Прыемная сустрэча

0
405

Бліз дарогі ў наваколлі вёскі Людзвіноў мы сустрэлі пару вось такіх лясных жыхароў.

Казуль часцяком называюць аленямі ў мініяцюры. Яно і не дзіва: гэтыя жывёлы разам з сваімі больш буйнымі рагатымі суседзямі складаюць адно сямейства аленевых. Недасведчаныя мінакі адрозняць маленькую дзікую казу – менавіта так гэтага звера называюць у прастамоўі, хіба што па вельмі кароткім, амаль нябачным хвасце.
Складана распавесці пра гэтую жывёліну нешта новае. Казуля – даволі звыклы для нашай прыроды лясны жыхар і, пэўна, кожнаму земляку пашчасціла бачыць яе ў лясах ці на палетках, але што нясе сама сустрэча з гэтым зверам? Мы назбіралі для вас, паважаныя чытачы, некалькі прыкмет.

Прыемная сустрэча

Лічыцца, што пабачыць спакойную казулю, якая пасвіцца ці здабывае харчаванне на ўзлеску – да добрага самаадчування. Назіранне статку ўвогуле абяцае вялікі поспех, а калі заўважылі казлянят – чакайце ў бліжэйшы час павольнага адпачынку ад мітуслівай надзённасці.

Незамужняй дзяўчыне казуля прадракае спаткаць свой лёс, але толькі ў тым выпадку, калі жанчына не спужае лясную прыгажуню і, адпаведна, сваё шчасце.
Калі жывёла імчыцца па лесе, то гэта прадказвае для назіраючага з’яўленне ў жыцці новых станоўчых магчымасцяў.

Пабачылі звера, што нясецца паабапал дарогі ў тым жа напрамку, плануйце свае справы ўдумліва, узважце кожны крок. У адваротным выпадку неабачлівасць і спешка могуць прывесці да кепскага выніку.

А вось калі казуля перайшла вашую дарогу – чакайце непрыемнасцей. Некаторыя людзі нават прапануюць прыпыніць шпацыр і накіравацца туды, адкуль крочылі. У любым выпадку асаблівая пільнасць пасля такой сустрэчы з рагатым зверам не будзе залішняй.

Калі вы пабачылі ляснога жыхара ў сне – прааналізуйце лад свайго жыцця. Хутчэй за ўсё вы ўзялі вельмі шпаркі тэмп і арганізм патрабуе такім чынам перапынку, каб не падарваць здароўе і псіхалагічны стан.
Ці варта звяртаць увагу на гэтыя прыкметы? Вырашаць толькі вам, паважаныя чытачы. Што да мне, то магу адзначыць адно: калі бачыш на ўлонні прыроды якую-небудзь пералётную птушку ці жывёлу – добры настрой да канца дня забяспечаны.

Назіраў за казулямі і цікавіўся прыкметамі Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о