На Петрыкаўшчыне актыўна праходзіць Рэспубліканская акцыя МНС “За бяспеку разам”, у ходзе якой суб’екты прафілактыкі працягваюць узмоцнена абследаваць жылы фонд грамадзян. У рэйд па абследаванні домаўладанняў у саставе назіральнай камісіі адправіліся і карэспандэнты раённай газеты.

З надыходам восені ў кожны дом прыходзіць ацяпляльны сезон. Назіральная камісія №2 горада Петрыкава паўторна абследуе дамы, якія ацяпляюцца печамі.
Па першым адрасе пражывала шматдзетная сям’я. Печ спраўная, праводка новая і ў карабах, а апавяшчальнікі ўсталяваны на столі ў кожным пакоі. Інспектар РАНС правярае спраўнасць – усе прылады працуюць. У наступным домаўладанні высвятляецца, што ў пражываючай адсутнічае пажарны апавяшчальнік. У астатнім – усё добра. Інспектар звяртаецца да жанчыны.

– Зразумейце, што пажарны апавяшчальнік своечасова апавясціць вас пра ўзгаранне. Прыбор рэагуе на найменшае задымленне ў памяшканні і падае гучны гукавы сігнал, які здольны абудзіць нават спячага чалавека.
У астатніх домаўладаннях апавяшчальнікі былі ў наяўнасці, але не абышлося без заўваг: прыбор набыты, але ляжыць на паліцы, а калі і вісіць на столі, то няма батарэйкі. А вось адзін з землякоў сталага ўзросту нас парадаваў. Мінулы раз, калі наведвалі яго жыллё, былі выяўлены праблемы з печчу: меліся вялікія расколіны, не было перадтопачнага ліста.

– Расколіны замазаў, печ пабяліў, металічны ліст паклаў, а комін прачышчаў мой сын, – распавёў нам дзядуля.

– Памятайце і пра тое, што печ лепш прапальваць два-тры разы на дзень, а закрываць засланку не менш як за дзве гадзіны да сну і толькі пераканаўшыся ў тым, што ўсе вуглі прагарэлі, – нагадваў супрацоўнік РАНС.
Кожнаму домаўладальніку інспектар уручыў буклет, у якім сабраны найважнейшыя правілы бяспекі ў побыце і нагадваў дзеянні ў выпадку ўзнікнення пажару.

Святлана СОБАЛЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о