасціла працаваць – Мікалай Кіб, Валянціна Кебец, Валянціна Каленік.

Яшчэ хачу адзначыць, што калі ў маё жыццё прыйшла раёнка, а праз некаторы час і пасада рэдактара, я ў поўнай меры адчуў творчую і прафесійную асалоду ад таго, што здолеў адшукаць, падтрымаць і натхніць на актыўную літаратурную творчасць сваіх таленавітых землякоў.

Менавіта ў кагорце талентаў, сярод аднадумцаў узнікла і была рэалізавана ідэя выдання літаратурнага зборніка “Рачныя напевы”. З вялікай удзячнасцю за сумесныя творчыя праекты па сённяшні час успамінаю Уладзіміра Ліцвіна, Віталія Новака, Ірыну Моліну, Маргарыту Жарабцову, Антаніну Рыбалка, Ніну Ачапоўскую.
Маю з дзясятак песень у суаўтарстве з Георгіем Кебцам, у ліку якіх і гімн Петрыкава. Удзячны Міхаілу Будзюхіну, дабрэйшай душы быў чалавек і вельмі таленавіты музыкант.
Што да ўласна маіх творчых пераваг, то тут, канешне ж, будуць фельетоны і байкі (у аўтарскім выкананні гучаць байкі “Шашаль” і “Споведзь”). Калі гаварыць пра героя маіх твораў, то асоба Мікалая Чалага часта выклікала ўва мне жаданне пісаць (у аўтарскім выкананні гучыць верш “Крок у бессмяротнасць”).

За гэты час я зразумеў галоўнае: чалавек, у якога багата за душой – багата і напіша.

Напярэдадні такога значнага юбілею, хачу пажадаць калектыву і чытачам раёнкі цікавых тэм. Менавіта на старонках раённай газеты захоўваецца і ствараецца наша агульная гісторыя. Карэспандэнтам раю не губляць пільнасці і ўважлівасці да лёсаў людскіх, бо менавіта чалавек-працаўнік рухае кола жыцця.
З юбілеем цябе, мая раёнка!

Галіна КАЗАК.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о