Цэнтр культурнага прыцягнення

У мінулыя выхадныя невялікі і ўтульны горад Добруш прымаў гасцей з розных куткоў нашай краіны на Дзень беларускага пісьменства. Свята “пяра”, якое 29 гадоў таму пачалося ад Полацка, выбірае творчымі пляцоўкамі гарады, якія пакідаюць значны след у гісторыі беларускага друкаванага слова. Цэнтрамі літаратурных падзей на Гомельшчыне былі Тураў, Хойнікі, Рагачоў, а сёлета малая радзіма народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна стала цэнтрам прыцягнення майстроў мастацкага слова, прыхільнікаў культурнай спадчыны.

Фестываль кнігі і прэсы прапанаваў работу амаль дваццаці тэматычных пляцовак. Удзельнікі і госці змаглі пазнаёміцца з новымі кніжнымі выданнямі, сустрэцца з беларускімі і замежнымі літаратарамі, журналістамі, выдаўцамі, паслухаць выступленні паэтаў і пісьменнікаў, творчых калектываў. Цэнтральная плошча горада два дні ўяўляла сабой вялікую культурную пляцоўку. Сустрэчы, выставы, прэзентацыі, канцэртныя праграмы – усё прахо-дзіла з размахам і адначасова са славянскай сціпласцю. Свята атрымалася плённым, цёплым, светлым, запамінальным. Вялікай цікавасцю сярод гасцей карыстаўся гарадскі сквер, які запрасіў да сябе літаратурны салон пісьменнікаў Гомельшчыны “Святло каштоўнасцяў духоўных” і ўдзельнікаў праекту “Дыяменты стагоддзя” да 100-годдзя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Там жа раскінуліся літаратурныя падворкі “Гомельшчына літаратурная” і выставачны праект “Песняры зямлі Беларускай” Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа і Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Дарэчы, у мінулым годзе Беларусь адзначыла 100-годдзе з дня нараджэння Івана Мележа, а ў сёлетнім календары – юбілеі класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. Да-дзеныя падзеі аб’ядналі правядзенне мерапрыемстваў, асноўнай тэмай якіх стаў Год гістарычнай памяці.
З радасцю хочацца адзначыць, што Петрыкаўшчына таксама ўдзельнічала ў Дні пісьменства. На фестываль былі запрошаны калектывы Дома рамёстваў, раённай цэнтральнай бібліятэкі, народны духавы аркестр дзіцячай школы мастацтваў, а на выставе рэгіянальных друкаваных сродкаў масавай інфармацыі Гомельскай вобласці “Газетны бульвар” працавалі выставы рэдакцыі “Петрыкаўскіх навін”.
Фестываль доўга будзе абмяркоўвацца як у краіне, так і за яе межамі. Многія падзеі на ім сталі знакавымі.

Цэнтр культурнага прыцягнення
Работнікі Петрыкаўскага Дома рамёстваў на выставе “Ад спадчыны да сучаснасці”

Адкрыццё помніка Івану Шамякіну
Бронзавую скульптуру народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна адкрылі ў Добрушы падчас Дня пісьменства. Рашэнне  пра адкрыццё помніка Івану Пятровічу на яго Радзіме прынялі ў 2021 годзе – у год 100-годдзя нараджэння дзеяча. На яго творах вырасла не адно пакаленне беларусаў. Яго творчасць – гэта гімн чалавеку працы, гаспадару на сваёй зямлі. Над стварэннем амаль дзесяцітоннай скульптуры працавалі сталічныя скульптары Уладзімір Піпін і Канстанцін Касцючэнка.
Самі дабрушчане казалі: “Шамякін вярнуўся дадому”.

Названы пераможцы Нацыянальнай літаратурнай прэміі
На галоўнай сцэне Нацыянальнай літаратурнай прэміяй былі ўзнагароджаны пісьменнікі. У намінацыі “Лепшы твор (зборнік твораў)” пераможцам быў прызнаны Алесь Бадак за кнігу “Уладар ветру”.
Лепшым празаічным творам па выніках 2021 года стала кніга “А ён не вярнуўся з бою” Мікалая Чагрынца. Сярод драматургаў быў адзначаны Анатоль Андрэеў з творам “Галоўныя словы для каханай жанчыны”. Лепшым публіцыстам за кнігу “Рэвалюцыя мокрых штаноў” стаў Андрэй Мукавозчык.

