У  Беларусі выбудавана дакладная сістэма работы са зваротамі грамадзян. Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка вельмі сур’ёзна ставіцца да гэтых пытанняў. Мясцовыя органы ўлады надзелены асаблівымі паўнамоцтвамі ў гэтай сферы і павінны, як справядліва лічыць Прэзідэнт, заўсёды чуць людзей. “У гэтай дзейнасці не павінна быць фармалізму і абыякавасці. Наша задача – дайсці да ўсіх праблем, нават калі яны здаюцца нязначнымі. Бо для нашых людзей яны важныя”, – перакананы кіраўнік краіны.

У раёне актыўна выкарыстоўваюцца розныя формы ўзаемадзеяння з насельніцтвам: прамыя тэлефонныя лініі, асабістыя прыёмы грамадзян, дыялогавыя пляцоўкі, інфармацыйныя сустрэчы ў калектывах, грамадскія прыёмныя, што  дазваляе трымаць руку на пульсе і лепш вырашаць актуальныя праблемы.

Агульная колькасць зваротаў, што паступілі ў Петрыкаўскі райвыканкам за студзень-жнівень 2022 года, склала – 139. Заяўнікоў у асноўным хвалююць пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі, транспарту, паляпшэння стану дарог, будаўніцтва жылля, гандлю.  Прынятыя меры па вырашэнні актуальных пытанняў дазволілі дасягнуць зніжэння колькасці зваротаў у райвыканкам амаль на 10 % у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Па інфармацыі загадчыка сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Галіны Валохінай, за студзень-жнівень 2022 года кіраўніцтвам Петрыкаўскага райвыканкама праведзена 93 асабістыя прыёмы грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб, у ходзе правядзення якіх паступіла 53 звароты.

Вырашаны зварот жыхаркі райцэнтра Людмілы Уладзіміраўны па пытанні аказання матэрыяльнай дапамогі бацьку заяўніцы ў сувязі з пажарам. Таццяна Міхайлаўны вырашыла на ўзроўні старшыні райвыканкама пытанне неналежнага стану дарогі па вуліцы Калініна, Максім Іванавіч – пытанне ўводу ў эксплуатацыю гаража, Сяргей Пятровіч – рэканструкцыі дома. Станоўча вырашаны зварот Сяргея Мікалаевіча па пытанні рамонту дарожнага пакрыцця па 1-м завулку Асеннім і Ірыны Васільеўны, жыхаркі Мазыра, па пытанні добраўпарадкавання Ленінскага падгор’я.

За студзень-жнівень 2022 года кіраўніцтвам Петрыкаўскага райвыканкама праведзена 34 суботнія «прамыя тэлефонныя лініі», у час якіх паступіла 32 звароты. За аналагічны перыяд 2021 года паступіла 53 звароты. Вырашана пытанне  Зінаіды Аркадзьеўны  з арганізацыяй прыпынку аўтакрамы каля дома заяўніцы з прычыны немагчымасці перамяшчэння на далёкія адлегласці, жыхара аграгарадка Колкі – па арганізацыі  вулічнага асвятлення.

На кантролі знаходзяцца 7 зваротаў, сярод якіх – пытанне падвядзення прыроднага газу да дома 79 па вуліцы Першамайскай, уладкаванне пешаходнай дарожкі па вуліцы Каралева, якасць вады ў населеным пункце Муляроўка і стан дарог у Мышанцы.

Як пазначыла ў час размовы загадчык сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Галіна Валохіна, работа са зваротамі грамадзян на сённяшні дзень – адзін з найважнейшых напрамкаў дзейнасці ўсёй сістэмы дзяржкіравання Рэспублікі Беларусь. Менавіта яна забяспечвае абарону правоў і законных інтарэсаў чалавека, садзейнічае павышэнню якасці жыцця людзей, стварэнню ўмоў для свабоднага развіцця асобы.

Галіна КАЗАК.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о