Сур’ёзны падыход да жыцця

0
616

Яны не толькі гонар школы і раёна – усёй краіны! Удзел у алімпіядзе любога ўзроўню сведчыць пра тое, што школьнік мае сур’ёзны падыход не толькі да вучобы, але і да ўсяго свайго будучага жыцця, бо такія вучні больш уседлівыя, працавітыя, мэтанакіраваныя. Яны дакладна ведаюць: не папрацаваўшы, поспеху не дабіцца.
Сёлета наш раён на ІІІ этапе рэспубліканскай алімпіяды праслаўлялі: вучань 11 класа Кірыл Грыцкевіч з гімназіі горада Петрыкава, хлопец па працоўным навучанні атрымаў дыплом ІІ ступені, вучаніца 10 класа гімназіі Лілія Кілбас, па вучэбным прадмеце “Грамадазнаўства” яна атрымала дыплом ІІІ ступені, 11-класнік Бабуніцкай школы Андрэй Раўкоўскі, які па вучэбным прадмеце “Геаграфія” ўзнагароджаны дыпломам ІІІ ступені. 

З рабятамі, якія атрымалі дыплом І ступені, асобна пагутарыў наш карэспандэнт.

Сур’ёзны падыход да жыцця
Злева направа: Аляксандра Булава, Кірыл Адамоўскі, Ганна Ганчар

Аляксандра БУЛАВА, вучаніца 9 класа гімназіі, дыпламантка І ступені абласного этапа рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры:
– Алімпіяда прайшла нармальна. Заданні не падаліся занадта складанымі. Удзел у ёй – цікавы вопыт, праверка на стрэсаўстойлівасць, камунікабельнасць і, вядома ж, веды.
У асноўным падрыхтоўка да алімпіяды ўяўляе сабой паўтарэнне ўсяго пройдзенага раней, у тым ліку паўторнае прачытанне твораў з курса рускай літаратуры.
Цяпер імкнуся зарабіць адзнакі па большасці прадметаў, але ў той жа час не забываю пра падрыхтоўку.
Мая настаўніца рускай мовы і літаратуры Людміла Мчэдлава дае мне заданні для падрыхтоўкі, тлумачыць тэмы наперад. Яшчэ я трэніруюся пісаць водгукі, бо напісанне водгуку на верш – гэта амаль палова балаў на алімпіядзе.
У хуткім часе я паеду на зборы для вучняў, якія ўвайшлі ў склад абласной каманды, тут ужо нас навучае непасрэдна трэнер абласной каманды.
Мне вельмі хочацца, каб мая настаўніца ганарылася мной, поспех, які ў мяне ўжо ёсць сёння, прыйшоў менавіта дзякуючы ёй.

Кірыл АДАМОЎСКІ, вучань 11 класа гімназіі, дыпламант І ступені абласного этапа рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі:
– Наконт алімпіяды магу сказаць наступнае: не было такога ўражання, якое склалася ў мінулым годзе (алімпіяда стала практычна штодзённай рэччу), заданні здаліся не занадта складанымі ў параўнанні з леташнімі, ды і сама структура спрасцілася, таму 1-я ступень мяне не здзівіла.
Зараз я надаю больш увагі іншым прадметам, па якіх буду здаваць іспыты і, тым не менш, усё роўна аддаю вялікую колькасць часу дысцыплінам “Сусветная гісторыя” і “Гісторыя Беларусі”.

Ганна ГАНЧАР, вучаніца 11 класа гімназіі, дыпламант І ступені абласного этапа рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве:
– У алімпіядным руху я ўдзельнічаю ўжо не першы год. Усё: месца правядзення алімпіяды, заданні, людзі, якіх я сустрэла, – усё засталося як раней. Адзіны момант – хваляванне. Яго было значна больш, чым раней. Магчыма, з-за адказнасці, можа з-за таго, што я ў выпускным класе і што гэта мой апошні алімпіядны сезон у школьнай кар’еры.
Было прыемна бачыць знаёмых. Абмеркавалі нядаўнія навіны, заданні, планы, ну і, вядома, падзяліліся прагнозамі, хто ж увойдзе ў топ-5 і паедзе на рэспубліканскі этап. Зыход шмат у чым быў нечаканым. Што казаць пра заданні? Яны аказаліся, на здзіўленне, лёгкімі. Але расслабляцца было рана, у 11-м класе гонка за запаветнымі 100 баламі была вельмі напружанай.

 

 

Наталля ПЕТРУШЭНКА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о