Крокус Сіці Хол: страшная трагедыя бесчалавечнасці

0
150

Пачынаючы з вечара пятніцы і да гэтых дзён увага сусветнай супольнасці прыцягнута да страшнага інцыдэнту – тэракту ў канцэртнай зале Крокус Сіці Хол, што знаходзіцца ў падмаскоўным горадзе Краснагорск.

Нагадаем, 22 сакавіка, каля 20 гадзін, перад канцэртам гурта “Пікнік” у памяшканне ўварваліся некалькі чалавек з аўтаматамі, якія пачалі расстрэльваць прысутных. Пасля на верхніх узроўнях канцэртнай залы распачаўся пажар, які ініцыіравалі захопнікі. Па апошніх дадзеных МНС, у тэракце пацярпела 152 чалавекі, следчы камітэт у панядзелак увечары адзначыў, што загінула не менш за 137 чалавек, – паведамляе Расійскае інфармацыйнае агенцтва “Навіны”.

Перадаецца, што ўсе чацвёра выканаўцаў тэракта затрыманы на наступны дзень у Бранскай вобласці, адкуль яны планавалі перабрацца ва Украіну. Агульная колькасць затрыманых, па паведамленні ФСБ, складае 11 чалавек. Як паведаміў Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін: “Мы ведаем, што злачынства здзейснена рукамі радыкальных ісламістаў, з ідэалогіяй якіх сам ісламскі свет змагаецца стагоддзямі. Нас цікавіць – хто заказчык”. Сілавікі зараз працуюць над выкрыццём усёй базы паплечнікаў тэрарыстаў. Паводле звестак ФСБ, зброя тэрарыстаў была загадзя схаваная ў тайніку.

Пройдзе час і грамадскасці стануць вядомыя падрабязнасці пужаючага злачынства. А пакуль тысячы кветак з’яўляюцца ў стыхійных помнікаў ахвярам тэрарыстычнага акту. Мільёны людзей з Расіі і мноства іншых краін схіляюць галаву перад смерцю і пакутамі тых людзей, што аказаліся ў пятніцу ў сумна вядомай канцэртнай зале.

Зразумела, што цынізму і бесчалавечнасці заказчыкаў і выканаўцаў бязлітаснай акцыі застрашэння няма межаў, але якой мэты яны хацелі дасягнуць? Безумоўна, гэты тэрарыстычны акт пакіне незагойную рану і душы кожнага грамадзяніна, але, трэба разумець, што народ Расіі згуртуецца яшчэ больш перад выклікамі, яшчэ больш глыбока будзе ўсведамляць сябе адзіным цэлым, адчуе сваю моц перад цяжкімі выпрабаваннямі, што выпалі на яго долю, у чарговы раз пакажа сябе няскораным.

Мы спачуваем трагедыі, асэнсоўваем агульнае гора, аддаём даніну памяці загінуўшым без віны, схіліўшы галаву ў хвіліну маўчання… Але мы не спыняемся ў анямелай разгубленасці і гатовыя заўсёды дапамагчы, падставіць братэрскае плячо, як гэта і павінна быць у цывілізаваным свеце.

Арцём ГУСЕЎ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о