Гэты святочны нумар, з нагоды Дня абаронцаў Айчыны, быў бы не поўным, калі б мы не распавялі вам, паважаныя чытачы, пра спаборніцтвы па рыбнай лоўлі, што прайшлі ў мінулыя выхадныя на затоцы Бычок.

Шчыра кажучы, рыбная лоўля прэтэндуе на статус самага масавага спорту на Петрыкаўшчыне. Мяркуйце самі: на спаборніцтвы заявіліся ажно 12 калектываў. Састаў каманды складаўся з двух рыбакоў. Перад пачаткам рыбалкі кіраўнік райарганізацыі ТВВОД Аляксандр Трухановіч правёў з удзельнікамі інструктаж па правілах паводзін на лёдзе.

Пасля трох гадзін лавання рыбы, былі вызначаныя пераможцы. У асабістым заліку перамогу святкаваў Уладзімір Маркулевіч, што прадстаўляў райсавет ветэранаў, з уловам вагою 490 грамаў. Другім быў Іван Прысада з каманды САФ Петрыкаўскага рудаўпраўлення, чыя “здабыча” заважыла 360 грамаў. Трэці вынік ў 330 грамаў паказаў Іван Беланожка з Петрыкаўскага рудніка.

У намінацыі “Самы буйны экзэмпляр” перамог Уладзімір Маркулевіч з вынікам у 220 грамаў. У намінацыі “Найбольшая колькасць пайманай рыбы” лепшым быў Аляксандр Тарасенка, што бараніў гонар ТЭС Петрыкаўскага рудаўпраўлення і выцягнуў за тры гадзіны 39 рыбін.

У камандным заліку ўсе прыступкі п’едэстала занялі калектывы калійнай галіны. Трэцяе месца заняла каманда ТЭС, другімі былі прадстаўнікі рудніка, а перамогу святкавалі рыбакі сельвініта-абагачальнай фабрыкі.

Арцём ГУСЕЎ.

Фота ФСК “Ураджай”.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о