Дабіраючыся да палеткаў, дзе працуе на ўборцы кукурузы на сілас Дзмітрый Тарэндзь, можна было пераканацца на ўласныя вочы: “царыца палёў” у СУП “Палессе-Аграінвест” урадзілася добрая. У наваколлі вёскі Рубча канчаткова запэўніліся ў неблагім ураджаі гэтай культуры: у спадарожным напрамку да поля спяшалася парожняя тэхніка, насустрач ёй ехаў грузавік з поўным кузавам зялёнай масы, а на месцы чакалі сваёй чаргі яшчэ некалькі трактароў з прычэпамі.

Прыпыніўся камбайн “Растсяльмаш” на ўскрайку палетка, у кабіне машыны сядзеў малады чалавек. Гледзячы на тое, з якой цікавасцю я ўдакладняю прозвішча, суразмоўца зазначыў: “Я мясцовы, родам з вёскі Слабада, а карані маёй сям’і з Гро-дзеншчыны. Скончыўшы Слабацкую базавую школу і атрымаўшы вадзіцельскае пасведчанне, я ўладкаваўся ў мясцовую гаспадарку – ААТ “Агра-Слабада”. Выбар зрабіў свядома: мой тата Міхаіл Леанідавіч усё жыццё працуе на трактары, я з маленства бавіў вольны час з ім на жніве. Шлях трактарыста абраў і мой старэйшы брат”, – згадаў Дзмітрый Тарэндзь.

Калі бацькі даведаліся пра намер сына звязаць жыццё з сельскай гаспадаркай, маці з усмешкай адзначыла, маўляў, яблык ад яблыні не далёка падае. Бацька ж выказаўся ёміста: “Гэта твой выбар. Я не маю нічога супраць і падтрымліваю цябе: ты потым сам зразумееш, твая гэта справа, ці трэба шукаць іншага лёсу. Адзінае, пра што я абавязаны табе нагадаць: хлеб аграрыя лёгка не даецца, трэба будзе аддана працаваць”.

– З гэтага часу, ужо 11 гадоў, больш за тры з якіх у “Палессі-Аграінвест”, я нязменна працую механізатарам. Графік у аграрны сезон, вядома, напружаны, але ўжо прызвычаіўся. Калі гарачы час палявых работ пройдзе, а на работу трэба будзе прыходзіць толькі а 8-й раніцы, я яшчэ доўга буду ўсё роўна прачынацца ў палову 6-й гадзіны, – усміхаецца Дзмітрый.

Зараз мужчына жыве ў Петрыкаве, а калі выпадае вольная гадзіна – накіроўваецца ў родную Слабаду, каб дапамагчы бацькам у гаспадарчых справах: усё ж трэба нарыхтоўваць дровы на зіму і дапамагаць бацьку ў будаўніцтве гаража.

Я звяртаю ўвагу на манітор бартавога камп’ютара і ў кабіне камбайна. У мностве лічбаў на экране, вядома, разабрацца не магу, ды
яно мне і не патрэбна, цікаўлюся ўласна намалотам. Вадзіцель тлумачыць: “Электроніка паказвае, што на гэтым участку, дзе я шчырую два дні, сабрана 1660 тон зялёнай масы”.

На пытанне, ці былі намеры, а то і прапановы змяніць род дзейнасці, малады чалавек разважліва распавядае: “Калі шчыра, то лепшай перспектывы я не бачу. Тут я атрымліваю годны заробак ды і ўмовы працы ў “Аграінвесце” створаны добрыя, і тэхніка сучасная нараканняў не выклікае. Акрамя гэтага ёсць і маральнае задавальненне: усё ж за поўныя паліцы ў харчовых крамах і разнастайнасць на сталах беларусаў адказваюць аграрыі. Тым больш, што айчынныя прадукты харчавання заўсёды адзначаліся сваёй якасцю, таму і за вынікі нашай з калегамі працы не сорамна – усё гэта, пэўна, самая аб’ектыўная адзнака таго, што мы робім”.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о