Не так даўно, акурат пасля Радуніцы, у аддзеле ўнутраных спраў райвыканкама было людна. Сабраліся тут грамадзяне, што знаходзяцца на ўліку ў крымінальна-выхаваўчай інспекцыі. Падобныя сустрэчы ладзяцца з мэтай фарміравання ў адзначаных асоб законапаслухмянага ладу жыцця. Для гэтага праводзіцца работа па выяўленні і ўхіленні ўмоў, што могуць прывесці да рэцыдыву, а тасама садзеяння ў працаўладкаванні і разнастайнай дапамозе.

Шляхі выпраўлення:  ад жывёлавода да буфетчыкаНа сустрэчы прысутнічала каля трох дзясяткаў мужчын. Гутарку распачаў начальнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі райаддзела ўнутраных спраў Уладзімір Аскерка, што давёў нормы, у тым ліку новаўвядзенні, крымінальнага і адміністрацыйнага заканадаўства.

Урач-нарколаг Петрыкаўскай ЦРБ Алена Сапоненка патлумачыла: “Некаторыя асобы памылкова лічаць, што праз тры гады пасля прымусовага лячэння ад алкагалізму, нармаканіі ці таксікаманіі (па артыкуле 107 Крымінальнага кодэкса), грамадзянін аўтаматычна здымаецца з уліку ў нарколага. На самой справе, улік як прызначаецца, так і здымаецца судом. Урач можа толькі падаць хадатайства ў судовыя органы. Для гэтага трэба рэгулярна наведваць наркалагічны кабінет і выконваць усе прадпісанні. Такім чынам, працэс зняцця з уліку можа ажыццяўляцца ўжо пасля года нагляду, але сам чалавек павінен быць у гэтым зацікаўлены.

Звярнуцца за дапамогай да спецыяліста можна ана-німна, за такія звароты грамадзянін не трапіць на ўлік. Таксама ў райцэнтры з’явілася таварыства ананімных алкаголікаў. З-за сваёй недасведчанасці некаторыя лічаць, што наведванне гэтага таварыства патрабуе грашовых узносаў. Насамрэч, аніякіх сродкаў гэтая мера падтрымкі не патрабуе, адмовіцца ад дрэннай звычкі вам будуць дапамагаць людзі, што таксама мелі сумны вопыт злаўжывання спіртным, але ў свой час здолелі асэнсаваць памылку і абраць годны шлях жыцця, – адзначыла Алена Сяргееўна.

Вядучы бухгалтар службы занятасці Таццяна Зубар пазнаёміла прысутных са спісам вакансій, у якіх маюць патрэбу працадаўцы Петрыкаўшчыны. Дарэчы, варыянтаў уладкавання ў раёне налічваецца каля чатырох соцень, ад жывёлавода да буфетчыка ў кафэ, але трэба разумець, што мноства прапаноў прадугледжваюць наяўнасць на працоўных месцах адукаваных работнікаў. Асабліва “весела” прысутныя адрэагавалі на вакансіі вадзіцелей транспартных сродкаў. Трэба разумець, што мноства ўдзельнікаў мерапрыемства былі пазбаўлены правоў кіравання па вядомых прычынах.
Завяршыў сустрэчу іерэй Сергій Капітан. Святар адзначыў, што шанец выратавання сваёй душы ёсць ва ўсіх і прыгадаў біблейскі сюжэт, згодна з якім, першым, хто трапіў у рай, быў разбойнік.

– Ваша мэта – выратаваць сваю душу, бо нават пазбаўленне волі – гэта часовыя пакуты, а пасля суда Божага душа можа патрапіць у пекла, дзе яе будуць чакаць пакуты даўжынёй у вечнасць. Пачынайце з малога: штодзённа маліцеся, хрысціцеся, калі бачыце іконы ці праходзіце паўз царкву і памятайце што Бог ёсць любоў, – параіў айцец Сергій.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о