18 мая грамадскасць адзначала Міжнародны дзень музейнага работніка. І хоць фактычная дата прафесійнага свята прайшла, некаторыя ўстановы культуры чакаюць наплыў наведвальнікаў менавіта на выхадных і ладзяць асноўныя мерапрыемствы пачынаючы менавіта з ночы пятніцы. Таму зараз часцей за ўсё можна сустрэць афішу “Ноч музеяў”. Што тычыцца нас, то мы завіталі якраз на музейны вечар. Нагода была цікавая – да берагоў Прыпяці ў вёсцы Навасёлкі прычаліў круізны цеплаход “Белая Русь”.

З Масквы, праз Брэст, па Прыпяці да Дзеда Талаша

Пакуль судна швартавалася, а вандроўнікі крочылі да сядзібы Дзеда Талаша, мы пагутарылі са старшым навуковым супрацоўнікам Надзеяй Муратшынай:
– Выстава ўзбагацілася мініяцюрамі вядомага беларускага майстра Барыса Купчынава, які падарыў нам некалькі сваіх твораў пасля персанальнай выставы ў Петрыкаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Прыемна адзначыць, што гэта не адзіны падарунак апошняга часу.
Так, у хатцы, дзе мы прапануем наведвальнікам пазнаёміцца з сялянскім побытам, з’явіўся арыгінальны партрэт Васіля Ісакавіча, што нам прадаставіў вядомы на Петрыкаўшчыне мастак Іван Перарэжка. Менавіта рукамі гэтага майстра ў свой час было створана мастацкае аздабленне музея. Акрамя гэтага экспазіцыя ўзбагацілася коўдрай Дзеда Талаша, што падарыў нам прапраўнук славутага героя-партызана, гамяльчанін Валерый Дрыга.

З Масквы, праз Брэст, па Прыпяці да Дзеда Талаша
У музеі-сядзібе Дзенда Талаша з’явіўся арыгінальны партрэт Васіля Ісакавіча, што прадаставіў установе культуры вядомы на Петрыкаўшчыне мастак Іван Перарэжка

За апошнія гады ў доме Васіля Талаша, дзе знаходзіцца дакументальная экспазіцыя, нам удалося аднавіць пакрыццё падлогі, акрамя гэтага былі заменены два акны, – адзначыла Надзея Іванаўна.
Неўзабаве да музея павольным шпацырам падышло паўтара дзясятка турыстаў. Трое з іх – беларусы, астатнія – грамадзяне Расіі. Большасць з іх – людзі сталага ўзросту, але былі і даволі маладыя вандроўнікі.
Госці, што завіталі ў музей, нягледзячы на шматдзённае падарожжа ад Брэста і мноства экскурсій, з уважлівасцю слухалі Надзею Муратшыну. Жанчыны цікавіліся акалічнасцямі сялянскага жыцця, з захапленнем гля-дзелі на маслабойку і грэбні для часання ільну. Карыстаючыся момантам, я падышоў да сталага мужчыны пацікавіцца, з якой нагоды ў якасці чарговага турыстычнага пункту прызначэння ён вырашыў выбраць беларускае Палессе?

З Масквы, праз Брэст, па Прыпяці да Дзеда Талаша
– Малады чалавек, калі я Вам скажу, што прыгажосцю і цікавасцямі Бліжняга Усходу мяне ўжо не здзівіць, Вы зразумееце адказ на сваё пытанне? Я ўжо багата дзе пабываў, а вось Палессе не бачыў. Надышоў час пазнаёміцца з Прыпяццю і яе шыкоўнай прыродай, – падзяліўся суразмоўца.
Група крочыла да судна. Белы цеплаход велічна ўзвышаўся па-над зялёным берагам каля лесу. На шляху да карабля завязалася гутарка з маладым мужчынам, што здымаў наваколле і экскурсію на экшан-камеру. Ён адзначыў, што, пазнаёміўшыся з суседзямі па каютах, стала відавочна – усе гэтыя людзі, пераважна з Масквы і Санкт-Пецярбургу, шукалі ў прыпяцкім круізе экзотыкі.

З Масквы, праз Брэст, па Прыпяці да Дзеда Талаша– Прынамсі я, аб’ездзіў усю Еўропу. Традыцыйнымі маршрутамі мяне не здзівіць. Нават калі я і не наведаю пэўнае месца, то добра ўяўляю, як яно выглядае і што мне там прапануюць – усё ж вандроўнікі знаёмяцца з істотным аб’ёмам інфармацыі амаль кожны дзень. Хацелася пабываць у рэгіёне, нязведаным для сябе і пераважнай большасці турыстаў, там, дзе яшчэ застаўся традыцыйны лад жыцця.
Што да ўражанняў круізу – мы вельмі задаволеныя. Прыемна здзіўляюць людзі, якія шчыра і ветліва адносяцца да падарожнікаў. Тое ж заўважаецца і ў музейных работнікаў. На працягу ўсяго маршруту экскурсаводы імкнуліся расказаць пра Палессе зразумела і цікава, за што ім шчыра дзякуем. Ведаеце, такая адданасць справе бывае не заўсёды – у іншых краінах, здаралася, з першых хвілін заўважаеш, што гід абыякавы да аўдыторыі. А мне ёсць з чым параўноўваць.

З Масквы, праз Брэст, па Прыпяці да Дзеда ТалашаДа гутаркі далучылася жанчына сярэдняга ўзросту, што дапоўніла папярэдняга суразмоўцу:
– Большасць тураў па вялікіх гарадах – гэта безліч турыстаў, экскурсаводы перакрыкваюць адзін аднаго, цесната, пыл. А тут мне прапануюць сваю каюту, невялікую групу спецыялістаў і неабдымныя рачныя абшары Прыпяці. Выдатная падстава застацца сам-насам з сабою і адпачыць.
Я падзякаваў за адказы і развітаўся з гасцямі Петрыкаўшчыны, што кіравалі свой шлях да Мазыра. Карабель схаваўся за даляглядам, даліна Прыпяці зноў напоўнілася шумам ветру і спевам птушак. Трэба меркаваць, што цішыня наваколля, ветлівасць людзей і шчырасць музейных супрацоўнікаў, што з любоўю распавядаюць пра родны край – і ёсць наша візітная картка.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о