Валанцёры: «Нас шмат!»

0
429

Валанцёрства ў нашай краіне развіваецца з года ў год. Дзяржава падтрымлівые ўсіх, хто жадае дапамагчы другім. Валанцёры працуюць разам з медыкамі, дапамагаюць пажылым і ветэранам, арганізоўваюць зборы сродкаў для маламаёмасных, мігрантаў.

Больш за тое, шматлікія бескарыслівыя ініцыятывы ўжо пачалі афармляцца ў буйныя грамадскія арганізацыі і маштабныя праекты. Калі казаць пра Петрыкаўшчыну, сур’ёзную работу ў гэтым кірунку праводзіць ТЦСАН, Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, “Чырвоны Крыж” разам з прадпрымальнікамі раёна.

У кожнай установе адукацыі так ці інакш існуюць валанцёрскія атрады. Да прыкладу, валанцёрскі атрад “Добрае сэрца” Ляскавіцкай сярэдняй школы, які прызнаны лепшым у рэспубліканскім конкурсе сацыяльных маладзёжных праектаў “Моладзь Беларусі за жыццё, маральнасць і сямейныя каштоўнасці”. І прыемна ўдвая, калі да добраахвотнікаў далучаюцца вучні малодшых класаў устаноў адукацыі.

Валанцёры: "Нас шмат!"

“Нашы дзеці самыя спагадлівыя”, – пачала інтэрв’ю педагог-арганізатар сярэдняй школы № 2 Зінаіда Беламутава, сустрэча з якой стала не выпадковай. Няхай Дзень валанцёра адзначаўся 5 снежня, асвятляць гэтае добрае свята можна не прывязваючыся да календару.

“Мы атрымаўлі каласальны водгук ад навучэнцаў пачатковай школы, вучняў старэйшых класаў – гэта каля 100 чалавек, калі абвясцілі пра пачатак “Хвастатага флэшмоба”, – працягнула ўводзіць у курс справы Зінаіда Уладзіміраўна. – Да сусветнага Дня хатніх жывёл, які адзначаўся 30 лістапада, мы арганізавалі фотафлэшмоб, дзе ў створанай групе ”ВКонтакте” публікавалі здымкі вучняў з іх чацвёраногімі сябрамі.

У рамках акцыі “Поўная міска” мы сабралі корм для тых хвастатых, хто мае патрэбу ў гэты халодны час больш за ўсё – бяздомных жывёл.
Дзеці малодшага звяна актыўна ўключыліся ў валанцёрства, практычна ўсе з іх маюць хатніх жывёл і ўжо зараз разумеюць, як важна дапамагчы тым, у каго дома няма. Кожнае дзіця прынесла пэўны від корму. Мы змаглі сабраць два важкія пакеты з разнастайным харчаваннем. Сабраны корм будзе перададзены цімураўцамі нашай школы ў ГААЖ “Верныя сябры” горада Мазыра.

Упэўнена, нашым меншым сябрам будзе смачна, а таксама цёпла. Бо ў хуткім часе мы плануем пашыць для іх спецыяльныя цёплыя кілімкі”.

Педагог-арганізатар адзначае, што агучаныя добрыя справы праходзяць пад эгідай Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі ў рамках рэспубліканскага цімураўскага праекта “Цімураўцы.by”.
“У сацыяльнай сетцы мы расказваем пра сваю дзейнасць, а таксама выконваем заданні нашых куратараў з БРПА”.

Паводле слоў Зінаіды Уладзіміраўны, у дзяцей не так шмат свабоды дзеянняў і кантролю за навакольным светам, як у дарослых, а таму любая магчымасць асабіста прыняць удзел у нечым вялікім і значным неверагодна каштоўная.

“Навучыць дзіця бачыць вялікае ў малым – гэта правільна, сёння мы разам адвозім пакет корму ў прытулак для жывёл, заўтра малюем паштоўку для дома састарэлых, але па факце мы робім свет кропельку лепшым – а гэта зараджае ўпэўненасцю і гонарам. Мы будзем працягваць папаўняць свае шэрагі новымі сябрамі, а таксама добрымі справамі.
Дабрачыннасць – гэта выдатная нагода не толькі дапамагчы іншым, але і паказаць вучням, як уладкованы наш свет, якія праблемы ў ім існуюць. У рэшце рэшт, рабіць добрыя справы неверагодна прыемна”.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о