Работа на зямлі – паслядоўны цыкл у працаўнікоў сельгаспрадпрыемстваў.  Падрыхтаваць, пасадзіць, вырасціць, убраць, захаваць – усё павінна выконвацца ў час, згодна з тэхналогіяй і адказнасцю. Пасля ўборкі каласавых, увага ў гэтыя вераснёўскія дні засяроджана на “царыцы палёў”.

Задача – напоўніць кармавыя траншэі сіласам

Завіталі мы на МТК “Бабунічы“ КСУП “Запаветы Ільіча” без запрашэння і папярэ-джання: едучы з рэпартажу звярнулі ўвагу на сельгастэхніку, якая з поўнымі прычэпамі зжатай кукурузы рухалася на комплекс для разгрузкі. Было жаданне ўбачыць працэс трамбавання зялёнай масы на сілас, даведацца пра настрой аграрыяў. Надзеі нашы апраўдаліся – каля сіласнай ямы вялася работа па іх закладцы: тры траншэі ў гаспадарцы ўжо завершаны, чарга надышла чацвёртай. Працэс кантралявала старшыня гаспадаркі Людміла Гарошка.
– На ўборцы кукурузы на палетках працуе дзве адзінкі тэхнікі, восем – на адвозцы. 649 гектараў з 1770 ужо прыбраны – дзеліцца Людміла Мікалаеўна. – На сіласе робім значны акцэнт, бо хочам, каб  статак меў дастаткова корму і рагулі на працягу ўсяго года радавалі значнай колькасцю малака.
У размову ўключыліся вадзіцелі сельгастэхнікі, якія адзначылі, што ўбіраць кукурузу самы час, цяпер яна дасягнула патрэбнай спеласці і характарызуецца аптымальным утрыманнем сухога рэчыва. У гэтым выпадку страты пры трамбоўцы культуры мінімальныя, а ўраджай – добрай кармавой каштоўнасці.
Які будзе канчатковы ўраджай, сельгаснікі адказваюць з асцярожнасцю, але не тояць, што сітуацыя аптымістычная. Паказчык трымаецца на 150 цэнтнерах з гектара, і ёсць надзея, што запланаванае ранняю вясною, спраўдзіцца ў поўным аб’ёме.
– Настрой у нас баявы, мы ўпэўнены, што дзякуючы нашаму адказнаму падыходу да вырошчвання культуры, жывёліна атрымае неабходныя кармы.
Праводзячы нас да машыны, Людміла Мікалаеўна адзначыла, што не адной кукурузай насычаны дні гаспадаркі. Так, ужо здзейснена 50% пасеваў азімага зерня. “У нашай дзейнасці марудлівасць недапушчальная, трэба быць на крок наперадзе надвор’я і абставін”, – рэзюмавала кіраўнік.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о