СЁННЯ – ДЗЕНЬ СУПРАЦОЎНІКАЎ ВАЕННЫХ КАМІСАРЫЯТАЎ

0
770

Шчыра кажучы, не кожны ведае пра гэтае прафесійнае свята. А, між іншым, нагода для супрацоўнікаў сёлета выдалася двайная – ваенныя камісарыяты адзначаюць сваё 105-годдзе. Менавіта 8 красавіка 1918 года Дэкрэтам Савета Народных Камісараў былі створаны “валасныя, павятовыя, губернскія і акружныя камісарыяты па ваенных справах”.

СЁННЯ – ДЗЕНЬ СУПРАЦОЎНІКАЎ ВАЕННЫХ КАМІСАРЫЯТАЎПераважная частка людзей уяўляе работу ваенкаматаў у агульных рысах: маўляў, займаюцца спецыялісты прызывам, вядуць улік юнакоў ды тлумачаць правілы паступлення ў ваенныя навучальныя ўстановы. Разам з тым, гэта далёка не поўны пералік пытанняў, якія вырашаюць супрацоўнікі ваенных камісарыятаў. Напярэдадні прафесійнага свята мы пагутарылі з ваенным камісарам Петрыкаўскага раёна падпалкоўнікам Аляксандрам Адамоўскім.

– Апрача ўлікова-прызыўной работы мы вырашаем пытанні мабілізацыйнага характару, выконваем задачы па арганізацыі тэрытарыяльнай абароны, праводзім і актыўна ўдзельнічаем у прафарыентацыйных мерапрыемствах, дапамагаем вырашаць пытанні сацыяльнага забеспячэння грамадзян, якія выканалі свой вайсковы абавязак і знахо-дзяцца на воінскім уліку, – пералічыў Аляксандр Рыгоравіч.

Па словах ваеннага камісара, стаўленне да вайсковай службы ў насельніцтва з цягам часу змянялася. Але зараз, нават нягледзячы на складаную сітуацыю, што склалася вакол мяжы нашай краіны, людзі з адказнасцю адносяцца да ўвагі з боку ваенкаматаў: юнакі тэрмінова праходзяць этапы прызыўной кампаніі і ў далейшым годна служаць ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь. Многія выпускнікі абіраюць лёс чалавека ў форме і паступаюць у ваенныя навучальныя ўстановы. Мужчыны працоўнага ўзросту, не марнуючы час, наведваюць мерапрыемствы зверкі ўліковых дадзеных.

У Петрыкаўскім раённым ваенкамаце праходзяць службу чатыры ваеннаслужачыя, усяго ж штат ваенкамата крыху больш дваццаці чалавек. Апрача вышэйадзначаных задач, супрацоўнікі таксама маюць непасрэднае дачыненне да справы захавання гістарычнай памяці: па зваротах грамадзян у архівы Беларусі накіроўваюцца запыты што тычацца вайсковых часцей, месцаў службы нашых продкаў, баявых дзеянняў, у якіх яны ўдзельнічалі, атрыманых узнагарод. У цеснай сувязі з райарганізацыяй Беларускага саюза афіцэраў рыхтуецца як мага больш поўная інфармацыя, што потым становіцца падставай для адкрыцця інфармацыйных дошак і памятных знакаў – увекавечання герояў і подзвігу народа ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

– Хацеў бы звярнуцца да маладых людзей, якія маюць намер звязаць свой лёс з прафесіяй ваеннага. Днямі Прэзідэнт у сваім пасланні беларускаму народу адзначыў важную задачу захавання абараназдольнасці краіны. Гэтыя словы не разыходзяцца са справай. Не так даўно Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ “Пра арэнднае жыллё для ваеннаслужычых”, згодна з якім пры 20-гадовай выслузе жыллё перадаецца ваенным на платнай аснове ў растэрміноўку да 15 гадоў. А пры 25-гадовай выслузе – на бязвыплатнай аснове. Варта разумець, што дзяржава клапоціцца пра тых, хто абараняе яе суверэнітэт.

Шчыра віншую калег з нашым прафесійным святам і жадаю моцнага здароўя, дабрабыту і мірнага неба над галавою”, – адзначыў Аляксандр Адамоўскі.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о