Сёння, 29 кастрычніка, супрацоўнікі Дэпартамента аховы адзначаюць сваё прафесійнае свята.  Больш за тое, структуры сёлета спаўняецца 70 гадоў. Пра тое, якімі якасцямі трэба валодаць, каб забяспечваць маёмасную бяспеку і грамадскі парадак землякоў мы пагутарылі з міліцыянерам групы затрымання Петрыкаўскага аддзялення дэпартамента аховы сяржантам Анатолем Занкевічам.

Аповед маладога чалавека пачынаўся традыцыйна: шэсць гадоў таму ўраджэнец Петрыкава скончыў школу і паступіў у Гомельскі гандлёва-эканамічны каледж на спецыяльнасць тэхнік-праграміст. “Ужо ў час навучання я пачаў разумець, што работа ў сферы IT вызначае пэўны лад жыцця, які, кажучы шчыра, мне не зусім падыходзіў. Не магу сказаць, што быць праграмістам – не маё, але хацелася, магчыма ў сілу маладосці, паспрабаваць сябе недзе яшчэ. Ужо тады я пачаў прыглядацца да Дэпартамента аховы, але на той момант кандыдаты на працаўладкаванне абавязкова павінны былі адслужыць у арміі”, – адзначыў Анатоль Занкевіч.

Пасля заканчэння каледжа хлопец быў прызваны на тэрміновую службу ў гомельскую вайсковую часць № 5525 Унутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь з чаго і пачаўся лёсавызначальны ланцужок падзей. Маладому чалавеку патэлефанавалі і прапанавалі паспрабаваць сябе ў якасці кандыдата на службу ў Дэпартамент аховы.

Выбар быў не складаны, тым больш, што армія пакінула ў жыцці Анатолія Пятровіча станоўчыя ўражанні. Па прызнанні суразмоўцы, “касіць” нават і думкі не з’яўлялася. Ну а з цягам часу прыйшло разуменне каштоўнасці і карыснага размеркавання ўласнага часу, павагі да таго, колькі зрабілі бацькі для належнага выхавання і камфортнага жыцця, пачуццё дысцыпліны. Адметную ролю адыграла і тое, што патруліраванне вуліц абласнога цэнтру, з аднаго боку дапамагло ўсвядоміць каштоўнасць службы для грамадства, а з другога паказвала, як  стваральна змяняецца навакольнае жыццё пад мірным небам. Пэўна, з-за гэтага Анатолій і абраў прафесію чалавека ў пагонах, каб быць карысным сваёй прафесіяй соцыуму.

“Вядома, пасля службы ва Унутраных вайсках былі варыянты паспрабаваць сябе ў больш вялікім горадзе, але мне бліжэй родны Петрыкаў. Тут мае бацькі, блізкія, сябры. Тут я многіх ведаю і добра адчуваю плюсы нашага невялікага райцэнтра, сярод якіх найгалоўныя – утульнасць і спакой”.

Нягледзячы на даволі жорсткія патрабаванні да кандыдатаў на службу, Анатолій Занкевіч паспяхова вытрымаў усе іспыты і стаў супрацоўнікам аховы. У гутарцы ён прызнаўся, што сярод яго знаёмых былі людзі, што таксама жадалі працаўладкавацца ў Петрыкаўскае аддзяленне Дэпартамента, але не прайшлі медагляд ці не здалі нарматывы.

– Падрастаючаму пакаленню я шчыра пажадаю з маленства клапаціцца пра сваё здароўе. Выдатна, калі дапамагаць арганізоў-ваць здаровы лад жыцця будуць бацькі. Зараз многія падлеткі свядома абіраюць пажаданыя прафесіі і ўпарта рыхтуюцца па адпаведных дысцыплінах для паступлення. Гэта цудоўна, але чамусьці мала хто звяртае ўвагу на належны стан здароўя. Вядома, далёка не ў кожнага прафесія будзе звязана з нагрузкамі, але быць фізічна развітым і актыўным, мяркую, варта кожнаму, – адзначыў Анатолій Занкевіч.

Працай у аддзяленні Дэпартамента аховы малады чалавек задаволены. Тое, што звонку здаецца складаным: праца па зменах у начны час, адказнасць і пэўныя моманты небяспекі – здаюцца Анатолію звыклымі. “Сярод станоўчых момантаў, якімі я мог бы ахарактарызаваць сваю службу, адзначу як раз дысцыпліну. Так, мы часам павінны хутка прымаць рашэнні і дзейнічаць зыходзячы з абстаноўкі, але ў гэтым дапамагаюць доўгатэрміновыя і карпатлівыя трэніроўкі. Тым больш, што калектыў наш вельмі зладжаны, ніхто ніколі ў парадзе ці дапамозе не адказваў”.

У вольны час Анатолій Занкевіч дапамагае бацькам, бо ў прыватнай сядзібе, як з усмешкай адзначае мужчына, у добрага гаспадара будоўлям і рамонтам канца не відаць. Акрамя гэтага малады чалавек цікавіцца тэхнікай, а на машыне часам выпраўляецца ў падарожжы па Петрыкаўшчыне.

Слухаючы адказы і разважанні адносна жыцця і лёсу, назіраючы паслядоўнасць у светапоглядзе, становіцца зразумела, чаму гэты актыўны чалавек абраў службу перад прафесіяй праграміста, чаму вабіць яго родны край перад перспектывамі вялікіх гарадоў. Няхай усё ў Анатолія Занкевіча і надалей складваецца добра, а мы віншуем яго і яго калег з прафесійным святам!

Арцём ГУСЕЎ,

фота Святланы СОБАЛЕВАЙ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о