Год гістарычнай памяці, абвешчаны ў Беларусі сёлета, пройдзе пад знакам захавання гераічнай спадчыны і праўды пра ўсе перыяды жыцця беларускага народа.

Не сакрэт, што сёння гістарычная памяць беларусаў падвяргаецца атакам і ўсемагчымым фальсіфікацыям. Нашы апаненты ў краіне і за яе межамі ствараюць і распаўсюджваюць фейкі пра нашу гісторыю, ва ўгоду палітычным амбіцыям скажаюць факты. Аб’ектам іх уздзеяння становяцца нашыя каштоўнасці, ідэнтычнасць, гістарычнае права на суверэнітэт. І, як паказвае практыка, гэты паток хлусні толькі расце, ствараючы дадатковыя рызыкі і пагрозы развіццю беларускай дзяржавы і грамадства.
У мэтах захавання сацыяльнай і гістарычнай справядлівасці, ухілення белых плям гісторыі, умацавання канстытуцыйнага ладу і нацыянальнай бяспекі ў сакавіку 2021 года Генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь узбуджана і расследуецца крымінальная справа па факце здзяйснення нацысцкімі злачынцамі, іх пасобнікамі, нацыяналістычнымі фарміраваннямі ў ходзе Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд на тэрыторыі БССР і іншых дзяржаў генацыду беларускага народа. Мы сустрэліся з пракурорам Петрыкаўскага раёна Сяргеем ТАБОЛІЧАМ каб даведацца, як ідзе расследаванне на тэрыторыі нашага раёна: што ўжо зроблена і якія следчыя мерапрыемствы запланаваны на бліжэйшы час.
– Сяргей Уладзіміравіч, чым, па Вашым меркаванні, абумоўлена прыняцце рашэння пра ўзбуджэнне крымінальнай справы цяпер, па прашэсці столькіх гадоў?
– У першую чаргу фактамі і звесткамі пра гібель мільёнаў беларусаў і іншых асоб з-за зверстваў нямецкіх акупантаў і іх пасобнікаў. Да таго ж, грамадскасць недастаткова інфармавана пра шэраг фактаў генацыду, здзейсненых нацыяналістычнымі бандфарміраваннямі і памагатымі фашыстаў. Гэта ў сваю чаргу стварае перадумовы для спроб іх апраўдання і нават гераізацыі, і, як следства, зруйнавання каштоўнасцяў, на якіх будуецца беларуская дзяржаўнасць. Беспакаранасць параджае новыя злачынствы. Таму ўзбуджэнне крымінальнай справы па фактах злачынстваў у дачыненні да мірнага насельніцтва Беларусі – важны этап у супрацьдзеянні рэабілітацыі нацызму. Генацыд не мае тэрміну даўніны.
– Якім чынам арганізавана работа па расследаванні такога роду злачынстваў на тэрыторыі Петрыкаўскага раёна?
– Для расследавання крымінальнай справы створана пракурорска-следчая група, якой праводзіцца работа па ўстанаўленні і допыце жывых сведак і відавочцаў фактаў злачынстваў. Сумесна з краязнаўцамі, супрацоўнікамі музеяў устанаўліваюцца факты знішчэння мірнага насельніцтва, спальвання вёсак. Пры атрыманні інфармацыі пра магчымае месца масавага расстрэлу ці пахавання мірных жыхароў праводзяцца агляды мясцовасці для фіксацыі каардынат.
Так, пракуратурай Петрыкаўскага раёна пры садзеянні следчых РАСК на дадзены момант апытана 207 сведак, большасць з якіх – непаўналетнія вязні канцлагераў і лагераў смерці (132 чалавекі). З агульнай колькасці апытаных, 48 – утрымліваліся ў канцлагеры “Азарычы”, некаторая частка – у лагеры, размешчаным у вёсцы Скобраўка Пухавіцкага раёна, дзе ажыццяўляўся забор крыві ад дзяцей для параненых немцаў. Астатніх звозілі ў Германію на прымусовыя работы. Вялікая работа таксама праводзіцца з архіўнымі дакументамі. За перыяд следства вывучана больш за 40 дакумента, што сведчаць пра масавае знішчэнне мірнага насельніцтва, спальванне вёсак і ўгон у рабства.
– Ці ёсць “свежыя”, раней невядомыя факты генацыду?
– Дадаткова ўстаноўлены 23 месцы масавага знішчэння і пахавання, якія раней не былі вядомыя і не даследаваліся. Так, напрыклад, у горадзе Петрыкаве па вуліцы Першамайскай, паблізу КУП “Петрыкаўскі райжылкамгас”, выяўлена пахаванне, у якім было пахавана больш за 300 ахвяр фашызму. Сёлета ў дадзеным месцы плануецца правядзенне раскопак з прыцягненнем 52-га пошукавага батальёна Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь.
Вядома, што за час вайны на тэрыторыі Петрыкаўскага раёна фашысцкімі акупантамі зруйнавана 77 населеных пунктаў, 37 з іх знішчаны цалкам. Дзве вёскі – Малыя Нівы і Доўгія Нівы – так і не былі адноўлены пасля зруйнавання. У час правядзення карных аперацый расстраляна, спалена, павешана 1963 мірныя жыхары.
У час расследавання крымінальнай справы ўстаноўлены 10 месцаў прымусовага ўтрымання насельніцтва, куды змяшчалі людзей з мэтай сарціроўкі і наступнай адпраўкі ў Германію на прымусовыя работы ці ў канцэнтрацыйныя лагеры.
– Так, генацыд быў і факты пра гэта сведчаць. Аднак ведаць мала, неабходна гэту інфармацыю данесці да грамадскасці. Што робіцца ў гэтым накірунку?
– Па ініцыятыве пракуратуры ў музейных установах горада і раёна, а таксама ва ўстановах адукацыі створаны экспазіцыі , прысвечаныя ахвярам генацыду беларускага народа, у тым ліку з выкарыстаннем матэрыялаў, атрыманых у межах крымінальнай справы, якая расследуецца.
Каб не ўзнімалася пытанне – навошта варушыць мінулае, верадзіць зарубцаваную рану, нанесеную нашай краіне падзеямі Вялікай Айчыннай вайны – і абумоўлена неабходнасць устанаўлення ўсіх ахвяр нацысцкай агрэсіі і недапушчэнне іх забыцця. Калі не зрабіць гэта цяпер, то праз гады выявіць праўду будзе яшчэ цяжэй: нас пакінуць апошнія сведкі і відавочцы тых гадоў, магілы зарастуць лясамі, а асобныя палітычныя дзеячы атрымаюць яшчэ больш магчымасцей для тлумачэння гісторыі на свой лад.
– Дзякуй за змястоўную гутарку, Сяргей Уладзіміравіч. Чакаем новыя факты.

 

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о