Зусім хутка будзе любімае ўсімі намі свята – Новы год. Адна з распаўсюджаных навагодніх забаў – запуск феерверкаў, выбух петард і іншай піратэхнікі – акрамя таго, што стварае чароўную атмасферу свята, можа стаць прычынай большасці навагодніх траўм, а таксама адміністрацыйных ці нават крымінальных правапарушэнняў.

Участковы інспектар міліцыі Арцём Ціпко ў размове з нашым карэспандэнтам нагадаў прававыя аспекты выкарыстання піратэхнічных сродкаў.
Як пазначыў праваахоўнік, ні ў якім выпадку нельга выкарыстоўваць піратэхніку паблізу дамоў і ў грамадскіх месцах. Да апошніх адносяцца любыя аб’екты рэальнага ці патэнцыйнага знаходжання людзей (плошчы, паркі, вуліцы, дваровыя тэрыторыі і ўсе тыя месцы, дзе могуць знаходзіцца людзі) нават у той перыяд, калі грамадзяне там адсутнічаюць, важна, што яны гіпатэтычна могуць знаходзіцца там і стаць мімавольнымі сведкамі або ўдзельнікамі супрацьпраўных дзеянняў.
– Выкарыстанне піратэхнікі ў грамадскіх месцах можа прывесці да непажаданых наступстваў: асоба можа быць прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 19.1 “Дробнае хуліганства”, які прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры ад 2 да 30 базавых велічынь, або грамадскія працы, або адміністрацыйны арышт.
Калі ж за выбухамі петард будзе затрымана дзіця, то бацькам давядзецца несці адказнасць па частцы 1 артыкула 10.3 “Невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей”, санкцыя якой прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры да 10 базавых велічынь, – пазначыў у час размовы Арцём Дзмітрыевіч.
Таксама ўчастковы інспектар нагадаў, што калі пры выкарыстанні піратэхнічных цацак будзе нанесена значная шкода здароўю або маёмасці навакольных, то парушальнікам можа пагражаць і крымінальная адказнасць па артыкуле 339 “Хуліганства” Крымінальнага кодэкса, санкцыя якой прадугледжвае грамадскія працы, або штраф, або выпраўленчыя работы на тэрмін да двух гадоў, або арышт, ці абмежаванне волі на тэрмін да двух гадоў, ці пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў.
Каб свята не было азмрочана траўмамі ці разбіральніцтвам ў райаддзеле ўнутраных спраў, паважаныя землякі, прыслухайцеся да парад праваахоўніка.

Запісала Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о