Спорт высокіх дасягненняў: які ён сёння?

0
364

13 чэрвеня з адкрытых інтэрнэт-крыніц стала вядома, што Міжнародны алімпійскі камітэт прыняў рашэнне па ўдзеле спартсменаў з Беларусі і Расіі ў Алімпійскіх гульнях 2024 года, якія пройдуць у Парыжы. У спісе запрошаных нашых атлетаў няма.

Нельга сказаць, што я разлічвала на станоўчае рашэнне пытання камітэтам у дачыненні да нашых атлетаў. Чаму? Не цяжка здагадацца: нават нягледзячы на тое, што літаральна ў сакавіку бягучага года гучала меркаванне пра магчымы ўдзел беларускіх і расійскіх спартсменаў у якасці нейтральных, без сцяга і гімна ў выпадку перамогі, у гэты ж час тэма санкцый у дачыненні да нашых дзяржаў набірала абароты і набыла больш гучную і катэгарычную рыторыку. Вывад напрошваўся сам сабою – наўрад ці галоўны старт спартыўнага чатырохгоддзя пройдзе з удзелам нашых каманд. Так яно, між іншым, пакуль і атрымліваецца.

Аднак пачакаем яшчэ крыху – 26 ліпеня Міжнародны алімпійскі камітэт разашле афіцыйныя запрашэнні краінам да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях 2024 года ў Парыжы.

А пакуль, гады трэніровак, траўмы, перадоленне болю і адчаю, прафесійнае сталенне маладых і вопытных атлетаў – усё пастаўлена на кон спартыўнымі функцыянерамі ва ўгоду “моцным гэтага свету”, палітыкам без сумлення, але з амбіцыямі “ўладароў людскіх лёсаў і свету”.

Несамастойнасць, якую дэманструе Міжнародны алімпійскі камітэт, прымаючы дыскрымінацыйнае для нашых краін і спартсменаў рашэнне па ўдзеле ў галоўнай спартыўнай падзеі, ставіць пад сумненне былую вартасць і значнасць алімпійскай узнагароды як вяршыні дасягненняў мацнейшых атлетаў свету, здабытую ў сумленнай барацьбе лепшых з лепшых.

Што да нашых спартсменаў, то іх стрыманасці і годным паводзінам можна толькі…не, не пазайздросціць, а павучыцца. Працягваюцца трэніроўкі, каманды заяўляюцца на ўсе магчымыя турніры, ладзяцца спартыўныя мерапрыемствы міжнароднага ўзроўню і ў нашай краіне. Так, менш чым праз месяц Беларусь гасцінна сустрэне ўдзельнікаў ІІ Гульняў краін СНД. І яны, у адрозненні ад Алімпійскіх гульняў, у поўнай меры адпавядаюць растыражаванаму, але “мертваму” сёння з-за слабасці і беспрынцыповасці спартыўных функцыянераў прынцыму “спорт па-за палітыкай”. Нашыя гульні адкрытыя для ўсіх, хто па-ранейшаму лічыць спорт – дэманстрацыяй сілы і вынікаў чалавечых магчымасцяў, а не гразным спосабам палітычных інсінуацый. Мы пакажам усяму свету, як павінен выглядаць сапраўдны спартыўны форум, які мае на мэце аб’яднаць спартсменаў і каманды, даць вопыт сумленнай бацьбы за спартыўную ўзнагароду, а не ўсё тое, чым вызначаюцца сучасныя Алімпійскія гульні. ІІ Гульні краін СНД будуць сапраўдным святам спорту, яркім і відовішчным мерапрыемствам.

Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о