Як чалавек з маладосці пакутаваў на алкагольную залежнасць і што яго прымусіла ўсё гэта кінуць – пра гэта наш матэрыял.
Яўгену (імя змененае) 37 гадоў. І вось яго гісторыя.

Першы раз мужчына напіўся ў 14-гадовым узросце. Да гэтага спрабаваў шампанскае па святах, але кіслы смак шыпучага напою яму не падабаўся.

– У той час мама пры кожным зручным выпадку прадказвала: “Вось вырасцеш і будзеш, як бацька, такім жа алкаголікам”, але я ўсё адмаўляў. Праз некаторы час зразумеў, што стаў яшчэ горшы за бацьку.
У дарослым узросце навучыўся пахмяляцца на працы. І вынік не прымусіў доўга чакаць: ужо ў 21 год упершыню закадзіраваўся. Для каго гэта зрабіў? Вядома, не для сябе, а для маці.

Неўзабаве Яўген ажаніўся, нарадзіўся сын. У той час ён мог дазволіць сабе выпіваць з сябрамі праз дзень. Часам піва, часам і нешта мацнейшае. І вось чарговая кадзіроўка. У агульнай колькасці кадзіраваўся мужчына сем разоў. Бывала, што працэдура і дапамагала, а бывала, што не.

– Шмат разоў абяцаў сам сабе пасля кадзіроўкі не піць, але праходзіў тыдзень – і зноў браўся за чарку.
Яўген прызнаецца, што хацеў кінуць, але ніяк не атрымлівалася. Жонка цярпець не стала: развялася. Часам, калі ўсё ж такі браў сябе ў рукі, бачыўся з сынам.

“Кінуць піць лёгка,  складана – не пачаць зноў”. Пранізлівае інтэрв’ю чалавека, які пакутаваў на алкагольную залежнасць– Такая цвярозасць працягвалася каля трох гадоў, пакуль не сустрэў другую будучую жонку, з якой пачалі выпіваць разам. У нас нарадзілася дзіця, якое ў васьмігадовым узросце ўзяла на выхаванне бабуля, паколькі нашу праблемную сям’ю паставілі на ўлік. Сына гадавала мая мама… Здаецца, і разумеў, што забяруць дзіця, што трэба было кідаць піць, а не збіраўся завязваць з алкаголем. Выклікалі з жонкай на розныя сходы ў райвыканкам, у міліцыю, з царквы прыязджалі і расказвалі пра шкоду алкаголю. Таксама расказвалі, што існуе супольнасць ананімных алкаголікаў. Ну, пасядзелі-паслухалі: ну якія мы алкаголікі? “Пайшлі хутчэй адсюль, мы ў краму спазняемся”, – сказаў я сваёй жонцы.
А тое, што мужчына і сапраўды алкаголік, ён даведаўся з тэлевізійнай праграмы.
– Нарколаг з экрана расказваў пра алкагалізм і яго сімптомы, якія цалкам супалі, і я падумаў: “І што далей? Трэба гэтую справу “замачыць”. І адправіўся ў краму.
І толькі калі другую маю сям’ю паставілі на ўлік СНС, калі адвярнуліся ўсе блізкія, калі звольнілі з працы, увогуле, усё было страчана, вырашыў, што так працягвацца больш не можа.

Яшчэ каля месяца я піў, а потым здарылася непапраўнае: аднойчы раніцай прачнуўся і адчуў, што было б нядрэнна пахмяліцца, але грошай няма. І тады выпіў лак для валасоў сваёй жонкі. Мне было вельмі дрэнна, я патэлефанаваў маці і папрасіў дапамагчы. Неўзабаве да мяне прыехалі спецыялісты і зрабілі ўкол. Тады яшчэ схлусіў, што 10 дзён не піў, інакш бы не ўкалолі.
Я адчуў, што дасягнуў дна. Мяне мучыла бяссонь, а спіртное не прыносіла былой радасці. Пачаў выконваць прадпісанні райвыканкама для таго, каб вярнуць сына, а таксама ўладкаваўся на працу.

У Петрыкаве я нарэшце адважыўся разам з жонкай наведаць Таварыства ананімных алкаголікаў.
Паводле слоў нашага героя, яго нібы прыцягнула вышэйшая сіла. Яўген схадзіў на першую сустрэчу, на другую… спадабалася. Там былі такія ж людзі, як і ён. Да таго моманту ў іх сям’ю ўжо вярнулі дзіця. Жыццё пачало наладжвацца.
– Ужо каля пяці гадоў я не ўжываю спіртное дзякуючы наведванню груп АА і рабоце па праграме “12 крокаў”. І нарэшце я пачаў радавацца жыццю без алкаголю. Што я хачу сказаць такім жа, як я? Алкаголь – гэта не жарты, ён зацягвае. І калі чалавек п’е, а апраўдвае паводзіны такім чынам, што гэта ўсё ненадоўга, “я магу спыніцца ў любы час” – гэта сігнал, што час звяртацца да спецыялістаў.

У Петрыкаве мне дапамагло таварыства “Ананімныя алкаголікі”. Цяпер у горадзе адна група. Мы збіраемся толькі з адной мэтай – дапамагчы сабе і іншым пазбавіцца ад алкагалізму.
Для таго, каб чалавек кінуў піць, трэба жаданне. Калі кінуць піць лёгка, самае складанае – не пачаць зноў. Дарэчы, ананімнасць таварыства заключаецца ў тым, што ўдзельнікі не гавораць, як іх завуць і дзе яны працуюць. І інфармацыя цалкам канфідэнцыйная. У час сустрэч мы дзелімся досведам і распавядаем, як кінуць і не пачаць піць зноў. Алкаголікі, якія сталі на шлях выпраўлення, распавядаюць, як жылі раней і цяпер, як прайшлі ці яшчэ праходзяць праграму “12 крокаў”, з якімі цяжкасцямі сутыкаюцца і як іх пераадольваюць.

Па ўсіх пытаннях звяртайцеся ў групу “Мы разам” па тэлефоне 8-029-512-93-37, сходы праходзяць 2 разы на тыдзень. Адрас: ДУ “Петрыкаўскі ТЦСАН”, вуліца Першамайская, 118а.

Запісала Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о