Судом Петрыкаўскага раёна разгледжана крымінальная справа ў дачыненні жыхаркі вёскі Камаровічы па частцы 1 артыкула 139 КК Рэспублікі Беларусь (забойства).
Абвінавачанай ставілася ў віну, што яна ў ноч на 25 верасня 2021 года, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, з асабістага непрыязнага стаўлення да пацярпелага, дзейнічаючы з намерам, накіраваным на супрацьпраўнае пазбаўленне жыцця апошняга, нанесла яму 2 удары нажом у вобласць грудной клеткі, прычыніўшы цяжкія цялесныя пашкоджанні, ад якіх ён памёр на месцы здарэння.
Следствам устаноўлена, што абвінавачаная і пацярпелы раней жылі разам і вялі сумесную гаспадарку. Пазней адносіны паміж імі сапсаваліся і яны сталі жыць асобна. На працягу апошняга года абвінавачаная неаднарозова звярталася ў Петрыкаўскі РАУС з паведамленнямі пра крадзеж з яе дома маёмасці і пастаянна падазравала ў гэтым свайго сужыцеля. Па выніках разбіральніцтва яе довады часткова падцвярджаліся і апошні прыцягваўся да прадугледжанай законам адказнасці.
У канчатковым выніку, абвінавачанай усё гэта надакучыла і яна вырашыла забіць свайго сужыцеля, учыніць над ім самасуд. Выпіўшы ў начны час спіртнога, абвінавачаная ўзяла нож і пайшла да месца жыхарства пацярпелага, які на той момант спаў. Разбудзіўшы яго, яна адразу ж нанесла нажом два ўдары ў вобласць грудной клеткі, ад чаго той упаў на падлогу і памёр. Пасля гэтага жанчына пазваніла ў міліцыю і расказала пра тое, што здарылася.
У ходзе папярэдняга следства абвінавачаная віну ў здзяйсненні інкрымініруемага злачынства прызнала ў поўным аб’ёме. Шкадаванняў наконт здарэння не выказала і лічыла, што зрабіла правільна.
Прысудам суда Петрыкаўскага раёна ад 15 сакавіка 2022 года яна асуджана да пакарання ў выглядзе 7 гадоў пазбаўлення волі.

Сяргей ТАБОЛІЧ,
пракурор раёна саветнік юстыцыі.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о