Разбіраючы старыя фотаздымкі Петрыкава, было б не правільна знаёміць вас, паважаныя чытачы, з гісторыяй толькі тых будынкаў, што захаваліся і па сёння. На вялікі жаль, не ўся наша архітэктурная спадчына перажыла складаныя павароты гісторыі.
Адзін з будынкаў, якім мы можам любавацца зараз толькі на фотаздымках, – Свята-Уваскрасенскі храм, на яго месцы сёння знаходзіцца Петрыкаўская спецыяльная школа-інтэрнат.

Будынак у свой час з’яўляўся самым высокім у горадзе. Пасавала велічнай царкве і аздабленне. Так, напрыканцы ХІХ стагоддзя, пасля наведвання Петрыкава, доктар філасофіі, прафесар, дэкан гісторыка-філалагічнага факультэта Кіеўскага ўніверсітэта Святога Уладзіміра, сапраўдны стацкі саветнік Сільвестр Гагоцкі пісаў: “У нихъ [жителей Петрикова – уточнение “ПН”] прекрасная церковь, большая, каменная; такихъ церквей во многихъ городахъ нетъ; была и другая, но сгорела незадолго до моего преізда отъ удара молніи”.

Праз некалькі гадоў прагульваўся тут беларускі этнограф, фалькларыст, член Паўночна-Заходняга аддзелу Рускага геаграфічнага таварыства Ісак Сербаў. Які зрабіў хіба не самы вядомы здымак петрыкаўскай даўніны. Фота Сцяпана Гальца з музычным інструментам на фоне капліцы Васкрасенкай царквы патрапіла ў шмат выданняў, у тым ліку ў Энцыклапедыю “Этнаграфія Беларусі”, да артыкула “Ліра”.

Але эпохі змяняліся хутка. З прыходам савецкай улады набажэнствы забаранілі. У 1929-м годзе царкоўныя званы былі зняты, а памяшканне царквы ператварылі ў клуб. Але і на гэтым ні маральныя, ні матэрыяльныя страты не скончыліся. Узімку паміж 1956-1957 гадамі храм узарвалі. Варта адзначыць, што існуе і іншая датыроўка гэтай сумнай падзеі: некаторыя даведнікі і мясцовыя жыхары пераконваюць, што адбыўся выбух напачатку 60-х гадоў. Наша чытачка і аўтарка Ніна Ачапоўская згадвае: “У той зімовы дзень шмат сабралася людзей непадалёку ад сабора. Тэрыторыя на прылеглых вуліцах была пад аховай міліцыі. Жывы ланцуг аховы быў даволі шчыльны. Людзі стаялі моўчкі”. Захаваўся і здымак, на якім фасад храма спаўзае да зямлі пасля выбуху.

Што мы, звычайныя гараджане, можам зрабіць зараз, калі помніка гісторыі і архітэктуры ўжо не вярнуць. Па-першае, мы павінны захоўваць памяць. Нашыя продкі былі пахрышчаны ў гэтай царкве, вянчаліся і адпраўляліся адсюль у апошні шлях. Таму і мы не павінны забываць гісторыю роднага горада, каб з цягам часу не сталася так, што мясцовы жыхар анічога не варты будзе распавесці сваім сваякам, што прыехалі да яго пагасціць. Каб не склалася ў землякоў уражання, што іншыя населеныя пункты маюць сваю гісторыю і спадчыну, а мы – не.

Арцём ГУСЕЎ,
фота з архіва “ПН”.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о