Днямі нашы карэспандэнты накіраваліся на ферму ў Ляскавічы. Сустрэчы з жывёлаводамі заўсёды цёплыя, бо каб працаваць з жывёламі, трэба мець асаблівую любоў і апантанасць.

Цялятам – музыку Чайкоўскага!

Па словах жывёлавода Святланы Мельніковіч, яна чалавек фермы. Дзяцінства жанчыны прайшло на ферме, там і бацькі працавалі ўсё жыццё. Дынастыя працягваецца: ужо і дзеці нашай гераіні з маленства ў гаспадарцы.
– Я родам з Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіла ў Пінскі саўгас-тэхнікум на заатэхніка. Пасля выйшла замуж і нарадзіла дзіця. Па спецыяльнасці працаваць не змагла, не маё. Прыехала ў Петрыкаўскі раён у 2012 годзе, а з 2013 працую на ферме ў Ляскавічах. Тут нарадзіліся яшчэ двое маіх дзяцей. Цяпер я шматдзетная маці. Старэйшы сын працуе тут жа, ветфельчарам, сярэдні – вучыцца ў Жыткавіцкім каледжы. Плануе вярнуцца ў раён працаваць лесніком. Малодшая дачка марыць стаць настаў-нікам фізкультуры. Мае дзеці – мая дапамога. Усе выхадныя са мной на рабоце. Да працы прывучаныя.
Што тычыцца задач, то ў Святланы гэта – дагледзець цялят, накарміць, падаслаць саломку.
– Яны мне як дзеці. Калі пачынаю іх карміць, уключаю класічную музыку. Даспадобы ім Чайкоўскі і Агінскі. 217 галоў пад маім наглядам.
У канцы гутаркі мая гераіня дадала, што працай сваёй задаволена. Начальнік улічвае ўсе патрэбы, прыслухоўваецца, дае парады. Працу сваю даверыць камусьці вельмі цяжка, таму і ў святочныя дні яна не пакідае цялят.
– Так, працу сваю я добра ведаю. Цяляты ў мяне з дня нараджэння і да трох месяцаў. Гэта даволі складаны час.
Святлана тлумачыць, што добры догляд забяспечвае высокую захаванасць цялят.
У час фатаграфавання бачым, як цягнуцца да цялятніцы жывёлы, як аблізваюць ёй рукі. Адразу становіцца зразумела, што чалавечая ласка для іх не рэдкасць. Такое стаўленне адбіваецца і на паказчыках працы.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о