Харчовай бяспецы ў Беларусі заўсёды надавалася вялікая ўвага. Мяса-малочная галіна з’яўляецца адной з прыярытэтных і цалкам забяспечвае краіну гатовымі прадуктамі за кошт айчыннай вытворчасці. Каб задаволіць патрэбы насельніцтва краіны ў поўнай меры, асаблівая ўвага надаецца развіццю жывёлагадоўлі. З усіх прафесій, якія задзейнічаны ў вырошчванні буйной рагатай жывёлы, праца цялятніцы стаіць на першай прыступцы: менавіта дзякуючы яе ўменню і клопату, будучае пагалоўе “становіцца на ногі” і мацнее.

Шчырая працаўніца

Святлана Бухтарэвіч працуе жывёлаводам дваццаць гадоў. Кожную раніцу жанчына спяшаецца на ферму СУП “Чалюшчавічы” да сваіх “падапечных”. Хвалюецца, як там пераначавалі яе цяляткі, ці ўсе здаровыя. Каб пераканацца, што ўсё добра, да кожнай жывёліны падыдзе, пагладзіць. А іх у жанчыны шэсцьдзесят шэсць.
Паступае маладняк у групу дарошчвання да Святланы Дзмітрыеўны прыкладна праз пятнаццаць дзён пасля ацёлу і застаецца пад яе доглядам да трох месяцаў. Можна сказаць, што жанчына працуе з “ясельнай групай”.
– Цялят прыводзяць да мяне зусім яшчэ малых, кволых, пагэтаму і адказнасць асаблівая, – гаворыць суразмоўца. – За імі, такімі яшчэ непрыстасаванымі да жыцця, адарванымі ад каровінага вымя, як за дзецьмі, трэба гля-дзець ды глядзець.
Праверыўшы маладняк, цялятніца прыступае да чысткі кашары. Перад ранішняй раздачай кармоў, меншых цялят выпойвае з вядра малаком. Затым больш сталаму маладняку раздае сянаж, які нарыхтоўваўся спецыяльна для іх. Перад абедам дадае кормасумесь, а вечарам у рацыён пападаюць канцэнтраты.
Жанчына расказвае, што прытрымліваецца тэхналогіі кармлення і ўважліва сочыць за станам здароўя маладняка. Калі заўважае нешта нядобрае, адразу звяртаецца да ветфельчара, каб той тэрмінова прыняў неабходныя меры.
– Галоўная мая задача – гэта тройчы ў дзень удосталь накарміць і напаіць жывёлін. Сачыць, каб цяляткі ўтрымліваліся на глыбокім падсціле, да якога адзін раз у два дні дабаўляю салому. Жывёлінкі ў мяне ладныя, укормленыя, – дадае жанчына.
Сапраўды, паназіраўшы, як хутка і спрытна спраўляецца гераіня са сваімі абавязкамі, разумееш, што сваю працу жывёлавод ведае дасканала і адносіцца да яе з поў-най адказнасцю. Невыпадкова, што смяротнасці сярод маладняка на сельгаспрадпрыемстве не назіраецца.
За сваю працавітасць Святлана Дзмітрыеўна карыстаецца павагай сярод землякоў. Прыехала жанчына на Петрыкаўшчыну з Украіны, Івана-Франкоўскай вобласці сорак гадоў таму. Будучы муж праходзіў там службу ў радах, тады яшчэ, Савецкай Арміі, і пасля яе заканчэння прывёз дзяўчыну ў Палескі край. За гады жыцця Петрыкаўшчына стала родным домам. Тут гераіня абжылася, уладкавала побыт, нарадзіла дачку і сына. Дзеці атрымалі годную адукацыю і засталіся працаваць у родных мясцінах. Дачка Валянціна – настаўнік мясцовай школы. Сын Анатоль працуе ў Лучыцкім лясніцтве. Падрастаюць пяцёра ўнукаў.
– Я нічога не хачу мяняць у сваім жыцці, – ужо развітваючыся, сказала жывёлавод. – Наогул, не люблю змены. Вёска і мясцовыя жыхары падабаюцца, нажыла добраўпарадкаваны дом, дзеці і ўнукі радуюць. Ёсць работа, якая прыносіць мне задавальненне і ёсць адчуванне стабільнасці. Што яшчэ трэба?

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о