Паглядзіце, якую прыгожую кампазіцыю ў холе раённага Дома культуры стварылі мясцовыя майстры з нагоды прафесійнага свята аграрыяў.

Сустракаць гасцей годна!

Як паведаміла майстар народных мастацкіх промыслаў Петрыкаўскага раённага Дома рамёстваў Валянціна Фалеева, на стварэнне ўсіх кампазіцый для раённага свята і абласных Дажынак, што праходзяць сёння ў гарадскім пасёлку Акцябрскі, спатрэбілася каля двух тыдняў. “Але калі ўлічваць увесь час, пачынаючы з распрацоўкі канцэпцыі і працягваючы стварэннем эскізаў, то рыхтавацца мы пачалі прыкладна месяц таму. Працаваў увесь калектыў. Спачатку мы выказвалі свае прапановы, абмяркоўвалі агульную ідэю, а потым кожны майстар працаваў над сваёй часткай нашай агульнай работы”.

Для твора выкарыстоўваліся матэрыялы прыроднага паходжання: дрэва, тканіна, салома розных злакаў, сухія суквецці, садавіна і гародніна. Як адзначылі спецыялісты, нягледзячы на тое, што Дом рамёстваў штогод з’яўляецца ўдзельнікам разнастайных тэматычных выстаў, недахопу ідэй для новых інсталяцый калектыў не адчувае, бо іх падказвае прыгажосць нашай прыроды, ды і ўвогуле, народная творчасць – невычэрпная крыніца натхнення.

Майстры адзначылі, што галоўнае ў іх працы – адказнасць і настрой, а нагода прафесійнага свята працаўнікоў аграпрамысловага комплексу – магчымасць аддзячыць нашым працаўнікам сельскай гаспадаркі за іх нялёгкую працу.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о