Гісторыя сям’і – гісторыя Перамогі

0
173

У мэтах захавання гераічнай спадчыны беларускага народа, грамадзянскага і патрыятычнага выхавання моладзі, ва ўстановах адукацыі раёна прайшоў конкурс “Гісторыя сям’і – гісторыя перамогі”. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі ваенны камісарыят Петрыкаўскага раёна, раённы цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі. Журы вызначаны пераможцы па дзвюх прапанаваных намінацыях.

Гісторыя сям’і – гісторыя Перамогі
Вучань і педагог перакананы: франтавыя рэліквіі часоў Вялікай Айчыннай маюць асаблівую ўласцівасць: чым больш гадоў аддаляюць нас ад крывавых саракавых, тым большую каштоўнасць набываюць рэчы ў сем’ях франтавікоў

Дзевяцікласніца Мышанскай сярэдняй школы Варвара Галкіна, пераможца конкурсу ў намінацыі “Пра што расказваюць сямейныя рэліквіі” не хавае: вывучэнне дакументаў і ўзнагарод прадзеда, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Мікалая Селіверставіча Альхімовіча, пакінула ў душы незабыўны след.
– Да нядаўняга часу я мала што ведала пра гераічнае мінулае сваяка, – дзеліцца дзяўчына. – Аднойчы бабуля перабірала рэчы ў сваім куфары. Маю ўвагу прыцягнуў скрутак, беражліва загорнуты ручніком. Раней, калі мы былі маленькімі, бабуля расказвала пра тыя, як яна называла, “скарбы”, што былі ў ім загорнутыя. Але ці то ад недахопу часу, ці адсутнасці цікавасці – слухалі няўважліва. Ды і бабуля не настойвала, казала, што ўсяму свой час. Пазней я даведалася, што ў скрутку ні што іншае як сямейныя рэліквіі – дакументы, узнагароды яе бацькі часоў вайны.
Так, пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі і грамадазнаўства Таццяны Васілец, Варвара пачала вывучаць трагічныя старонкі жыцця свайго прашчура. Пачалося даследаванне з пажоўклага ліста ад камандзіра часці, чырвонаармейскай кніжкі, даведак пра раненні, потым былі вывучаны архіўныя матэрыялы з сайта “Памяць народа.ру”.  Паступова вымалёўваўся баявы шлях героя, які падчас вайны быў накіраваны на ваенную службу ў састаў Прыбалтыйскага фронту як аўтаматчык 1-га стралковага батальёну. Салдат удзельнічаў у вызваленні не толькі Беларусі, але і Латвіі, Літвы, Эстоніі, Польшчы. Быў цяжка паранены: медыкам прыйшлося ампутаваць галёнку правай нагі.
“Калі ў мяне будуць свае дзеці, я раскажу ім пра ваеннае мінулае нашай сям’і і перадам дадзеныя рэліквіі – агеньчыкі нашай памяці. Бо толькі ад нас залежыць, наколькі яны будуць яркімі”, – упэўнена пераможца конкурсу.
Прысвяціў працу свайму прадзеду, Фёдару Уладзіміравічу Жогалю, і дзевяцікласнік Брынёўскай сярэдняй школы Павел Краўчэня, пераможца ў намінацыі “Сувязь пакаленняў – гісторыя ў фотаздымках”. Першым чалавекам, які завочна пазнаёміў яго з лёсам прадзеда была яго прабабуля. Юнак, сумесна з намеснікам дырэктара па асноўнай дзейнасці Наталляй Аўрамец, больш глыбока даследаваў гэтыя ўспаміны, каб прасачыць ваеннае жыццё савецкага воіна.

Гісторыя сям’і – гісторыя Перамогі
“Любоў да Радзімы перадаў мне ў спадчыну мой прадзед, які ў пачатку вайны аставіў маладую жонку і пайшоў абараняць сваіх будучых дзяцей, унукаў, праўнукаў – будучыню краіны”

– Доўгім і цяжкім быў шлях майго прадзеда да Перамогі. У пачатку службы ён быў адпраўлены на курсы вайсковых камандзіраў, а ў 1941 годзе прызначаны камандзірам гарматы. Спачатку быў Калінінскі фронт, дзе ён быў камандзірам узвода, а затым – Прыбалтыйскі, – дзеліцца Павел. – Прадзед быў цяжка паранены ў Латвіі і амаль цэлы дзень праляжаў на полі бою. Яго падабрала латвійская сям’я і некалькі дзён лячылі. Перамогу ён сустрэў у Берліне, распісаўся на сцяне Рэйхстага. Быў сведкам, калі над галоўным будынкам Германіі ўзвіўся сцяг Чырвонай Арміі. Браў удзел у парадзе Перамогі ў Маскве на Краснай плошчы.
Навучэнец прызнаецца: кожны раз, калі разглядае фатаграфіі савецкіх салдат каля будынка Рэйхстага, спрабуе знайсці твар свайго прадзеда. І што прыемна, сваякі не пакінулі традыцыю сустракацца на Радаўніцу у доме, пабудаваным прашчурам пасля вайны.
Вось такую ​​годную справу правялі нашы юныя землякі са сваімі педагогамі. Гісторыя аднаго ветэрана, як пясчынка. Збярэцца іх шмат і атрымліваецца нешта адзінае, вялікае – гісторыя нашай Радзімы.

Святлана СОБАЛЕВА.
Фота з архіваў Мышанскай, Брынёўскай сярэдніх школ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о