Ужо не першы раз мы накіроўваемся на ферму “Турок”, якая спецыялізуецца па вырошчванню маладняку. Падстава зноў прыемная: пазнаёміцца з перадавіком вытворчасці, добрасумленнай працаўніцай, цялятніцай Галінай Марозька.
Галіна Міхайлаўна завіхаецца каля сваіх падапечных. Іх у яе трыста дваццаць ва ўзросце ад аднаго месяца да чатырох. Напрацягу ўсяго дня яна каля цялят: накарміць, напаіць, падаслаць, каб было цёпла і суха, паназіраць за станам здароўя, каб у час аказаць неабходную дапамогу.

Працай згартаваная

– Цялята, як дзеці, любяць ласку і клопат. Таму я стараюся не толькі іх дагледзець, але і прылашчыць, – пачынае размову сельгаснік. – Заўважаю, што жывёліны нават памятаюць мой голас, на які адгукаюцца. І, здаецца, пазнаюць мяне па кроках.
Ды і як жа іначай, калі Галіна Міхайлаўна на ферме працуе ўжо пятнаццаць год.
Пасля заканчэння Гомельскага СПТВ з дыпломам повара была накіравана на адпрацоўку ў Светлагорск. У горадзе абжывацца не захацела, бо было моцнае жаданне мець уласны зямельны ўчастак. Пасля адпрацоўкі належнага тэрміну вярнулася на малую радзіму ў вёску Вышалаў. У хуткім часе згуляла вяселле з былым аднакласнікам. Кіраўніцтва мясцовага сельгаспрадпрыемства прапанавала пайсці да іх на працу. Згадзілася. Маладая сям’я атрымала жыллё ў вёсцы Галубіца, якое прызначалася сельгаснікам. Прызвычаілася да работы. Як узгадала мая суразмоўца, акрамя сельскай гаспадаркі іншага занятку не шукала.

Працай згартаваная– Колісь, як толькі пачынала “знаёміцца” з асаблівасцямі догляду цялят, усё даводзілася рабіць уручную, але нічога, спраўлялася, хоць і цяжка было, і рукі балелі, – працягвае гераіня. – У сучаснасці працаваць адно задавальненне. Тры гады таму прадпрыемства набыло “Электраматулю” – абсталяванне, якое самастойна стэрэлізуе і падаграе малако для кармлення. Нават гранулеваны камбікорм, якім падкормліваю жывёлін, ужо збалансаваны ўсімі неабходнымі дабаўкамі.
– З цялятніцай нам і сапраўды пашанцавала, – уступіла ў гутарку брыгадзір вытворчай брыгады Таццяна Пісарэнка. – На яе можна спадзявацца ў самых складаных сітуацыях і быць упэўненай, што не падвядзе, не спалохаецца цяжкасцяў і не пройдзе абыякава праз неахайнасць і нядбайнасць.

Калегі “па цэху” кажуць, што Галіна Міхайлаўна – сяброўка верная, надзейная, а гаспадыня – дбайная і руплівая. Трымае сваю гаспадарку: мае каня, вырошчвае коз. З прысядзібнага ўчастка свая агародніна. Паліцы ў склепе застаўлены слоікамі з кансервацыяй. Як у народзе кажуць пра такіх жанчын – працай згартаваныя.
За гады сваёй дзейнасці мая суразмоўца ганаравана самымі рознымі ўзнагародамі. Але самай важнай заўсёды называе сваіх дзяцей. Іх у жанчыны чацвёра. Яўген – адзіны сын, працуе кіроўцам на Петрыкаўскім горнаабагачальным камбінаце, дзве дачкі пасля атрымання вышэйшай адукацыі працуюць на Петрыкаўшчыне: Паліна – заатэхнік СУП “Палесе-Аграінвест”, Таццяна – супрацоўнік аддзела па грамадзянству і міграцыі. Малодшая Вольга рыхтуецца для паступлення ў вышэйшую навучальную ўстанову і з’яўляецца першай памочніцай маці па гаспадарцы. Падрастае ўнучка Сафія.
– Што ж з’яўляецца стымулам у рабоце, дапамагае спраўляцца з цяжкасцямі? – цікаўлюся ў завяршэнні размовы ў жанчыны. І яна, не разважаючы, адказвае: – Вядома, падтрымка сям’і, дзяцей. А яшчэ адказнасць перад людзьмі, якія табе дапамагаюць і давяраюць.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о