Яшчэ на пачатку вясны спецыялісты райкама прафсаюзаў работнікаў АПК правялі маніторынг умоў працы механізатараў, занятых на пасяўных работах. Адно з галоўных патрабаванняў да кіраўніцтва сельгаспрадпрыемстваў –арганізацыя харчавання для работнікаў. Як наладжана харчаванне ў гаспадарках раёна ў гэтыя “гарачыя” дні, карэспандэнт раёнкі вырашыў пабачыць на свае вочы.

Сытна, смачна і з душою
Першы пункт наведвання – КСУП “Капаткевічы”. Для механізатараў гаспадаркі арганізаваны гарачы абед у мясцовай сталоўцы. У працаўнікоў харчаблоку работы шмат, бо ім штодзённа патрэбна накарміць мясцовых работнікаў і прыгатаваць ежу, якая адвозіцца на палеткі для механізатараў ААТ “Пціч-Агра”. Двум паварам у дзень патрэбна згатаваць да паўсотні порцый.
У абедзенны час да пункта харчавання збіраюцца аграрыі. Назіраючы праз раздатачнае акенца за хуткімі рухамі жанчын на кухні, становіцца відавочным, што ім пад сілу любая праца.
– Механізатары любяць мясныя стравы: катлеты, паджарку, гуляш, каўбаску, – дзеліцца сваімі назіраннямі кухар Ала Дашкевіч. – З першых страў – боршч, расольнік. А з гарніраў аддаюць перавагу бульбе.
– Хлебаробы – народ просты, вясковы, не звыклы да далікатэсаў, – падтрымлівае размову кухар Надзея Верталь. – Але мы стараемся дагадзіць хлопцам, разнастаіць іх рацыён.
Дарэчы, работнікі сталоўкі самастойна выпякаюць хлеб і булачкі, а кампоты гатуюць з нарыхтаваных восенню сухафруктаў. За комплексны абед працаўнік плоціць толькі 20% кошту – гэта прыкладна два рублі.
– Дзяўчаты гатуюць абед з душой, смачна і па-хатняму, – выказвае думку ўсіх мезанізатараў Уладзімір Бажок. – Падсілкаваўшыся, і працуецца лепш.
Да сталоўкі пад’язджае транспарт суседняй гаспадаркі. У спецыяльны посуд накладваецца гарачая ежа для механізатараў ААТ “Пціч-Агра”. Адпраўляемся следам. На палетках, убачыўшы прыезд “палявой” кухні, механізатары спыняюць работу і ідуць на абед. Раздатчыца пачынае сваю працу. Па полі адразу разліваецца апетытны пах. “Вельмі смачна, вялікі дзякуй”, – казалі механізатары, вяртаючы пустыя талеркі. Да тэхнікі, каб працягваць работу ў полі, пайшлі яны вясёлыя, нешта абмяркоўваючы паміж сабой. А мне прыйшла думка, што недарэмна ў народзе кажуць: добры работнік – сыты работнік.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о