Творчасць дваццаці гомельскіх літаратараў – членаў Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” – прадстаўлена ў сумесным выданні Саюза пісьменнікаў Украіны і Міжнароднага саюза пісьменнікаў і дзеячаў мастацтва. Зборнік паэзіі і прозы атрымаў назву «ТечіЯ».

Старонкі гэтай кнігі сапраўды нагадваюць няспешнае цячэнне ракі. Спачатку чытач знаёміцца з украінскай, пасля – расійскай хвалямі, а потым  “акунаецца” у вялікую беларускую плынь паэзіі і прозы. Як зазначае укладальнік зборніка Анатоль Міроненка (кіраўнік Саюза пісьменнікаў Украіны, першы сакратар Міжнароднага Саюза пісьменнікаў і майстроў мастацтва), зроблена гэта дзеля таго, “…щоб впадати разом в бурхливий океан життя”.

У зборнік увайшлі творы больш сямідзесяці аўтараў, якія пішуць на сваіх родных мовах. І кожная сустрэча на старонках «Течіі» – гэта рух насустрач невядомаму, знаёмства з уласным творчым “Я” пісьменнікаў трох краін. Чытачам, напрыклад, будзе цікава сустрэцца з цудоўнай паэзіяй Уладзіміра Нарбута, Юрыя Збітнева (раптоўна пайшоў з жыцця  у пачатку бягучага красавіка – заўв. аўт.), Уладзіміра Сарочкіна, Ізяслава Катлярова і іншых творцаў, імёны якіх добра вядомы ў нашых краінах.

– Як толькі пазнаёмішся з першым “украінскім ручайком” і паціху павандруеш па вершаванай і празаічнай стыхіях, адразу зразумееш, што цячэнне пачуццяў, эмоцый, спадзяванняў, мараў, натхнення, расчаравання ў нас такое блізкае, такое роднае… Яно, па-сутнасці, у нас адно. І мы, зразумела, застанемся назаўжды самымі блізкімі славянскімі народамі, што б ні рабілі асобныя недальнабачныя палітыкі, якія больш “пазіраюць” у бок Захаду, – адзначыў празаік, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Уладзімір Гаўрыловіч.

Дарэчы, беларускі пісьменнік цалкам згоды з украінскім калегам і сябрам Беларусі паэтам Анатолем Міроненкам. Аналізуючы новае выданне, у якім шырока прадстаўлены творы пісьменнікаў-гамяльчан, ён падкрэсліў: “Нам, славянскім творцам трэба заўжды трымацца разам, як гэта было на працягу стагоддзяў. Раз’яднанне ніколі нікому не прыносіла карысці. Паэты заклікаюць у сваіх творах нашы народы вельмі беражліва, з павагай ставіцца адзін да аднаго, мацаваць дружбу між славянамі…”

Так, «ТечіЯ» – яркі прыклад творчага разумення і супрацоўніцтва літаратараў. Разам з новым трохмоўным міжнародным альманахам “Літара. Литера. Ліцера”, які выходзіць з 2019 года ў Гомелі, гэтыя выданні будуць шырока прэзентаваны чытачу на міжнародным фестывалі-свяце “Славянскія літаратурныя дажынкі-2021”, што пройдзе на Гомельшчыне ў верасні.

 

Мікалай ІГНАТОВІЧ

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о