У Петрыкаве ідуць раскопкі на месцы пахавання мірных жыхароў – ахвяр фашысцкага рэжыму

Месца болю, памяці  і гістарычнай праўды

У мэтах захавання гістарычнай справядлівасці, генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь у сакавіку 2021 года распачала крымінальную справу па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Па ўсёй краіне супрацоўнікамі пракуратуры апытана больш за тры тысячы непаўналетніх вязняў фашысцкіх лагераў, сведак ваеннага ліхалецця, 132 з іх – у Петрыкаўскім раёне. Па ўспамінах ахвяр, на тэрыторыі Петрыкаўшчыны выяўлена 27 месцаў масавага знішчэння і пахавання, якія раней не былі вядомымі.

Пэўна, кожны жыхар Петрыкаўшчыны чуў пра сумна вядомае месца, што знаходзіцца ў раёне прамысловай зоны горада бліз 2-га Першамайскага завулка. Бадай кожнаму земляку людзі сталага веку расказвалі, колькі людзей там было закатавана і расстраляна ў гады ваеннага ліхалецця. Хіба не ў кожнай карэннай сям’і жыхароў нашага райцэнтра з гэтымі да жудасці маўклівымі пусткамі звязана свая страта: роднага, сваяка, суседа…
З 18 кастрычніка тут распачалі сваю працу вайскоўцы 52-га спецыялізаванага пошукавага батальёна, што базіруецца ў Лепельскім раёне на Віцебшчыне. Напачатку пошукавікі раскапалі некалькі шурфоў, каб высветліць прыкладныя межы пахавання, а потым, выявіўшы паглыбленні, пачалі дэталёвыя раскопкі. У мінулую пятніцу першыя рэшткі загінулых – расстраляных і закатаваных грамадзян з ліку мірнага насельніцтва – былі перададзены пракуратуры і следчым органам Петрыкаўшчыны.
Як адзначыў пракурор раёна Сяргей Таболіч, пра масавыя забойствы на гэтым месцы распавядаў у сваіх паказаннях мясцовы жыхар Рыгор Будовіч, які быў сведкам расстрэлаў: “Я тады хлопчыкам быў і пасвіў кароў недалёка. Як немцаў бачыў яшчэ здалёк, гнаў скаціну да лесу. Адтуль назіраў некалькі разоў, як з машыны фашысты выводзілі людзей, ставілі на ўскрайку катлавана і расстрэльвалі з вінтовак ці кулямёта”. Даказваюць расправы над жыхарамі горада і архіўныя крыніцы. Ваеннымі батальёна экзгуміраваны і перададзены косткавыя рэшткі не менш як сямі асоб. Пра тое, што гэта былі мірныя жыхары сведчаць асабістыя рэчы загінулых: ключы ад замкоў, заручальныя пярсцёнкі, грабеньчыкі для валасоў.
Даследаванні, што праходзяць па ініцыятыве пракуратуры раёна ў Год гістарычнай памяці, вядома, ускрыюць не мала жудасных фактаў знішчэння беларускага народа, нашых землякоў. Магчыма, нехта выкажа думку, што не варта варушыць даўніну, даць мёрцвым спакой. Але мы павінны ведаць і захоўваць праз час нашую гісторыю ва ўсіх аспектах, памятаць, якім коштам народ здабывае і адстойвае сваю незалежнасць.
Безумоўна, належнага пахавання заслугоўваюць і нашыя землякі, што сталі ахвярамі беззаконня і бесчалавечнай жорсткасці. У такія моманты выслоўе “вечная памяць” атрымлівае натуральны сэнс, калі мы робім усё магчымае, каб сапраўды захаваць гістарычную праўду і яднаемся, маўкліва схіліўшы галаву перад бедамі, што перанёс наш беларускі народ.
Пошукавыя мерапрыемствы на Петрыкаўшчыне працягваюцца, пра іх ход і вынікі мы раскажам у наступных публікацыях “Петрыкаўскіх навін”.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о