Пэўна, кожны ў сваім жыцці звяртаўся ў аддзяленне пошты і пага-дзіцца з меркаваннем: незалежна ад таго, наколькі часта патрэбна паштовая сувязь чалавеку, але без яе – як без рук.

Працаўнікі паштовай службы адзначылі сваё прафесійнае свята
Стаж работы на пошце начальніка аддзялення Алены Ракіцкай і паштальёна Мугульсым Парфіевіч складае 38 гадоў на дваіх

Асабліва запатрабаваныя паслугі паштальёнаў у сельскай мясцовасці, дзе памяшканне з блакітнай шыльдай “Белпошта” становіцца своеасаблівым цэнтрам жыцця, а яго супрацоўнікі – чаканымі гасцямі ў домаўладаннях людзей паважанага ўзросту. Вяскоўцы аплочваюць камунальныя паслугі, папаўняюць баланс сродкаў мабільнай сувязі, выпісваюць перыядычныя выданні, набываюць харчовыя і прамысловыя тавары, атрымліваюць пасылкі.
Начальнік аддзялення паштовай сувязі аграгарадка Навасёлкі Алена Ракіцкая адзначае:
– Мы надаем шмат увагі рабоце з насельніцтвам, таму і па накірунках нашай дзейнасці маем нядрэнныя вынікі. Паглядзіце на нашых дзяўчат: яны выходзяць з аддзялення з поўнымі важкімі сумкамі перыёдыкі і тавараў, а вяртаюцца з пустымі, у кішэні – новы спіс чарговых заказаў. Найбольш актыўна жыхары аграгарадка і навакольных вёсак выпісваюць “Петрыкаўскія навіны” і “СБ”, папулярнасцю сярод людзей сталага веку карыстаецца выданне “Сябра пенсіянера”.
Што да гандлёвых пазіцый, то попыт, кажучы шчыра, мы вывучылі даўно і добра ведаем густ насельніцтва. Таму і асартымент даволі разнастайны: ад кансерваў і многіх мясных вырабаў, да салодкіх ласункаў. Актыўна купляюць і рэчы прамысловай групы. Увогуле, жыхары прызвычаіліся да зручных набыткаў праз пошту і пры неабходнасці самі тэлефануюць нам і заказваюць неабходныя тавары”, – падзялілася Алена Мікалаеўна.
У час нашай размовы аддзяленне не пуставала: адны кліенты пакідалі залу аддзялення, іншыя прыходзілі, гучна вітаючыся з прысутнымі. Былі і тыя, што разабраўшыся з плацяжамі і пакупкамі, заставаліся ў памяшканні і абмяркоўвалі паміж сабой апошнія навіны. А як інакш – менавіта тут перакрыжоўваюцца сцежкі большасці жыхароў населенага пункта.
– З кліентамі ў нас праблем няма, ды і ўвогуле я лічу, што кемлівы супрацоўнік пошты абавязкова павінен быць, як кажуць, добрым псіхолагам. Мы з першага позірку бачым настрой чалавека, ведаем, як падбадзёрыць. А за добрым словам і гутарка завязваецца, і гандаль ідзе больш шпарка. Чалавеку часам патрэбна звычайная ўвага, а ён у сваю чаргу аддзячыць табе ветлівасцю і павагай, – выказала сваё меркаванне Алена Ракіцкая.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о