Захаваем гісторыю разам

0
424

Ужо традыцыйным у Петрыкаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі стала правядзенне акцыі “Падары музею экспанат”, якая аб’ядноўвае жыхароў раёна, неабыякавых да гісторыі роднага краю.

Захаваем гісторыю разамКолькі разоў, выкідваючы старую рэч, у глыбіні душы мы шкадуем яе, згадваючы цёплыя ўспаміны, звязаныя з ужо непатрэбным прадметам. Але, стаўшы музейным экспанатам, гэтая рэч атрымае новае жыццё, стане часцінкай музейнай калекцыі.
У рамках акцыі “Падары музею экспанат” установа культура прымае ў дар рэчы сялянскага побыту, посуд, галаўныя ўборы, вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, акцябрасцкую, піянерскую і камсамольскую атрыбутыку савецкай эпохі, рэдкія кнігі і дакументы, старыя фатаграфіі, значкі, манеты, рэчы з ужытку людзей, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё нашага горада, раёна, вобласці. Усё гэта можа быць прадстаўлена на выставах і ў экспазіцыях музея!

Неабыякавасць жыхароў Петрыкаўшчыны дапаможа не толькі разнастаіць музейныя калекцыі і адчуць дачыненне да гісторыі роднага краю, але і будзе садзейнічаць папулярызацыі музейнай справы ў нашым горадзе і раёне, што, безумоўна, станоўча паўплывае на патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення.

Дзякуючы акцыі ў 2022 годзе фонд нашага музея значна папоўніўся ўзорамі адзення, цацкамі, манетамі, дакументамі, паштоўкамі, значкамі савецкага перыяду і знакамі “Пераможца сацспаборніцтваў”, медалямі ўраджэнцаў Петрыкаўшчыны. Сёння ў фондзе музея налічваецца 1966 адзінак захоўвання асноўнага фонду і 13590 адзінак навукова-дапаможнага фонду.
Акцыя ажыццяўляецца на працягу ўсяго года і прысвечана сёлета тром адметным падзеям: 85-годдзю ўтварэння Гомельскай вобласці, 500-годдзю з дня першай згадкі пра Петрыкаў у “Актах Літоўска-Рускай дзяржавы” і Году міру і стварэння. Будзем радыя бачыць вас з адметнымі рэчамі, што выйшлі з ужытку, але дарагія як своеасаблівы помнік эпохі. Давайце захоўваць гісторыю разам!

Галіна ЗАНКЕВІЧ,
навуковы супрацоўнік музея.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о