Днямі адзначыла свой дзень нараджэння паэтка Петрыкаўшчыны Антаніна Рыбалка. Пісаць пра Антаніну Адамаўну мне адначасова проста і складана. Проста – бо больш за дзесяць гадоў знаёма з ёю асабіста. Складана – таму, што ведаю яе не толькі як творчую асобу, а як чалавека духоўна багатага, з вялікай сілай волі і неверагоднай прагай да жыцця. Як перадаць словамі чалавечнасць, пачуццё такту і жаночую мудрасць творцы?

“Хачу адкрыць у звонкім вершы сэрца  і палажыць хоць кропельку душы”
Каб больш дасканала адчуць унутраны свет паэткі, пераглядаю яе зборнікі “Голас душы” і “Вясёлка пачуццяў”. Чытаць яе творы лёгка, зразумела і хвалююча. Тэматыка – разнапланавая. Можна ўбачыць вершы пра непаўторную прыгажосць роднага краю, любоў да Радзімы, пра неўміручы подзвіг савецкага народа ў гады вайны. Камусьці прыйдуцца да спадобы вельмі кранальныя тэмы кахання, жыццё сучаснікаў або жартоўна-сатырычныя творы. У сваіх вершах Антаніна Адамаўна розная: у адных яна мяккая і сціплая, у другіх – адкрытая і поўная адчаю. Хтосьці з вядомых паэтаў дакладна заўважыў: верш павінен быць аплаканы лёсам. Мне падаецца, што менавіта так і ў творчасці нашай зямлячкі. Здаецца, што лірычны герой ўсіх яе твораў – сама паэтка. Эмацыйная гама настолькі розная напэўна таму, што мая гераіня ў поўнай меры спазнала жаночую долю з яе радасцямі і смуткам.
Родам Антаніна Адамаўна з вёскі Смятанічы, гадавалася ў простай сялянскай сям’і. Закончыла мясцовую школу, затым у Бабруйску набыла адукацыю, звязаную з бухгалтарскім улікам, адпрацавала па спецыяльнасці на прадпрыемствах раёна трыццаць чатыры гады.
“Усяго было за пражытыя гады, не пералічыць”, – прызнаецца сама паэтка. Пазнала яна і расчараванне ў жаночым лёсе, але праз гады знайшла сілы, каб пусціць у сваё жыццё новыя адносіны – сапраўдныя і надзейныя. На жаль, каханага і вернага сябра рана забрала хвароба. А жанчына ішла далей сваёй дарогай, спадзяючыся толькі на свае сілы. Годна выхавала і дала пуцёўку ў жыццё двум дачкам, якія знайшлі сябе ў прафесіі педагогаў. Аддала спаўна свой доўг дачкі: была разам з матуляй, якая апошнія шаснаццаць гадоў не магла гаварыць і самастойна рухацца.
Сёння яна шчаслівая маці, бабуля і прабабуля. Падставы для гонару ёсць: дзве ўнучкі скончылі школу з залатым медалём. Адна з іх стала ўрачом, другая – студэнтка БДУ. Унук набыў вышэйшую адукацыю ў акадэміі і працуе інжынерам на атамнай станцыі. Сама паэтка працягвае пісаць. Лічыцца, што наша землячка пачала свою творчасць у зрэлым узросце. Але гэта не зусім так. Пісаць яна пачала яшчэ ў юнацтве, але не адносілася да свайго захаплення сур’ёзна і свае работы таго перыяду яна не захавала. Патрэба выражаць свой унутраны свет праз творчасць у яе была заўсёды.
У адным са зборнікаў яе вершаў былы рэдактар раённай газеты, журналіст Іван Самахвалаў прысвяціў ёй словы. Адным сказам Іван Дзмітрыевіч перадаў усю сутнасць паэткі. Ён напісаў: “Антонина Рыбалко верит: мир создан для добра: к живым цветам хочу я наклониться не для того, чтоб срезать иль сорвать, а чтоб увидеть добрые их лица и доброе лицо им показать”.
Паважаная Антаніна Адамаўна, рэдакцыя газеты віншуе вас з днём нараджэння і далучаецца да віншаванняў, якія вы атрымалі ад родных, сяброў і прыхільнікаў вашай творчасці. Для нас гонар супрацоўнічаць з вамі. Да хуткай сустрэчы на старонках нашай газеты.

Святлана СОБАЛЕВА.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о