Сакрэт поспеху – у сістэматычнай рабоце

0
686

У першую нядзелю кастрычніка мы віншуем з прафесійным святам нашых любімых настаўнікаў – выдатных людзей, якія падарылі нам не толькі веды, а і любоў. Іх праца – гэта самае сапраўднае прызванне, да якога трэба падыходзіць толькі з адкрытым сэрцам і ўсёй дабрынёй душы.

Марыя Буднік – наша сёняшняя гераіня – як раз з такіх. Працавітых, апантаных, творчых, улюбленых у сваю працу. Сёлета настаўніца геаграфіі Курыціцкай сярэдняй школы адзначае 25 гадоў працоўнага стажу. За гэтай лічбай – гады штодзённай працы, самаадукацыі, напрацоўкі метадычных матэрыялаў, гэта час узлётаў і падзенняў, але шмат у чым – атрымання асалоды ад вынікаў вучняў, калі іх старанні ўвянчаліся поспехам.

“Яшчэ ў школе я зразумела, што хачу быць настаўнікам. А вось з прадметам вызначылася крыху пазней, – пачала Марыя Іванаўна нашу гутарку. – Мая настаўніца геаграфіі Валянціна Каледа была прыкладам для пераймання, яе ўрок быў адным з любімых, так я і вырашыла ў 11 класе, што буду паступаць на географа”.

Марыя Іванаўна скончыла Курыціцкую сярэднюю школу з залатым медалём. У яе была магчымасць выбраць любую ВНУ і яна паступіла ў Гомельскі ўніверсітэт імя Францыска Скарыны на геолага-геаграфічны факультэт.

Сакрэт поспеху –  у сістэматычнай рабоце

“Заканчвала ўніверсітэт я ўжо завочна, бо выйшла замуж і нарадзіла дзіця. Па размеркаванні трапіла ў наш раён. 15 год адпрацавала ў Залескай сярэдняй школе. А ў 2014 годзе перайшла ў родную, Курыціцкую школу”, – працягнула Марыя Іванаўна.
Сёння наша гераіну выкладае геаграфію з 6 па 11 клас. А ў 5 вядзе вучэбны прадмет “Чалавек і свет”.
У скарбонцы ўзнагарод вучняў нашай суразмоўцы дыпломы розных узроўняў алімпіяднага руху.

“Поспехі маіх вучняў – гэта мой уласны поспех. Падрыхтаваць дзіця да ўдзелу ў алімпіядзе дорага каштуе. Апроч таго, што вучня трэба зацікавіць прадметам, трэба яму падрыхтаваць сур’ёзную літаратуру для вывучэння.

Хачу адзначыць плённую працу ў вывучэнні прадмета Мікалая Рабчанкі, які станавіўся пераможцам заключнага этапу абласной алімпіяды па геаграфіі на працягу двух навучальных сезонаў 2022 і 2023 гадоў, Паўла Фалеева – пераможцы раённага этапу абласной алімпіяды трох сезонаў: 2021, 2022, 2023 гадоў, Аляксея Налецькі – пераможцы раённай алімпіяды 2022 года.

Таксама вучні Ангеліна Яцук (у 2022) і Павел Фалееў (у 2023 годзе) сталі пераможцамі абласнога этапу турніру “Юны географ” у складзе зборнай раёна. Аліна Хаменя атрымала дыплом ІІ ступені на абласным этапе рэспубліканскай экалагічнай акцыі “Сцяжынкамі Бацькаўшчыны”, а Анастасія Піскун – дыплом ІІІ ступені на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу па азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторый”.

Не толькі перамогамі сваіх вучняў можа пахваліцца Марыя Буднік, але і ўласнымі. У 2020 годзе настаўніца стала пераможцай рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Педагагічны форум ідэй”.

Марыя Іванаўна рэалізавала сябе не толькі на педагагічнай ніве, яна таксама шчаслівая жонка і маці. А ў вольны ад працы час вырошчвае кветкі.

На пытанне, у чым сакрэт педагагічнага поспеху, Марыя Іванаўна адказала так: “Імкненне настаўніка да самаадукацыі. Прызнаюся, што вызначаю, ці будзе ў вучня вынік, ужо ў пятым класе, калі мы толькі пранікаем у свет геаграфіі. Па адказах дзяцей магу зразумець, хто з іх зацікаўлены, а хто не. Сама ж увесь час вывучаю дадатковы матэрыял. Рыхтую цікавыя задачы, якія мы можам разабраць на ўроку. Падапечным падаю і візуальны матэрыял: фота і відэа, прэзентацыі. Важна дэталёва правяраць у дзяцей хатнія задачы, замацоўваць матэрыял паўтарэннем і самастойнымі работамі. Упэўнена, што сакрэт поспеху крыецца ў сістэматычнай рабоце тандэму настаўнік-вучань”.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о