Родны мой горад, любоў мая…

0
2069

Петрыкаў – ціхае і ўтульнае мястэчка, адзін са шматлікіх малых гарадоў Беларусі. Люблю свой горад, у ім я нарадзіўся і жыву. Тут адчуваю сябе часткай роднай Беларусі, я датычны да яе гісторыі, запаветных мясцін. Кожны куток захоўвае ў сабе таямніцы мінулага, і гэтыя таямніцы мне захацелася пазнаць.

Гарадскія назвы – гэта мова, на якой размаўляе горад Петрыкаў. Ведаючы гэтую мову, можна атрымаць звесткі пра самую сутнасць жыцця райцэнтра, зразумець, чым жылі яго жыхары некалькі стагоддзяў таму. Мяне зацікавіла паходжанне назваў, у якіх заключана мінулае і сучаснасць майго горада, чуецца голас роднай зямлі. У маіх пошуках мне дапамаглі землякі-старажылы і мае настаўнікі.

Белка – былая вёска з аднайменнай назвай. Цяпер – мікрараён Белка. Назва паходзіць ад мясцовасці, размешчанай на белых кварцавых пясках.

Белыя пяскі – мясцовасць на правым беразе ракі Прыпяць. Назва паходзіць ад характарыстыкі мясцовасці.

Беркава гара размешчана за паромам па левым баку па кірунку да вёскі Вялаўск.

Балонне – паўднёвая ўскраіна горада ў пойме ракі Прыпяць. У старарускай мове слова “балонь” абазначала нізіннае месца, залітае вадой ці нізіннае прырэчча.

Ваенны гарадок – заходняя ўскраіна горада, дзе пражывалі вайскоўцы са сваімі сем’ямі.

Гарыцы – мясцовасць на паўночным захадзе ад горада Петрыкава з правага боку ад дарогі да вёскі Капцэвічы. Гэта назва-тэрмін, абазначае ўзгорыстую мясцовасць, якая ўзвышаецца над багністымі нізінамі.

Каленікі – усходні раён горада да гарадскіх могілак. Назва звязана з прозвішчам Каленік. Людзі з дадзеным прозвішчам і ў наш час сустракаюцца ў гэтым раёне.

Карабейкава гара – спуск у пойму ракі Прыпяць з вуліцы Піянерская. Назва звязана з прозвішчам мясцовых жыхароў Карабейкі.

Калгас – паўночна-заходняя частка горада, дзе раней размяшчаліся жывёлагадоўчыя фермы, цяпер жа толькі сельскагаспадарчыя ўгоддзі.

Касцёльная гара – спуск ад вуліцы Юрыя Гагарына да поймы ракі Прыпяць. На месцы былой танцпляцоўкі, цяпер амфітэатра быў драўляны касцёл, што і дало назву гары. Тамсама тут знаходзіцца раённы Дом культуры.

Родны мой горад, любоў мая…

Лапецін востраў – пясчаная каса, размешчаная паміж возерам Старык і ракой Прыпяць. Назва звязана з распаўсюджаным прозвішчам Лапета.

Маёўка – луг насупраць пляжу, куды звычайна ездзілі адпачываць жыхары горада на Сёмуху.

МТС – паўночная частка горада, дзе знаходзіліся майстэрні саўгаса.

Нарсудаўская гара – спуск ад вуліцы Ліпунова да ракі Прыпяць. Яна пачыналася ад старога будынка суда.

Мікалаеўская гара – спуск да ракі ад вуліцы Ленінская. Назва паходзіць ад размешчанай побач Мікалаеўскай царквы.

Цагельны – паўднёва-заходняя ўскраіна горада. У гэтым раёне знаходзіцца былы цагельны завод.

Рубецкая вуліца – старая назва вуліцы, якая вядзе ад калгаса да вёскі Рубча, дзе размяшчаліся раней могілкі.

Сплаў – паўднёвая частка горада ля ракі Прыпяць, па якой раней сплаўлялі лес.

Сцяпанкавае поле – поле па дарозе да вёскі Слабада. Назва звязана з імем землеўладальніка.

Старая Муляраўская – старая дарога на Муляраўку, некалі была брукаваная каменем.

Судаверф – паўднёвая частка горада, створаная на насыпной дамбе, дзе размешчаны суднарамонтны завод.

Пятак – цэнтр горада Петрыкава, дзе размяшчалася рынкавая плошча і куды сыходзіліся вуліцы горада. Тут традыцыйна збіраліся паразмаўляць гараджане, прызначаліся сустрэчы.

Явары – старая назва гарадскіх могілак. Назва звязана з расліннасцю. (Явар – белы клён).

Гісторыя нашага горада цесна звязана з нашым жыццём і нашым мінулым. Чалавечая мудрасць абвяшчае: “Толькі тая краіна, у якой людзі памятаюць пра сваё мінулае, вартая будучыні”.

Гэтае маленькае даследаванне я прысвячаю 500-годдзю роднага горада, які ўпершыню згадваецца ў летапісах у далёкім 1523 годзе.

Мікіта ЧЫРЫЧ,
вучань 10 “Б” класа сярэдняй школы № 2
г. Петрыкава.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о