Гімназісты ў чарговы раз паспяхова выступілі на рэспубліканскай алімпіядзе

0
710

Вучні 10 “А” класа гімназіі горада Петрыкава Ганна Ганчар і Кірыл Адамоўскі прывезлі дыпломы І і ІІІ ступеняў па грамадазнаўстве і гісторыі. За цудоўнымі поспехамі, якімі, без перабольшвання, можа ганарыцца Гомельшчына, стаялі нават не месяцы, а гады мэтанакіраванай падрыхтоўкі. Пра алімпіядны рух, матывацыю і адпачынак мы і пагутарылі з рабятамі.

Гімназісты ў чарговы раз паспяхова выступілі на рэспубліканскай алімпіядзеКірыл Адамоўскі займаецца паглыбленым вывучэннем гісторыі ўжо пяты год. Юнак шчыра адзначае, што нават не памятае дакладна, чаму ў свой час выказаў жаданне больш сціпла спазнаць навуку пра чалавека ў часе сваёй настаўніцы Галіне Туравец. “Вядома, мне падабаўся прадмет, паўплывала і тое, што мая старэйшая сястра Кацярына таксама выступала на алімпіядах па гісторыі”, – падзяліўся хлопец.

 

Што да Ганны, то яна захапілася грамадазнаўствам у 8-м класе. “Мне падабаліся заняткі Галіны Уладзіміраўны. Ведала, што яна – педагог патрабавальны і на першым месцы ў яе стаіць дысцыпліна, мне гэта цалкам падыходзіла”, – распавяла дзяўчына.
З таго часу ў жыцці абодвух дзяцей з’явіўся літаральна новы расклад жыцця. Так, Ганна штодня прысвячала да пяці гадзін свайго часу толькі грамадазнаўству. “Заварваю гарбату, супакойваюся, прывожу ў парадак думкі ў галаве і прапрацоўваю тэмы”, – з усмешкай пералічыла дзяўчына.

Гімназісты ў чарговы раз паспяхова выступілі на рэспубліканскай алімпіядзеКірыл прысвячае штодзённаму вывучэнню гісторый гадзіну-дзве, але тут трэба заўважыць: адпачынак хлопца так ці інакш звязаны з спазнаннем гістарычнага мінулага. “Калі не ўлічваць заняткі лёгкай атлетыкай, то і мастацкая літаратура, і нават камп’ютарныя гульні – на гістарычную тэматыку. Усё гэта дапамагае атрымаць новыя веды, калі канешне, кемліва ставіцца да адпачынку”, – падзяліўся Кірыл.

Гімназісты ў чарговы раз паспяхова выступілі на рэспубліканскай алімпіядзеБольшую частку ведаў алімпіяднікі атрымліваюцьса школьнай праграмы. Гаворачы простай мовай, падручнікі суправаджаюць дзяцей паўсюль. Акрамя гэтага, гімназісты, вядома, карыстаюцца спецыялізаванай літаратурай, глядзяць дакументальныя фільмы, разбіраюць заданні мінулых конкурсаў. Школьны, раённы, абласны этап алімпіяд, падрыхтоўка ў саставе зборнай каманды вобласці ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны, і, нарэшце, рэспубліканская алімпіяда, што праводзілася сёлета ў Брэсце. За гэтымі словамі – безліч вывучанага і прапрацаванага матэрыялу.

Педагог Галіна Туравец сцвярджае: “У алімпіядным руху, звычайна, найбольш высокіх вынікаў дасягаюць тыя дзеці, якія самі прыходзяць да мяне. Разумееце, акрамя інтэлектуальных здольнасцяў Кірыл і Ганна – вельмі дысцыплінаваныя асобы. Я, іншы раз, адыходжу на другі план і выступаю, хутчэй, у ролі памочніка, калі рабяты бяруць свой тэмп у падрыхтоўцы”.

І вось дыпломы, як і віншаванні з нагоды скарэння найвысокіх рэспубліканскіх вяршыняў атрыманыя і надыходзіць час адпачынку. Ганна ў гэты перыяд дапамагае ў падрыхтоўцы алімпіяднікаў сваёй настаўніцы. У Кірыла, у большасці сваёй, расклад дня не істотна змяніўся. Юны гісторык хіба што больш часу дазваляе сабе прысвяціць камп’ютару і мастацкай літаратуры. Але трэба дадаць да партрэта хлопца яшчэ адну істотную дэталь – паралельна з бясконцымі падрыхтоўкамі малады чалавек яшчэ паспеў паўдзельнічаць і паспяхова прайсці этап за этапам і трапіць у суперфінал інтэлектуальнага тэлешоу “Я ведаю”. Асаблівасць конкурсу ў тым, што заданні тычацца ўсіх прадметаў школьнай праграмы. “Я думаў, што выступлю куды горш і пакіну праект значна раней, але ўдалося сабрацца і паказаць нядрэнны вынік. З іншага боку, гэтая гульня адняла багата сіл і часу”, – разважае Кірыл.

Дзеці і іх настаўніца напрыканцы нашай гутаркі выказалі бясконцую падзяку ўсім, хто падтрымліваў іх. Са слоў суразмоўцаў, вялікую ролю адыгрывае падтрымка бацькоў і блізкіх, сяброў і, канешне, адміністрацыі і педагагічнага калектыву гімназіі.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о