Цэнтр культурнага прыцягнення
Старшыня Гомельскага абласнога аб’яднання Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч

Саюз пісьменнікаў Беларусі – мадэратар літаратурнага жыцця краіны
Добруш сабраў прадстаўнікоў усіх абласных аддзяленняў Саюза пісьменнікаў Беларусі. Прычым прыехалі пісьменнікі з кожнага куточка нашай краіны. Творчыя набыткі Саюза былі прадстаўлены ў літаратурна-музычнай імпрэзе “З любоўю ў сэрцы да Беларусі”. У час мерапрыемства былі ўручаны дыпломы пераможцам абласной літаратурнай прэміі Кірылы Тураўскага. У намінацыі “Паэзія” за зборнік “Жыццё жыцейка” ўшанавана Ніна Нікіціна – знакамітая паэтка Гомельшчыны, якая вядома аматарам беларускай паэзіі пад літаратурным псеўданімам Ніна Шклярава. У намінацыі “Дзіцячая літаратура” пераможцам прызнаны творца Гомельшчыны – Яўген Калашнікаў. Паэтка, празаік, публіцыст Тамара Кручэнка ўшанавана ў намінацыі “Публіцыстыка і літаратурная крытыка” за сваю работу “Майский сад”. “Там, дзе цячэ Пуць-рака” – новы твор Уладзіміра Гаўрыловіча, прызнаны пераможцам у намінацыі “Проза”. Прэмія імя Кірылы Тураўскага ў намінацыі “Адкрыццё года” за  твор “Выпрабаванне часам” прысуджана Жанэце Сычовай.
У другі фестывальны дзень адбылася прэзентацыя кнігі старшыні Гомельскага абласнога аб’яднання Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзіміра Гаўрыловіча “Па веры вашай”, якая атрымала высокую адзнаку ў грамадстве.

Цэнтр культурнага прыцягнення
Выставы на “Газетным бульвары”

Маладосць. Творчасць. Крэатыў.
Шмат мерапрыемстваў на фестывалі было запланавана згодна маладзёжнай палітыкі Беларусі. Ганарова завершана абласная маладзёжная будоўля. Старт акцыі быў дадзены на пачатку лета. Тры месяцы студатрады дапамагалі добраўпарадкоўваць населеныя пункты краіны. Урачыстае закрыццё абласной будоўлі арганізавалі ў рамках “Моладзь-фэсту”. Рабят лепшага студэнцкага сэрвіснага атрада ўзнагародзілі на фестывальнай лакацыі, таксама адзначылі па-дзякамі лепшых працаўнікоў студэнцкіх атрадаў.
Упершыню на Дні пісьменства працавалі юнкары з усёй вобласці. Юнымi карэспандэнтамі раённых выданняў былі наладжаны добрыя адносiны, за днi свята яны сталi сапраўднымі сябрамі. У той жа час арганізатары выбралі лепшыя маладзёжныя матэрыялы па выніках кожнага з дзён літаратурнага фестывалю.  Пераможцы конкурсу юнкараў атрымалі дыпломы i падарункi.

Фестываль пісьменнасці пакінуў Гомельшчыну і рушыў на самы паўночны ўсход краіны. Эстафету прыняў горад Гарадок, Віцебскай вобласці, адкуль паэтычны “Тарас на Парнасе”. Мне здаецца, што ўсё што адбывалася на добрушскай зямлі вельмі ўдала акрэсліў народны пісьменнік Беларусі  Мікалай Чаргінец  у час уручэння літаратурных прэмій:
“Я віншую ўсіх са святам! Кажу дзякуй за тое, што так добра, так шырока раскрылі добрушчане свае дзверы і душу для людзей. У такія дні асабліва адчуваецца адзінства народа. Свята паказала – беларусы не стаяць на месцы. Яны ідуць наперад ва ўсіх сферах жыцця”.

Святлана СОБАЛЕВА, Арцём ГУСЕЎ,
фота аўтараў, юнкара Паліны ГЛУШКО.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о