ВІЧ: 95-95-95

0
490

Штогод 1 снежня ва ўсім свеце праводзяцца прафілактычныя мерапрыемствы ў рамках Сусветнай кампаніі супраць ВІЧ і СНІДу, прымеркаваныя да Сусветнага дня барацьбы са СНІДам.

Тэма гэтага года – “Час для роўнасці”. Праз чатыры дзесяцігоддзі барацьбы са СНІДам працягвае існаваць няроўнасць у даступнасці тэстаў, лекаў, новых тэхналогій і навуковых дадзеных у краінах Афрыкі і Азіі.
Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя агульнасусветная колькасць людзей, якія жывуць з ВІЧ, у 2021 годзе склала 38,4 мільёна чалавек. З пачатку эпідэміі ад звязаных са СНІДам хвароб памерла 40,1 мільёна чалавек.
Па стане на 1 лістапада 2022 года ў Беларусі з ВІЧ-станоўчым статусам пражывае больш за 24 тысячы чалавек. За апошняе дзесяцігоддзе найбольшая колькасць новых выпадкаў рэгіструецца ва ўзроставай групе ад 35 да 49 гадоў.
У рамках нацыянальных мер у адказ на распаўсюджванне ВІЧ-інфекцыі ў нашай краіне рэалізуецца Дзяржаўная праграма “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека” на 2021-2025 гады, у якой вызначаны задачы і шляхі дасягнення новай стратэгічнай мэты ЮНЭЙДС “95-95-95”, уключаючы меры па далучэнні да праграмы лячэння ўсіх людзей, якія жывуць з ВІЧ, а таксама падтрыманне і пашырэнне навукова-абгрунтаваных мер прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі.
У Беларусі створана сістэма, якая забяспечвае максімальную даступнасць да кансультавання і тэсціравання на ВІЧ-інфекцыю. Прайсці тэсціраванне, у тым ліку ананімнае, можна ў любой установе аховы здароўя, якая мае працэдурны кабінет. На базе дзяржаўных арганізацый аховы здароўя і недзяржаўных некамерцыйных арганізацый функцыянуюць кабінеты прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі і ананімна-кансультатыўныя пункты. Абследаванне на ВІЧ можна прайсці не толькі ва ўстанове аховы здароўя, але і дома самастойна, купіўшы тэст у аптэцы.
З 2018 года ў Беларусі прадугледжаны ўніверсальны доступ пацыентаў да антырэтравіруснай тэрапіі. Гэта значыць дзяржава гарантуе прадастаўленне лячэння ВІЧ-інфекцыі ўсім людзям, якія жывуць з ВІЧ, незалежна ад стадыі хваробы і ўзроўню імунітэту.
На сённяшні дзень у рэспубліцы 87% людзей, якія жывуць з ВІЧ, атрымліваюць антырэтравірусную тэрапію, тым самым захоўваючы сваё здароўе і якасць жыцця. За апошнія пяць гадоў ахоп лячэннем пацыентаў з ВІЧ-інфекцыяй вырас у 1,8 раза.
У рамках Сусветнага дня барацьбы са СНІДам на рэспубліканскім і рэгіянальным узроўнях, ва ўстановах і арганізацыях пройдуць інфармацыйна-асветніцкія мерапрыемствы.

Тамара БУГЛАК,
урач-эпідэміёлаг.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о