Сям’я Тураўцоў з Ляскавічаў 28 чэрвеня адзначыла 55-годдзе сумеснага жыцця.

Сцяпан Туравец упершыню сустрэў сваю будучую жонку Галіну на танцах у Ляскавічах.
– Я працаваў у аўтабазе. Яна толькі скончыла Магілёўскае медыцынскае вучылішча і прыехала па размеркаванні ў Петрыкаў, – першым узяў слова мой герой. – Нядоўга тут здымала пакой у жанчыны, а потым, калі перавялі на працу ў Ляскавічы, з кватэры з’ехала. Тады мяне сустрэла гаспадыня кватэры і сказала, што ёсць прыгожанькая дзяўчынка, давай едзь, пазнаёмся. Так мы і пазнаёміліся ў клубе. Я ўсё тады перажываў, хоць бы яе ніхто не скраў, Галю маю.

Паразуменне і павага – сакрэт шчаслівага шлюбуНа пытанне, якія якасці Сцяпан Мікалаевіч шануе ў сваёй жонцы, адказаў: – Усё, што да-дзена жанчыне прыродай, ёсць у маёй жонкі!
– Гаспадарчы, – ужо адказвае на тое ж пытанне Галіна Іванаўна. – Не крыўдлівы. Хутка ўсё даруе, калі я дзесьці і голас павышу.
– Муж першы ў вёсцы сабраў свой трактар, пахвалілася Галіна Іванаўна. – Што было падзеяй, вядома. Гэта цяпер велізарны выбар тавараў у краме, а тады ўсё рабілі сваімі рукамі. Жылі тым, што вырасцілі самі. І калі з’явіўся такі механічны “памочнік” – людзі былі радыя. Дык мала таго, ён яшчэ прымайстраваў адмысловую лапатку ў трактары, якая бульбу дапамагала збіраць.
У Ляскавічах да нас адразу чарга выстраілася, суседзі прасілі дапамагчы.
Па праўдзе кажучы, Сцяпан Мікалаевіч і сёння з’яўляецца актыўным памочнікам. Ён і яго трактар – незаменны дуэт у аграгарадку.
– Праз год пасля знаёмства мы пажаніліся, – працягнуў Сцяпан Мікалаевіч. – Жонка працягвала працаваць фармацэўтам. Дарэчы, менавіта яна адкрывала аптэку ў Ляскавічах, якая была на месцы старой бальніцы. Потым у нас нарадзілася 2 дачушкі. Старэйшая працуе бухгалтарам у ЭЛАХ “Ляскавічы”, малодшая выхавальнікам дзіцячага садка ў Мазыры.
Унукаў у нас ужо 4, праўнукаў — 5. Так што мы шчаслівыя бабуля і дзядуля.
Дзеці, у асноўным, прыязджаюць да нас. У нас тут раздолле. Жывем у крокавай даступнасці ад ракі, ад музея пад адкрытым небам, побач рэстаран, наведваем яго па вялікіх святах.
– Жонка яшчэ з сяброўкамі ходзіць па вечарах уздоўж набярэжнай, а я лепш на рыбалку, далей ад жаночых сакрэтаў, – жартуе мой суразмоўца. – Самая вялікая рыба, якую я злавіў – сом 1,15 метра даўжынёю і вагою больш за 10 кілаграмаў. Некалькі дзён елі. Па маладосці ў нас была маторная лодка, тады ўсе ля ракі сейфы трымалі. Так мы кожныя выхадныя пікнікі ладзілі на беразе ракі.
55-гадовы юбілей сумеснага жыцця, якія адзначылі мае героі, – не адзіны момант для сустрэчы. Сцяпан Туравец адзначыў сёлета 80-годдзе. Мужчына ў самым лепшым настроі адзначыў, што гэта ён яшчэ мала пажыў.
На пытанне, у чым сакрэт даўгалецця, суразмоўца канстатаваў:
– Я ў добрай форме дзякуючы жонцы!
Сцяпан Мікалаевіч працаваў спачатку механікам, а потым загадчыкам мехдвара ў Ляскавіцкім саўгасе.
Цяпер Галіна Іванаўна і Сцяпан Мікалаевіч на пенсіі. Сіл у іх поўна. Дзеці, унукі ўладкаваны, праўнукі падрастаюць, у доме правялі газ сваімі сіламі, з гаспадаркі – куры … і каты.
– Хто першы ўстае, той першым куратнік і адкрывае, – жартуюць яны. – Калісьці трымалі і кароў, і свіней, і качак. Сёння ў гэтым неабходнасці няма. У планах – ціха дажыць свой век, чымсьці дапамагчы яшчэ дзецям. Прычына таго факта, што мы столькі гадоў побач – паразуменне і павага адзін да аднаго!

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о