Днямі мы завіталі ў КСУП “Запаветы Ільіча” і пацікавіліся, як ідзе сяўба на палетках сяльгаспрадпрыемства.

Яравыя адсеяныя, чарга кукурузы!

На шляху да поля бліз вёскі Міхедавічы, дзе шчыравалі механізатары, дырэктар гаспадаркі Людміла Гарошка адзначыла, што ніякіх перашкод на этапе падрыхтоўкі да сельскагаспадарчага цыклу не ўзнікала.
– З запчасткамі, як і з палівам, у нас праблем не было. Што да кадравага пытання, якое часам паўстае перад некаторымі гаспадаркамі, то і тут у нас усё добра – патрэбы ў трактарыстах і камбайнерах мы не адчуваем. Больш за тое, не магу не заўважыць, што ўсе вадзіцелі сельгастэхнікі ў нас добрыя спецыялісты – кожны выдатна ведае сваю справу!
Усё гэта дазволіла нам своечасова прыступіць да сяўбы і спраўляцца з задачамі згодна графіка, не зважаючы на пэўныя “капрызы” надвор’я, – адзначыла Людміла Мікалаеўна.

Легкавік прыбыў на палетак, даставіўшы механізатарам абед, які гатуюць для працаўнікоў гаспадаркі па дамове кухары Бабуніцкай школы.

Яравыя адсеяныя, чарга кукурузы!
Яўген Макоўскі падрыхтоўвае ў дзень да 45 гектараў пасяўной плошчы

Глебу тут дыскуе агрэгатам “АПД-7-5” на сваім энергаёмістым жалезным кані Яўген Макоўскі. У дзень трактарыст падрыхтоўвае да 45 гектараў пасяўной плошчы. Услед за калегам, па раллі, на “Беларусе 3522” з сеялкай “АПП-6”, рухаецца Мікалай Дубік . Дарэчы, абодва мужчыны знаходзяцца ў спісе лідараў па выкананні сельскагаспадарчых работ сярод аграрыяў Петрыкаўшчыны.

Яравыя адсеяныя, чарга кукурузы!
Мікалай Дубік

Насенне сейбіту падае Аляксандр Палтаран. У дзень мужчына двойчы запаўняе свой агрэгат, ёмістасцю каля чатырох з паловай тон, а гэта 12-ць “заправак” зерня рэзервуара сеялкі.

Яравыя адсеяныя, чарга кукурузы!
Аляксандр Палтаран двойчы на дзень запаўняе свой агрэгат, ёмістасцю каля 4,5 тон
Яравыя адсеяныя, чарга кукурузы!
На дзень адбываецца каля 12-ці “заправак” зерня рэзервуара сеялкі

Ну а следам за тэхнікай крочыць бяссменны “галоўны аграном” беларускіх палёў – бусел. Не тое, што ён надта дапамагае мужчынам, але, як кажуць, паглядзеўшы на птушку, вока радуецца.

Яравыя адсеяныя, чарга кукурузы!

На момант нашага візіту ў гаспадарцы як раз быў апошні дзень сяўбы яравых: палеткі, на плошчы ў 469 гектараў, засявалі аўсом. А зараз аграрыі прыступілі да сяўбы “царыцы палёў” – пад гэтую культуру ў “Запаветах Ільіча” адведзена ажно 2,4 тысячы гектараў.

Яравыя адсеяныя, чарга кукурузы!

Жадаем аграрыям добрага надвор’я і бездакорнай працы тэхнікі. Неўзабаве завітаем да вас на сяўбу кукурузы!

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о