Дзень народнага адзінства вяртае нас да гістарычнай даты 17 верасня 1939 года, калі адбылася адна з лёсавызначальных падзей у гісторыі беларускага народа і яго дзяржаўнасці – з’яднанне Заходняй Беларусі і БССР.
Беларускі народ, разарваны і разадраны Рыжскім мірным дагаворам 1921 года, уз’яднаўся ў адзінай дзяржаве, атрымаў магчымасць развівацца ў межах адной рэспублікі. Таму 17 верасня мы сёння па праве называем кропкай адліку новай гісторыі адзінага беларускага народа. Ну а новае свята, прымеркаванае да даўняй, вядомай даты, – нагода для кожнага з нас задумацца пра значэнне памяці і ўласнай гісторыі. Пра тое, што замоўчванне яе старонак не бывае бясследным, што важна ведаць пра сябе саміх усё: ведаць праўду, якой бы горкай яна не была, і цаніць дасягненні продкаў.
“Мы ўвекавечылі сімвал, важнейшы для разумення геапалітычных пагроз, якія і праз сотню гадоў не страчваюць сваёй актуальнасці, – адзначыў сёлета Аляксандр Лукашэнка ў час штогадовага паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. – Мы павінны памятаць, а нашы дзеці павінны ведаць, калі і як перакройваліся беларускія граніцы, каб дагадзіць чужым нацыянальным інтарэсам, і як гэта – жыць на роднай зямлі, але ў чужой дзяржаве”.
Аднак свята адзінства беларускага народа – гэта не толькі пра падзеі 1939 года, але і пра нас сучасных – беларусаў, што асэнсоўваюць сябе адзіным народам з агульным памкненнем жыць і працаваць дзеля росквіту роднай краіны.
У гэтыя перадсвяточныя дні важна кожнаму ўсвядоміць, што Радзіма ў нас адна, лёс краіны – агульны, і мара кожнага з нас – жыць у мірнай і квітнеючай Беларусі. І самае галоўнае – усё ў нашых руках, усё нам пад сілу. Таму давайце разам працаваць са стараннасцю і любоўю на карысць нашай любімай Беларусі, бо сіла нацыі – у яе адзінстве. Толькі аб’яднаўшы намаганні і з’яднаўшыся, мы зберажом мір і дабрабыт на нашай зямлі.
Дзень народнага адзінства варты таго, каб прыўзняцца над паўсядзённасцю, душой і сэрцам адчуць сябе часцінкай беларускага народа з яго самабытным лёсам, наведаць святочныя мерапрыемствы ў гонар дзяржаўнай урачыстасці.
Са святам, землякі, з Днём народнага адзінства!

Галіна КАЗАК.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о